Дапамаглі і набылі працоўны вопыт

- 12:16Навіны рэгіёнаў

Поруч з майстрамі вытворчага навучання падчас практыкі працавалі на Арэхаўскім ільнозаводзе старшакурснікі-аграрыі.

Для навучэнцаў Высоцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці і Гарадоцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці практыка ў жніўні — кастрычніку была, як яны самі кажуць, сапраўднай. Юнакі не проста назіралі і дапамагалі замацаваным за імі вопытным прафесіяналам, а працавалі з імі фактычна на роўных — і толькі ў самых складаных выпадках звярталіся за парадай ці дапамогай. Аграпрамысловаму комплексу рэгіёна патрэбны кваліфікаваныя кадры, здольныя працаваць ва ўмовах рэальнай вытворчасці — гэтай задачы, пастаўленай старшынёй Віцебскага аблвыканкама Мікалаем Шарстнёвым, падпарадкавана падрыхтоўка маладых спецыялістаў. У адпаведнасці з прынятымі ў вобласці рашэннямі і зацверджанымі вучэбнымі планамі, тэрміны восеньскай і веснавой практыкі для будучых працаўнікоў аграпрамысловага комплексу павялічаны больш чым удвая. Тыя старшакурснікі, хто па ўзросце яшчэ не можа мець вадзіцельскае пасведчанне, пасля вучобы і здачы экзамену атрымалі часовыя пасведчанні трактарыста-машыніста сельгасвытворчасці.

— Нашы навучэнцы штогод дапамагаюць Арэхаўскаму льнозаводу ў правядзенні сезонных работ, — адзначыў дырэктар Высоцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Міхаіл Шумінскі. — Сёлета па просьбе завода колькасць навучэнцаў і майстроў вытворчага навучання, якія працуюць на ўборцы лёну, павялічана: накіравана 10 чалавек, у тым ліку шасцёра старшакурснікаў. Гэта, на маю думку, аптымальная мадэль узаемадзеяння (яна сёння рэалізуецца па ўсёй вобласці), калі прадпрыемства атрымлівае неабходныя яму працоўныя рэзервы, а нашы навучэнцы — не менш неабходны ім рэальны працоўны вопыт і, што немалаважна, заработную плату. За час практыкі маладыя людзі прымяраюцца: ці хацелі б працаваць менавіта тут? У калектыве, у сваю чаргу, прыглядаюцца да практыканта: ці патрэбны ім гэты работнік? Калі мае месца супадзенне інтарэсаў, можна быць упэўненым у паспяховай прафесійнай будучыні выпускніка.

Разам з групай з Высокага на льнозаводзе шчыруюць навучэнцы і майстры вытворчага навучання з Гарадка. Варта сказаць, што названыя ўстановы адукацыі працуюць у цесным кантакце. На базе Гарадоцкага аграрнага каледжа дзейнічае абласны рэсурсны цэнтр, другі такі цэнтр плануецца адкрыць у Высокім. Пасля заканчэння ліцэя многія навучэнцы працягваюць адукацыю ў каледжы. Прычым некаторыя з іх потым папаўняюць педагагічныя калектывы. Напрыклад, Раман Салодкі і Леанід Юркоў, з якімі я пазнаёмілася ў майстэрнях ільнозавода, — выпускнікі Высоцкага прафліцэя. Маладыя людзі не толькі захапляліся тэхнікай: іх мэтай стала паступіць у Гарадоцкі аграрны каледж, вывучыцца там на майстроў вытворчага навучання, каб у новым статусе вярнуцца ў альма-матар — што і спраўдзілася ў гэтым годзе.

Арэхаўскаму ільнозаводу ў правядзенні ўборачнай кампаніі сёлета дапамагалі прадстаўнікі працоўных калектываў Коханаўскага і Полацкага дзяржаўных прафесійных ліцэяў сельскагаспадарчай вытворчасці, Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці, Ульскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці імя Л.М.Даватара, Лепельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа. Восеньскую сельскагаспадарчую практыку на Віцебшчыне прайшлі 556 навучэнцаў, 324 з іх атрымалі часовыя пасведчанні трактарыста-машыніста сельгасвытворчасці, што дало ім права самастойна працаваць на сельскагаспадарчай тэхніцы.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.