Дапамагчы “неразмаўляшцы”

- 15:42Сацыяльны ракурс

Цудоўная пара — дзяцінства! Тупат маленькіх ножак, першыя пацешныя словы. Што можа быць лепш? Бацькам хочацца, каб іх дзіця было самае кемлівае, самае гаваркое, самае, самае. Але раптам нешта ідзе не так. Бацькі трывожацца: “Майму дзіцяці хутка два гады, а яно не хоча размаўляць”, “Мой малы ўсё разумее, але гаварыць лянуецца”, “Маё дзіця разумею толькі я”. Развеяць гэтыя апасенні дапаможа дасведчаны спецыяліст. Пра сваю работу расказвае настаўнік-дэфектолаг ясляў-сада № 102 Віцебска Святлана Гапоненка, стаж работы якой складае амаль 35 гадоў.  

Калі дзіця не гаворыць

— Нярэдкія выпадкі, калі мамы пачынаюць кансультавацца са спецыялістамі яшчэ да наведвання дзіцем дзіцячага сада, — падкрэслівае Святлана Яўгенаўна. — І сапраўды, чым раней выявіць маўленчыя парушэнні, тым лягчэй іх будзе выправіць. Тое, што настаўнік-дэфектолаг займаецца толькі пастаноўкай гукаў, не зусім дакладна. Ён развівае ў дзяцей мысленне, памяць, увагу, зрокавае і слыхавое ўспрыманне, дробную маторыку, працуе над развіццём артыкуляцыйнай маторыкі, маўленчага дыхання, слоўнікавага запасу, звязнага маўлення і г.д. Настаўнік-дэфектолаг дапамагае малому падрыхтавацца да паспяховага навучання ў школе.

Святлана Гапоненка заўважае, што дзяцей з затрымкай маўленчага развіцця з кожным годам становіцца ўсё больш. Часам у дзіцячы сад прыходзяць двухгадовыя маўчуны-“неразмаўляшкі”. Яслі-сад № 102 Віцебска наведваюць каля 300 дзяцей. Каля 20 працэнтаў з іх маюць патрэбу ў паслугах лагапеда. Святлана Яўгенаўна ра­зам з калегай працуе з выхаванцамі старшых груп (ад 5 гадоў) у пункце карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Заняткі прахо­дзяць на бясплатнай аснове. Сёння іх наведва­юць 53 дзіцяці. Папярэдне малыя праходзяць дыягностыку ў ЦКРНіР. У складаных выпадках баць­кам прапануюць адправіць дзіця ў спецыяльны сад ці спецгрупу. Пры нязначных парушэннях, напрыклад дыслаліі, нярэзка выражаным агульным недаразвіцці маўлення, сцёртай дызартрыі, дзіця залічваюць на ПКПД звычайнага сада. За названымі маўленчымі праблемамі хаваюцца парушэнне гукавымаўлення, фанематычнага слыху і нязначныя лексіка-граматычныя парушэнні. Пры тым, што маўленне ў дзяцей звязнае, лексічны слоўнік набліжаны да ўзроставай нормы.

— Сёння ўсё менш дзяцей, у якіх выяўляецца толькі парушэнне ў вымаўленні некалькіх гукаў, класічных “р”, “рь”, “л”, “ль”, — гаворыць педагог. — У сучасных дзяцей можа быць парушана па 10—12 гукаў. Сярод іх асноўныя групы гукаў — свісцячыя “с”, “з”, “ц”, шыпячыя “ш”, “ж”, “ч”, “щ”, а таксама гукі “х”, “г”, “к”. У два гады дзіця можа сказаць, напрыклад, “сапка” замест “шапка”. У мяне ёсць выхаванец сямі гадоў, у якога гукавымаўленне ў норме, усе гукі пастаўлены, але парушаны фанематычны слых. Ён блытае гукі “р” і “л”, “з” і “ш”, “ж” і “з”. Замест “барабан”, напрыклад, гаворыць “ябадан”.

Калі фанематычны слых недасканалы, то праблема, магчыма, у несфарміраваным артыкуляцыйным апараце, калі язык не вельмі рухомы. З мэтай карэкцыі робім практыкаванні, вядомыя ў лагапедыі як “конік”, “грыбок”, “агароджа”, “іголачка”, “горка”, “пачысцім зубкі”, “смачнае варэнне”, “кубачак”. Спачатку перад люстэркам, а ў далейшым дзіця па маўленчай інструкцыі выконвае іх без люстэрка, пры гэтым яно павінна правільна знаходзіць становішча для языка.

Чым больш складаныя маўленчыя парушэнні, чым пазней звярнуліся да спецыяліста, тым большую колькасць часу і намаганняў давядзецца прыкласці для атрымання выніку.

Чаканні бацькоў

Дапамогу лагапеда ў яслях-са­дзе № 102 Віцебска могуць атрымаць і дзеці з 3 гадоў на платнай аснове ў гуртку “Умняша”. Заняткі накіраваны не на карэкцыю гукавымаўлення, а на падрыхтоўку да далейшай работы маўленчага артыкуляцыйнага апарату. Ідзе работа на дробную маторыку, развіццё памяці, увагі, мыслення. Плюс выконваюцца розныя артыкуляцыйныя практыкаванні: для язычка, шчок, самамасаж. Часам заняткі праходзяць у прысутнасці бацькоў.

— Вынік ад заняткаў у настаўніка-дэфектолага ёсць заўсёды. Бывае так, што дзіця не гаворыць. Прыйшло ў гурток “Умняша” — і загаварыла. І ў 5 гадоў яго ўжо накіроўваюць не ў спецсад, а на ПКПД працяг­нуць заняткі, — адзначае Святлана Яўгенаўна. — Але часам у бацькоў завышаныя чаканні. Пасля некалькіх заняткаў яны хочуць бачыць поспехі ў дзіцяці. Аднак чым больш складаныя маўленчыя парушэнні, чым пазней звярнуліся да спецыяліста, тым большую колькасць часу і намаганняў давя­дзецца прыкласці для атрымання выніку. Работа самага лепшага настаўніка-дэфектолага не дасць добрых вынікаў, калі бацькі не будуць штодня займацца з дзіцем. Ім даюцца матэрыялы з адпаведнымі практыкаваннямі для замацавання дома.

Выхаванец, які па пэўных прычынах знаходзіцца працяглы час дома, можа працягваць заняткі са Святланай Яўгенаўнай дыстанцыйна. Бо нават кароткая паўза ў карэкцыйных занятках можа прывесці да страты сфарміраваных уменняў і навыкаў. Для забеспячэння эфектыўнага ўзаемадзеяння пры дыстанцыйным навучанні выкарыстоўваюцца інтэрактыўныя камп’ютарныя праграмы, інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, электронная пошта і г.д. Бацькі з задавальненнем адгукнуліся на прапанову педагога аўтаматызаваць з дзецьмі пастаўленыя гукі праз платформу zoom. Малым гэта здалося цікавым. Займальныя заданні дапамагаюць ім пасябра­ваць нават з цяжкімі гукамі. 

— Да моманту паступлення ў школу нашы выхаванцы ў сваім моўным развіцці ў асноўным набліжаюцца да нормы, — адзначае педагог. — Асабліва лёгка гэта ўдаецца дзецям, у якіх парушана толькі гукавымаўленне. Пры гэтым у іх нармальнае звязнае маўленне, сказы пабудаваны граматычна правільна, слоўнікавы запас дастатковы. Але часам, па розных прычынах, мы не паспяваем з дзецьмі дааўтаматызаваць гукі. Гэты працэс працягваецца ў школе. Таму цеснае супрацоўніцтва і пераемнасць у нас наладжаны з настаўнікамі-дэфектолагамі школ і гімназій Першамайскага раёна Віцебска. З калегамі мы таксама дзелімся вопытам прымянення сеткавых і дыстанцыйных тэхналогій.

Надзея ЦЕРАХАВА.