Дапамагчы дзіцяці стаць шчаслівым

- 10:32Людзі адукацыі

Расказваючы журналістам пра асновы сваёй педагагічнай філасофіі, пераможца Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года-2014” у намінацыі “Пачатковыя класы” Святлана Мацулевіч узгадала словы знакамітага Бруса Лі: “Настаўнік не адкрывае ісцін — ён праваднік ісціны, якую кожны вучань павінен адкрыць для сябе сам”. А значыць, ён павінен быць бездакорным прыкладам ва ўсім — тым самым, па якім чалавек падсвядома будзе звяраць свае словы і ўчынкі ўсё жыццё. Мудрым, справядлівым, эрудзіраваным, патрабавальным, спагадлівым, бясконца шчодрым на душэўную цеплыню.

Скарбонка прафесійных здзяйсненняў педагога больш чым уражвае: Святлана Усцінаўна — трэнер каманды-пераможцы Рэспубліканскага конкурсу крэатыву “Адысея розуму”, аўтар лепшага відэаўрока па выніках абласнога конкурсу метадычнага майстэрства настаўнікаў, прызёр Рэспубліканскага з міжнародным удзелам конкурсу адукацыйных вэб-квестаў, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, уладальнік багатай калекцыі дыпломаў, падзяк і грамат рознага ўзроўню. Некалькі пакаленняў юных глыбаччан з любоўю называюць настаўніцу сваёй другой мамай — гэты давер і прызнанне дзяцей яна лічыць сваім найвышэйшым дасягненнем.
— Вучоба — нялёгкая праца, — упэўнена Святлана Мацулевіч. — Няпроста навучыць дзяцей асноўным навыкам атрымання і назапашвання ведаў. Яшчэ цяжэй сфарміраваць уменні дзейнічаць у стандартных і нестандартных сітуацыях, перамагаць у сабе страх няправільнага адказу або дрэннай адзнакі. Прыходзячы ў першы клас, дзеці ў пераважнай большасці не баяцца вучыцца, нават на ўласных памылках. Бяда ў тым, што дарослыя — як педагогі, так і бацькі, сям’я — таксама ў пераважнай большасці не гатовы знізіць кантроль, даць дзецям права на самастойнасць і адказнасць. У выніку вучань прыкладае ўсе намаганні не да набыцця ведаў, а да атрымання высокай адзнакі, найперш каб дагадзіць дарослым, апраўдаць спадзяванні родных і не падвесці педагогаў, а таксама каб не адстаць у вучобе ад класа, не даць равеснікам падставы для кпінаў і насмешак. Задача настаўніка — “зламаць” гэтую сітуацыю, дапамагчы кожнаму дзіцяці знайсці сябе, раскрыць прыродныя задаткі, навучыць самастойна думаць і разважаць, ставіць перад сабой мэты і паслядоўна дасягаць іх, што, несумненна, садзейнічае фарміраванню пазітыўнай самаацэнкі вучня і росту яго асабістага “я”. Усё часцей прыходжу да высновы, што ў першую чаргу настаўнік павінен працаваць не столькі на вынік, колькі на перспектыву — каб дзеці ішлі ў школу не за адзнакай, а за ведамі, каб выходзілі са школы адкрытымі да зносін, матываванымі да далейшай работы і вучобы, свядомымі патрыётамі сваёй краіны. Дарэчы, менавіта малодшы школьны ўзрост у фарміраванні ўнутранага свету дзіцяці, сваёй пазіцыі, поглядаў на жыццё надзвычай адказны перыяд. Ролю настаўніка тут пераацаніць цяжка, яна, па сутнасці, вызначальная.
Святлана Мацулевіч — прадстаўніца педагагічнай дынастыі. Па ўспамінах нашай гераіні, з двухгадовага ўзросту яе часам пакідала на сваіх уроках маці, настаўніца матэматыкі, што для дзяўчынкі было найлепшым падарункам. З гадамі дзіцячая зацікаўленасць перарасла ў прафесійны інтарэс, і пытанне аб будучай прафесіі ніколі не паўставала: толькі настаўнік! А вось на выбар спецыялізацыі моцна паўплываў прыклад першай настаўніцы — Ганны Арсенцьеўны Агурэнь. Пасля заканчэння школы Святлана паступіла ў Полацкае педагагічнае вучылішча, затым — у Віцебскі педагагічны інстытут імя С.М.Кірава (зараз ВДУ імя П.М.Машэрава) на спецыяльнасць “Педагогіка і методыка пачатковага навучання”. Два гады працавала ў раённай гімназіі, больш за два дзясяткі гадоў — у сярэдняй школе № 3 Глыбокага. І ніколі не сумнявалася ў правільнасці выбранага шляху.
— Маленькім дзецям уласцівы незвычайная дабрыня, наіўнасць і адначасова мудрасць. Мае вучні для мяне як камертоны чыстай энергіі: я дакранаюся да іх і разумею, якой трэба быць, — прызнаецца Святлана Усцінаўна. — Не я іх вучу, а я ў іх вучуся. Таму, чым яны валодаюць, а мы, дарослыя, страцілі. Прызванне педагога — дапамагчы дзіцяці стаць шчаслівым. Калі хлопчык ці дзяўчынка шчаслівыя? Калі побач любячыя і любімыя тата, мама, добразычлівыя дарослыя, верныя сябры. Калі дзіця прымае сябе, адчувае сябе ў гармоніі з сабой, навакольным светам, людзьмі. Калі мае натуральную патрэбу ў развіцці і самаразвіцці. Гэта, відаць, галоўнае ў педагогіцы.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.