Дапамагчы дзіцяці змяніцца да лепшага

- 11:49Дашкольная адукацыя

“Псіхалогія прыйшла ў маё жыццё ў далёкім дзяцінстве, калі я гасцявала ў вёсцы ў бабулі (што было даволі часта). Па вечарах я любіла адпачываць і грэцца ў яе на печы, адкуль уважліва назірала за тым, што адбывалася дома, за ўзаемаадносінамі, якія складваліся ў сям’і, за тым, як дарослыя абмяркоўвалі і вырашалі свае штодзённыя пытанні. І давала сваю “незалежную” ацэнку ўбачанаму і пачутаму. Жаданне ўнікаць і разбірацца ў жыццёвых сітуацыях і праблемах людзей падштурхнула мяне да прафесійнага самавызначэння”, — успамінае педагог-псіхолаг ясляў-сада № 424 Мінска Марына Валянцінаўна Дзігрыс.

Марына Валянцінаўна вучы­лася ў педагагічным каледжы і педінстытуце, дзе самым цікавым прадметам для яе была псіхалогія. Яна атрымала спецыяльнасць выхавальніка дашкольнай адукацыі са спецыялізацыяй “псіхолаг ва ўстановах адукацыі”. Вучылася на вячэрнім аддзяленні, а днём працавала ў яслях-садзе № 424 Мінска. Пасля заканчэння інстытута на працягу 10 гадоў выкладала псіхалогію ў педагагічным каледжы. Але вярнулася ў 424-ы дзіцячы сад, дзе загадчыцай ужо 35 гадоў працуе Тамара Іванаўна Санько.

“Вывучэнне псіхалогіі дало мне каштоўнае ўменне спакойна адносіцца да жыцця, разуменне таго, што калі нешта не атрымліваецца, трэба спрабаваць яшчэ раз, пераадольваць сябе, не апускаць рукі, — гаворыць педагог. — Маім дэвізам у прафесіі і ў жыцці сталі глыбокія словы паэта Валянціна Сідарава: “Идущий — прав, на пик взошедший — прав, и даже прав, сорвавшийся с вершины. Не прав лишь тот, кто, зная о вершинах, стоит и медлит у подножья гор…”.

У яслях-садзе № 424 Мінска функцыянуюць 10 груп, з іх 4 спецыяльныя — тры групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення і адна для дзяцей з заіканнем. Сваю работу з дзецьмі Марына Валянцінаўна заўсёды будуе, зыходзячы з іх інтарэсаў. Прыйшоў малы на заняткі са сваёй любімай машынкай, значыць, і яна возьме з паліцы машынкі, якія разам з выхаванцам будзе лічыць, пра якія будзе складаць казкі, з дапамогай якіх бу­дзе выкладаць праграмны матэрыял. Калі дзіця хоча маля­ваць, то ў ход пойдзе арт-тэрапія. З дзецьмі, якія маюць цяжкасці ў камунікацыі, педагог выкарыстоўвае элементы методыкі “ДЭКО” (Движение. Эмоция. Коммуникация. Обучение) расійскага спецыяліста Вікторыі Леанідаўны Яфімавай. Сут­насць яе заключаецца ў наступным: у пачатку заняткаў неабходна выклі­каць у дзіцяці рухальную актыўнасць, у выніку якой у яго ўзнікнуць пэўныя станоўчыя эмоцыі і з ім прасцей будзе наладзіць зносіны, а значыць, і працэс навучання пой­дзе лепш.

Калі малы імкнецца пагарэзіць, паскакаць, пабегаць, то ён разам з псіхолагам адправіцца ў полісенсорны пакой. Усе без выключэння выхаванцы імкнуцца трапіць у гэты “цёмны”, “чароўны” пакой, дзе знаходзяцца сухі басейн, тэрапеўтычныя крэслы для рэлаксацыі, светлавы паддон для малявання пяском, сухі дождж, панэль “Геаборд”, светлавая панэль “Бясконцасць” і шмат дапаможнікаў для развіцця сенсорыкі і маторыкі. Як правіла, дзеці ідуць у гэты пакой напрыканцы заняткаў, пасля таго як выканаюць заданні Марыны Валянцінаўны. Напрыклад, выхаванцы атрымліваюць ліст ад чараўніка, дзе гаворыцца аб тым, што нейкі казачны герой мае патрэбу ў іх дапамозе. Трэба хутчэй і як мага лепш выканаць пэўныя практыкаванні, а за ўзнагародай адправіцца ў загадкавы пакой. З мэтай аздараўленчага эфекту і для падтрымання эмацыянальнага здароўя сенсорны пакой карысна наведваць усім дзецям. Але асабліва ён рэкамендаваны для дзяцей, якія маюць праблемы з паводзінамі (гіперактыўныя, трывожныя, з праяўленнямі агрэсіі). Не рэкамендаваны заняткі ў сенсорным пакоі тым, у каго ёсць сутаргавы сіндром і схільнасць да эпілептычных прыпадкаў.

Марына Валянцінаўна выкарыстоўвае ў сваёй рабоце элементы арт-тэрапіі: маляванне па шкле, работу з кругам, пенай для галення, цестам, слаймамі (уласнага вырабу), паветраным пластылінам. Напрыклад, можна ўзяць талерачку або выразаны з кардону круг і пачаць на ім выкладваць малюнак або арнамент з прыродных матэрыялаў (шышак, жалудоў, рознакаляровых каменьчыкаў). Пры гэтым педагог гаворыць дзецям, што неабходна намаляваць кветку радасці ці ўласны настрой. Атрымліваюцца вельмі прыгожыя карцінкі. Хтосьці з дзяцей імкнецца рабіць сіметрычныя малюнкі, хтосьці выходзіць за межы круга, а хтосьці малюе нешта зусім маленькае, непрыкметнае.

Усе малюнкі і вырабы з’яў­ляюцца дыягнастычнымі для спецыяліста, дазваляюць зразумець эмацыянальны стан малыша. Калі дзіця ў сваіх творчых работах актыўна выкарыстоўвае чорны колер і малюе розных монстрыкаў, не варта гэтага палохацца. Трэба ацэньваць сітуацыю з улікам яго ўзросту і таго, як часта чорны колер і страшылкі з’яўляюцца ў яго творчасці. Чорны колер — гэта паказчык таго, што чалавек гатовы да змен, што ёсць праблема, але ў той жа час, што ён гатовы яе выра­шаць. Проста дзіця не можа вербалізаваць праблему, расказаць пра яе, таму яе малюе.

“Калі дзіця прыходзіць на заняткі з трывогай, то ў працэсе ўзаемадзеяння з любым арт-матэрыялам яно супакойваецца, — адзначае Марына Валянцінаўна. — Дзеці любяць маляваць пенай для галення. Малыш атрымлівае на далоньку маленькае белае воблачка, затым пераносіць яго на паверхню стала, назірае за тым, як яно расце, малюе пальчыкам на гэтым воблачку сваю карціну. Калі нешта не атрымалася, усё можна выправіць. А калі пацерці далонькай пену, адбудзецца цуд, пена знікне (выпарыцца). Разам з дзецьмі мы вырабляем “чароўнае цеста”: замешваем муку, соль, ваду і афарбоўваем цеста натуральным фарбавальнікам. Дзецям падабаецца гэты працэс, бо яны адчуваюць сябе творцамі, а іх адмоўная энергія ператвараецца ў станоўчую. Любое дзіця працуе на пазітыве, яму хочацца атрымаць вынік, каб яго пахвалілі.

На занятках я таксама выкарыстоўваю пясочную тэрапію. Асабліва яна карысна для арганізацыі сумеснай работы бацькоў і дзяцей, для выбудоўвання і наладжвання дзіцяча-бацькоўскіх зносін. Калі мама прыходзіць да мяне на кансультацыю па пытаннях паводзін малыша, я прапаную ім разам пагуляць у нашай пясочніцы (пабудаваць дом, памаляваць). У гэты момант назіраю за імі, як яны ўзаемадзейнічаюць, наколькі дзіця настроена мець зносіны з мамай, наколькі мама прымае яго праблемы.

Раз у год, а бывае, што і часцей, праходжу курсавую падрыхтоўку ў АПА і МГІРА. Вельмі ўдзячная псіхолагу Алене Уладзіміраўне Бялінскай, у якой вучылася на курсах па арт-тэрапіі і пясочнай тэрапіі з атрыманнем адпаведнага серты­фіката. На такіх занятках заўсёды атрымліваеш вялікі зарад энергіі, ды і ўласныя псіхалагічныя праблемы можна прапрацаваць. У псіхолагаў ёсць адно правіла: перш чым ты прапануеш дзіцяці нейкую гульню, ты павінен яе сам прайг­раць, зразумець яе механізмы. Інакш не будзе зваротнай сувязі з дзіцем, не будзе зразумела, што яно тым ці іншым дзеяннем паведамляе табе”.

У мінулым навучальным го­дзе педагагічны калектыў ясляў-сада № 424 Мінска ў сваёй установе рэалізоўваў праект па зніжэнні трывожнасці ў дзяцей. У кожнай групе па ініцыятыве Марыны Дзігрыс былі размешчаны сенсорныя тэматычныя скрынкі з прывабнымі для дзяцей напаўняльнікамі: рысам простым або афарбаваным з дапамогай харчовых фарбавальнікаў, бабовымі, крупамі, пяском (кінетычным; натура­льным або пафарба­ваным), галькай, дро-

бнымі каменьчыкамі, арэхамі, жалудамі і іншымі прыроднымі матэрыяламі, наборамі тэматычных цацак. Педагог распрацавала гульні і гульнявыя практыкаванні для работы ў сенсорных скрынках.

 Марына Валянцінаўна зрабіла 7 сенсорных скрынак з розных матэрыялаў і з рознымі напаўняльнікамі: вясковы дворык з хаткай, агароджай, свойскімі жывёламі і дзяўчынкай Машай; мора з марскімі зоркамі, крабамі, акуламі, марскімі змеямі, водарасцямі; пустыню-савану з жывёламі; куфар са скарбамі (бабовымі, каштанамі, рознакаляровымі каменьчыкамі); Паўночны полюс з белым пяском, дзе знаходзіцца снегавік, белая мядзведзіца і г.д. Кожнае дзіця, гуляючы са скрынкай, можа пабудаваць у ёй свой маленькі свет, можа схаваць у “вадзе” марскую зорку, дапамагчы вынырнуць з глыбіні дэльфіну, пабудаваць замак для русалачкі. Дзіця ўзаема­дзейнічае з прадметамі і становіцца рэжысёрам сваёй невялікай гульні, у працэсе якой прапрацоўвае свае страхі. Апускаючы руку ў такі сухі басейн у пошуках цацкі, дзіця перажывае шмат сенсорных і тактыльных адчуванняў. Праз кончыкі пальцаў паступова яго трывога адыходзіць.

З дапамогай сенсорнай скрынкі можна навучыць дзяцей гу­ляць. Калі гуляе не адно дзіця, а два і больш, то ім даводзіцца дамаўляцца аб правілах гульні, хто бу­дзе русалачкай, а хто дэльфінам, хто будзе жырафай-мамай, а хто жырафам-дзіцем і куды яны разам пойдуць — у госці да слана або да зебры на дзіцячую пляцоўку. З гэтага і пачынаецца сапраўдная камунікацыя.

Існуюць пэўныя рытуалы і пра­вілы гульні ў сенсорных скрынках. У іх можна не толькі разыграць нейкі сюжэт, але і выкарыстоўваць іх як дыдактычны дапаможнік. Гуляючы са скрынкамі, дзеці могуць адпрацоўваць тэмы па розных адукацыйных галінах праграмы, вучыцца маляваць геаметрычныя фігуры і г.д. Трывожныя дзеці часта баяцца маляваць на паперы, яны дума­юць, што ў іх не атрымаецца, што іх малюнак не спадабаецца іншым, перажываюць, што яго нельга выправіць. Калі дзіця малюе пальцам на крупах, то страху няма, калі нешта не атрымаецца, можна правесці рукой і ўсё знікне.

На бацькоўскіх сходах Марына Валянцінаўна з выхавальнікамі паказвае бацькам, як можна працаваць з гэтымі скрынкамі, як іх можна вырабляць самім. Для гэтага падыдзе любы пластыкавы бокс з вечкам або кардонная скрынка, столік з высокімі бартамі, надзіманая пясочніца, куды можна насыпаць напаўняльнік.

Шмат намаганняў Марына Валянцінаўна прыкладае для таго, каб пераканаць бацькоў прыняць сваіх дзяцей такімі, якія яны ёсць, любіць іх, незалежна ад іх псіхафізічных асаблівасцей, дапамагаць ім змяніцца да лепшага. Аднаму дзіцяці для вырашэння праблемы, выпрацоўкі пэўных навыкаў спатрэбіцца 20 заняткаў са спецыялістам, а другому значна менш. Дзіця з АПФР можа не ўмець узаемадзейнічаць з іншымі дзецьмі, але яно можа мець нейкія магчымасці, якіх няма ў звычайных дзяцей, напрыклад, выдатныя навыкі ў выяўленчай дзейнасці. А ў звычайнага дзіцяці пры тым, што яно ўмее добра камунікаваць, творчыя навыкі могуць праяўляцца не так ярка.

 “Пра дзяцей з АПФР мне больш падабаецца гаварыць як пра дзяцей з павышанымі патрэбамі ва ўвазе з боку дарослых, — ­адзначае педагог. — Варта выявіць іх вядучую патрэбу. Гэта можа быць патрэба ў большым кантролі ці, наадварот, у тым, каб даць большую самастойнасць. Многае ў вырашэнні псіхалагічных праблем дзіцяці залежыць ад агульнай псіхалагічнай сітуацыі ў яго сям’і. Калі тата з мамай сварацца, то ў дзіцяці можа з’явіцца заіканне або ­агрэсія, яно не будзе любіць свет, стане трывожным і замкнёным, бу­дзе думаць, што гэта з-за яго баць­кі канфліктуюць. Калі прыбраць ключавую сямейную праблему і наладзіць пазітыўнае ўзаемадзеянне, то і праблема дзіцяці пачне выпраўляцца хутчэй”.

Як псіхолаг Марына Валянцінаўна шмат увагі ўдзяляе дзецям з цяжкімі парушэннямі маўлення, заіканнем, у якіх узнікаюць праблемы з самаацэнкай, з верай у сябе. Яны не вельмі любяць размаў­ляць з педагогам, ім прасцей зрабіць малюнак, скласці з дэталей карцінку, паказаць свой настрой з дапамогай колеру. Калі ў дзіцяці агульнае недаразвіццё маўлення, у яго зніжаны памяць і ўвага, з’яўляецца рассеянасць, няўменне ў размове хутка пераключацца з тэмы на тэму. Такія дзеці доўга адпрацоўваюць пэўныя маўленчыя навыкі, а без паўтарэння забываюць іх. Дзяцей з заіканнем Марына Валянцінаўна вучыць навыкам рэлаксацыі, паколькі ў іх назіраецца павышаны мышачны тонус.

Існуе яшчэ адна праблема ў сучасных дашкольнікаў, з якой сутыкаюцца многія спецыялісты. Дзеці гадзінамі завісаюць у га­джэтах і не імкнуцца гуляць з аднагодкамі. Традыцыйная гульня даецца ім цяжка, узнікаюць канфлікты. Прычына — у недахопе ўвагі з боку дарослых у адносінах да дзяцей. Бацькі не заўсёды ўсведамляюць сваю адказнасць у гэтым плане. Яны далі малому электронную цацку (планшэт) і лічаць, што гэтага дастаткова для яго развіцця.

“Часам можна назіраць карціну, як раніцай тата нясе на плячах свайго малыша ў дзіцячы сад, а той над галавой бацькі гуляе ў смартфоне, — адзначае Марына Валянцінаўна. — У садзе тата пераапранае дзіця, пры гэтым яно не імкнецца рабіць гэта самастойна. Калі ж малога адпраўляюць у групу да іншых дзяцей, пачынаюцца слёзы, бо яму вельмі не хочацца вяртаць тату смартфон. І ўвечары можна назіраць сітуацыю, калі мама забірае дзіця з сада і пакуль вядзе яго да машыны або да прыпынку грамадскага транспарту зусім не размаўляе з ім, не цікавіцца яго справамі, а моўчкі глядзіць у экран тэлефона. Разам з тым гаджэты можна і патрэбна выкарыстоўваць з карысцю. У маім кабінеце ёсць інтэрактыўная дошка, на якой мы з дзецьмі займаемся па вучэбных праграмах, рэкамендаваных для дашкольнікаў. Гэта гульні на развіццё логікі, увагі, уяўлення, для падрыхтоўкі да школы. Многія бацькі просяць у мяне гэтыя праграмы, каб устанавіць сабе і каб іх дзеці дома бавілі час з карысцю”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.