Пачатак навучальнага года выхаванцы Слаўгарадскага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі сустрэлі ў новым месцы.
Як паведаміла дырэктар Антаніна Лукашкова, раней цэнтр размяшчаўся ў будынку, які ўводзіўся ў эксплуатацыю яшчэ ў даваенныя часы. Зразумела, што стан матэрыяльна-тэхнічнай базы не зусім падыходзіў для ажыццяўлення якаснага вучэбнага працэсу.
— Змяніць сітуацыю дазволіла ўвага з боку ўпраўлення адукацыі аблвыканкама. Па адпаведным рашэнні нам быў перададзены ў карыстанне першы паверх мясцовага прафесійнага ліцэя. Аднак наяўнасць памяшканняў толькі часткова вырашыла праблему, бо яшчэ неабходна было зрабіць у іх капітальны рамонт. Наваселлю паспрыяў дабрачынны марафон. Неабыякавасць многіх арганізацый і грамадзян дапамагла нашым выхаванцам навучацца сёння ў сучасных, дастойных умовах, своечасова атрымліваць дапамогу ад педагагічных і медыцынскіх работнікаў, — расказала Антаніна Іванаўна.
На маштабныя будаўнічыя работы было выдзелена звыш 30 тысяч дэнамінаваных рублёў. Значную фінансавую падтрымку аказалі раённыя ўлады і спонсары, вельмі дапамаглі дабрачынцы. На сабраныя сродкі быў не толькі зроблены бягучы рамонт памяшканняў, але і заменены санвузлы, абсталяваны клас лячэбнай фізкультуры, сенсорны пакой, кабінеты настаўніка-дэфектолага, службы ранняй комплекснай дапамогі і іншых спецыялістаў. Ды і плошча абноўленага ЦКРНіР стала ў два разы большай, чым раней. Зараз тут усё будзе спрыяць максімальнаму развіццю і рэабілітацыі навучэнцаў.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.