Дапамагчы ў прафесійным выбары

Абласная навукова-практычная канферэнцыя педагагічных работнікаў “Профільнае навучанне і прафарыентацыйная работа ў сучаснай школе: мадэлі, тэндэнцыі, перспектывы” адбылася ў Віцебску.

На канферэнцыю, якая праходзіла на базе абласнога інстытута развіцця адукацыі, было заяўлена больш за 140 дакладаў. У пленарным пасяджэнні і рабоце чатырох секцый прынялі ўдзел кіраўнікі і спецыялісты ўпраўленняў, аддзелаў, вучэбна-метадычных кабінетаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, супрацоўнікі абласнога інстытута развіцця адукацыі, кіраўнікі і вядучыя педагогі ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, вышэйшай адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Як паведаміла рэктар Віцебскага абласнога ІРА Людміла Сляпцова, асноўная мэта канферэнцыі — выяўленне, абагульненне і папулярызацыя перспектыўнага педагагічнага вопыту ў профільным навучанні і прафарыентацыйнай работы ў сучаснай школе, пошук новых шляхоў дасягнення якасці адукацыі ў сучасных умовах, вызначэнне асноўных напрамкаў удасканалення арганізацыйна-кіраўніцкага і навукова-метадычнага забеспячэння профільнага навучання і прафарыентацыйнай работы.

— З 2015/2016 навучальнага года мы актыўна рэалізуем профільнае навучанне на трэцяй ступені ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, — расказала першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама Алена Багдановіч. — Прымаючы рашэнне аб арганізацыі профільнага навучання, у першую чаргу зыходзім з пажаданняў, запытаў законных прадстаўнікоў навучэнцаў і саміх навучэнцаў. Другой абавязковай умовай з’яўляецца наяўнасць падрыхтаваных кадраў і трэцяя — адпаведнай матэрыяльна-тэхнічнай базы. У гэтым годзе ахоп навучэнцаў профільным навучаннем павялічыўся і ў 10-х класах склаў 62%, у 11-х — 60% ад агульнай колькасці навучэнцаў. Сёння мы гаворым аб рэгіянальнай мадэлі — гэта значыць, што ў кожным раёне ствараюцца апорныя школы для арганізацыі профільнага навучання. Найперш пры гэтым улічваюцца вопыт работы ўстановы адукацыі, рэсурсы і вынікі.

Праблемнае поле канферэнцыі ўключала такія пытанні, як тэарэтыка-метадычныя асновы, арганізацыйна-кіраўніцкае, інфармацыйнае забеспячэнне і псіхолага-педагагічнае суправаджэнне профільнага навучання, дапрофільнай падрыхтоўкі, профільнага навучання і прафарыентацыйнай работы ва ўстановах адукацыі, арганізацыя профільнага навучання на аснове кампетэнтнаснага падыходу, павышэнне якасці адукацыі пры пераходзе на профільнае навучанне, рэалізацыя індывідуальнай адукацыйнай траекторыі навучэнца на факультатыўных занятках, інавацыйныя тэхналогіі і мадэлі ажыццяўлення прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

— Профільнае навучанне ўжо існавала ў нашай педагагічнай практыцы, адзначыла настаўнік-метадыст гісторыі і грамадазнаўства гімназіі № 8 Віцебска кандыдат педагагічных навук Ала Мільман. — Але як любая з’ява ў сваім дыялектычным развіцці можа вяртацца назад на больш высокім складаным вітку, так і мы вярнуліся да прафiлiзацыi. Праблемны комплекс складаецца з наступных супярэчнасцей: паміж зменлівай кан’юнктурай рынку працы і ўстаноўкай на выбар прафесіі “на ўсё жыццё”; паміж сітуацыяй нявызначанасці і жаданнем сям’і і дзіцяці здабыць пэўнасць, набыўшы адукацыю па вызначаным профілі; паміж высокімі патрабаваннямі да ўмення вучыцца і нізкай матывацыяй навучэнца набываць гэтыя ўменні свядома і адказна. С.П.Капіца казаў пра тое, што адукацыя ведаў павінна быць заменена адукацыяй разумення. А гэта немагчыма без развіцця сацыяльных кампетэнцый на аснове развіцця розных відаў мыслення, без дзейнаснага падыходу, які дае магчымасць развіваць мысленне прагнастычна і дыягнастычна. Мы прапануем мадэль паўзроўневага развіцця мыслення. Прычым хацелася б падкрэсліць, што як на дапрофільным, так і ў профільным навучанні можна апынуцца на розных узроўнях. Важна іншае: навучэнец у профільным навучанні можа пераходзіць ад узроўню да ўзроўню свядома і самастойна, а настаўніку будзе адведзена роля куратара і каардынатара.

Паводле азначанай мадэлі, першы ўзровень — прысваенне. Дзіця вучыцца выдзяляць асобныя сутнасныя прыкметы прадметаў і з’яў, дзейнічаць па алгарытме, набываючы не толькі прадметныя, але і надпрадметныя ўменні і навыкі. Другі ўзровень — засваенне: актыўнае развіццё дыскурсіўнага мыслення з дапамогай такіх лагічных дзеянняў, як аналіз, сінтэз, абагульненне, супастаўленне, класіфікацыя; навучэнец павінен навучыцца выходзіць за рамкі алгарытму. Трэці ўзровень — асваенне: навучэнцы маюць магчымасць свядома інтэграваць розныя веды і ўменні, экстрапаляваць іх з вучэбнай сітуацыі ў сацыяльную рэчаіснасць, у сітуацыю нявызначанасці. Паўзроўневасць развіцця мыслення дае настаўніку аптымальную магчымасць у дапрофільных і профільных класах на аснове дзейнаснага падыходу пераадольваць вышэйпаказаныя супярэчнасці і фарміраваць сацыяльныя кампетэнцыі, неабходныя для ўсвядомленага прафесійнага выбару.

— Выбар будучай прафесіі — адзін з першых сур’ёзных выбараў, які прыходзіцца рабіць выпускніку школы, бо ад таго, наколькі правільна выбрана жыццёвая стратэгія, залежыць грамадская каштоўнасць чалавека, яго месца сярод людзей, задаволенасць работай, фізічнае і псіхічнае здароўе, — упэўнена настаўніца мёрскай сярэдняй школы № 2 Вольга Лакотка. — Прафарыентацыйную работу мы ажыццяўляем на аснове кампетэнтнаснага падыходу, што дазваляе ў перспектыве ўлічваць саму гатоўнасць чалавека вырашаць пэўныя задачы, абапіраючыся на механізмы кампенсацыі адных якасцей іншымі, фарміраванне індывідуальнага стылю дзейнасці, набыты вопыт.

У 5—6 класах Вольга Сямёнаўна займаецца з дзецьмі пераважна прафесійнай асветай. На цыкле класных гадзін “Азбука прафесій” разглядае распаўсюджаныя, рэдкія і новыя прафесіі, асобасныя якасці чалавека, веды, неабходныя для гэтых прафесій. У 7—8 класах, працягваючы прафасвету, пачынае праводзіць прафдыягностыку псіхалагічных і прафесійных схільнасцей навучэнцаў. У 9 класе прафарыентацыйная работа, на погляд настаўніцы, з’яўляецца асноўным напрамкам у выхаваўчай рабоце класнага кіраўніка. Для высокаматываваных у вучобе дзяцей выбар будучай прафесіі актуальны ў вызначэнні прадметаў, вывучаць якія яны будуць на профільным узроўні. Дзецям з больш сціплымі дасягненнямі ў вучэбнай дзейнасці трэба дапамагчы вызначыцца, дзе лепш працягнуць вучобу: у школе або каледжы, ліцэі. На цяперашнім этапе педагог удзяляе вялікую ўвагу знаёмству з установамі прафадукацыі вобласці, практыкуе вочныя і завочныя экскурсіі, выкарыстоўвае электронныя даведнікі, інтэрнэт-сайты прафесійнай накіраванасці. У 10—11 класах акцэнт робіцца на ўдзеле навучэнцаў у школьных, раённых, гарадскіх прафарыентацыйных мерапрыемствах, а таксама днях адкрытых дзвярэй, якія праводзяцца ва ўстановах прафадукацыі. Класны кіраўнік рэгулярна арганізуе сустрэчы з прадстаўнікамі розных прафесій, экскурсіі на вытворчасць. І, зыходзячы з вопыту работы, падкрэслівае: толькі дзейнасць усяго педагагічнага калектыву па прафесійнай арыентацыі вучняў у сумеснай рабоце з прадстаўнікамі грамадскасці і бацькамі зможа дапамагчы выпускніку зрабіць правільны выбар.

У ходзе канферэнцыі разглядаліся праблемы прафарыентацыйнай работы ва ўстановах дадатковай адукацыі і падрыхтоўкі педагогаў да арганізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі, профільнага навучання і прафарыентацыйнай работы, сацыяльнага партнёрства ўстаноў адукацыі з органамі мясцовага самакіравання, бізнесам, грамадскімі арганізацыямі, найбольш эфектыўныя мадэлі выхавання, што забяспечваюць максімальнае задавальненне патрэб асобы і выкананне заказу дзяржавы сістэме адукацыі.

— Выпрацоўка правільных поглядаў на службу ў войску, загартоўка, атрыманая ў школьныя гады, спатрэбіцца для ўсяго наступнага жыцця, якую б прафесію ні выбралі старшакласнікі, — акцэнтаваў увагу настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі сярэдняй школы № 2 Бешанковіч Аляксандр Падольскі. — Наша Беларусь — міралюбная дзяржава. Але, як паказваюць апошнія падзеі ў суседніх краінах, адно імкненне да міру ў сучасным свеце не гарантуе бяспекі. Таму асобна, на мой погляд, неабходна спыніцца на рабоце па прафесійнай арыентацыі вучняў на прафесію афіцэра.

За 26 гадоў работы настаўнік выбудаваў эфектыўную прафарыентацыйную мадэль, асноўнымі кампанентамі якой з’яўляюцца ваенна-прафесійная асвета, прафесійная кансультацыя, адбор і дапамога ў падрыхтоўцы да паступлення на профільныя факультэты УВА і ў ваенна-вучэбныя ўстановы рэспублікі. Ваенна-прафесійная асвета ахоплівае ўсіх навучэнцаў школы з улікам іх узроставых асаблівасцей. Задача педагога на гэтым этапе — прыцягнуць увагу да прафесіі афіцэра і падтрымаць найбольш адпаведнае магчымасцям канкрэтнага маладога чалавека імкненне — рэалізуецца праз гутаркі, віктарыны, спаборніцтвы, ваенна-патрыятычныя гульні, конкурсы, сустрэчы з курсантамі і афіцэрамі, тэматычныя выпускі насценгазет. Многія школьнікі ўжо ў 7—8 класах выказваюць цікавасць да ваеннай прафесіі і жаданне атрымаць адпаведныя кансультацыі, якія практыкуюцца на базе кабінета ДПЮ. У 9 класе маладыя людзі вызначаюцца з выбарам прафесіі. Аляксандр Сяргеевіч перакананы: дапамагчы прыняць такое рашэнне, каб яно адпавядала інтарэсам і вучня, і дзяржавы, — грамадзянскі і службовы абавязак кожнага настаўніка дапрызыўнай падрыхтоўкі. Адзін з ключавых момантаў — узаемадзеянне з сем’ямі. Па прызнанні настаўніка, пэўную ролю адыгрывае тое, што яго старэйшы сын заканчвае ваенна-медыцынскі факультэт БДМУ і з’яўляецца лейтэнантам медыцынскай службы — такім чынам, работа з бацькамі вядзецца з пазіцыі бацькі афіцэра. У 10—11 класах зроблены навучэнцам выбар замацоўваецца як на ўроках, так і праз шматузроўневую сістэму пазаўрочнай дзейнасці. Як вынік, усе старшакласнікі маюць глыбокія і трывалыя веды, уменні, навыкі па дапрызыўнай падрыхтоўцы, любяць гэты прадмет, а выпускнікі стабільна штогод паступаюць у ваенна-вучэбныя ўстановы Рэспублікі Беларусь: напрыклад, у 2012 годзе з 18 курсантаў такіх устаноў — ураджэнцаў раёна, 13 складалі выпускнікі менавіта сярэдняй школа № 2 Бешанковіч.

Удзельнікі канферэнцыі таксама абмеркавалі ролю бібліятэк устаноў адукацыі і рэсурсных цэнтраў у інфармацыйным забеспячэнні і метадычным суправаджэнні дапрофільнай падрыхтоўкі, профільнага навучання і прафарыентацыйнай работы, падыходы да кіравання профільным навучаннем і прафарыентацыйнай работай на сучасным этапе сацыяльна-эканамічнага і навукова-тэхнічнага развіцця.

— Важна, што мы не толькі азнаёміліся з вынікамі работы, прааналізавалі праблемныя сітуацыі, — падкрэсліла Людміла Сляпцова. — Па выніках канферэнцыі былі выпрацаваны рэкамендацыі аб прапагандзе наяўнага перспектыўнага вопыту работы настаўнікаў вобласці па пытаннях профільнага навучання, удасканаленні работы з педагагічнымі кадрамі, накіраванай на развіццё іх прафесійнага майстэрства з мэтай забеспячэння якаснага адукацыйнага працэсу ва ўстановах адукацыі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.