Дапамажы другому — і зразумееш сам

- 14:27Адукацыйная прастора

У ХІХ стагоддзі амерыканскі педагог, філосаф, псіхолаг Джон Дзьюі сцвярджаў, што ўрок як асноўная форма навучання ўстарэе ў найбліжэйшай будучыні. Сёння мы ўпэўнены: урок жыве і перамагае і ў ХХІ стагоддзі. Але гэта ўрок з выкарыстаннем інавацыйных тэхналогій, сучасны ўрок. Інавацыі (англ. innovation — “новаўвядзенне”) — укараненне новых форм, спосабаў і ўменняў у сферы навучання, адукацыі і навукі. Галоўнай мэтай інавацыйных тэхналогій адукацыі з’яўляецца павышэнне эфектыўнасці адукацыйнага працэсу, дасягненне вучнямі не толькі гарантаваных вынікаў навучання, але і развіццё асобы, падрыхтоўка чалавека да жыцця ў пераменлівым свеце. Сутнасць такога навучання заключаецца ў арыентаванні вучэбнага працэсу на патэнцыяльныя магчымасці чалавека і іх рэалізацыю.

Як падтрымліваць у навучэнцаў цікавасць да вывучаемага матэрыялу і актывізаваць іх на працягу ўрока, каб роля настаўніка заключалася не ў тым, каб больш зразумела і цікава, чым у падручніку, паведаміць неабходную інфармацыю, а ў тым, каб стаць арганізатарам пазнавальнай дзейнасці, дзе галоўная дзеючая асоба вучань? Настаўнік пры гэтым арганізоўвае навучальную дзейнасць і кіруе ёй. Гэтыя пытанні схілілі мяне да пошуку педагагічных тэхналогій і выкарыстання іх у сваёй практыцы. Я пастаянна шукаю шляхі павышэння эфектыўнасці навучання, выкарыстоўваю разнастайныя спосабы перадачы ведаў, нестандартныя формы ўздзеяння на асобу, здольныя зацікавіць вучняў, стымуляваць і матываваць працэс пазнання.

Якасць ведаў вучняў пры традыцыйнай сістэме навучання з’яўляецца недастатковай. Франтальная і індывідуальная формы работы прыводзяць да дэфармацыі адносін не толькі паміж настаўнікам і вучнем, але і паміж самімі вучнямі. Гэтыя формы навучання амаль выключылі зносіны дзяцей падчас работы, што не магло не адбіцца на іх цікавасці да вучобы.

Мэта ж тэхналогіі групавога навучання — стварыць умовы для развіцця пазнавальнай самастойнасці вучняў, іх камунікатыўных уменняў і інтэлектуальных здольнасцей пры дапамозе ўзаемадзеяння падчас выканання групавога задання для самастойнай работы.

Прынцып работы ў групе заключаецца ў перадачы вучням функцый, якія традыцыйна належаць настаўніку: інфармацыйных, арганізацыйных, кантралюючых і (часткова) ацэньваючых. Тэмп работы залежыць ад складу групы. Вучань індывідуальна ўспрымае інфармацыю, але падчас засваення ведаў яму неабходна выказвацца, даваць абгрунтаванне рашэнням. З пункту гледжання паэтапнага фарміравання ведаў найбольш эфектыўна матэрыял асэнсоўваецца вучнямі, калі свае думкі яны выказваюць уголас.

Лічу тэхналогію групавога навучання адной з самых прымальных на ўроку матэматыкі. Па-першае, таму што гэты тып заняткаў лёгка ўпісваецца ў адукацыйны працэс. Па-другое, групавая тэхналогія забяспечвае не толькі паспяховае засваенне матэрыялу ўсімі вучнямі, але і інтэлектуальнае, духоўнае развіццё дзяцей, іх самастойнасць, добразычлівасць у адносінах адно да аднаго, камунікабельнасць, жаданне дапамагчы іншым. Групавая дзейнасць не ізалюе вучняў адно ад аднаго — наадварот, дае магчымасць рэалізаваць іх прыроднае імкненне да зносін, узаемадапамогі і сумеснай працы. Вучням бывае псіхалагічна складана звяртацца за тлумачэннем да настаўніка і значна прасцей — да сваіх равеснікаў. Ды і навукай даказана: вучні лепш разумеюць сваіх равеснікаў. У выніку адны вучні атрымліваюць адказы на свае пытанні, а іншыя могуць праверыць свае веды і вучацца выказваць свае думкі. Цікавым на сучасным уроку з’яўляецца і ўзровень моўнай актыўнасці класа. У час групавой работы гавораць адначасова некалькі чалавек. На традыцыйным уроку большую частку часу гаворыць настаўнік.

Групавая форма работы вырашае тры асноўныя задачы: канкрэтна-пазнавальную, якая звязана з непасрэднай вучэбнай сітуацыяй; камунікатыўна-развіццёвую, у працэсе якой выпрацоўваюцца асноўныя навыкі зносін унутры групы і за яе межамі; сацыяльна арыентаваную, якая выхоўвае грамадзянскія якасці, неабходныя для адэкватнай сацыялізацыі індывіда ў грамадстве.

Пры групавой форме дзейнасці дзялю клас на групы для вырашэння канкрэтных вучэбных задач. Пры фарміраванні вучэбнай групы важна ўлічваць не толькі вучэбныя магчымасці вучня, але і рысы яго характару. Гэта неабходна для стварэння камфортнай абстаноўкі падчас вучэбнай дзейнасці. Групавая форма работы дапамагае вучням лепш пазнаваць адно аднаго. Часам узнікаюць непаразуменні паміж імі, з’яўляюцца жадаючыя перайсці з адной групы ў іншую. Аптымальны склад груп фарміруецца паступова. У большасці груп ён застаецца стабільным на працягу навучальнага года. Дзеці прывыкаюць адно да аднаго, адчуваюць падтрымку ў сумеснай рабоце. Гэта прыносіць ім задавальненне.

Пры камплектаванні груп улічваю ўзровень паспяховасці вучняў і характар міжасобасных зносін. Школьнікаў можна аб’яднаць у групы або па аднароднасці, або па разнароднасці вучэбных поспехаў. Але група, якая складаецца толькі са слабых вучняў, сябе не апраўдвае.

Часцей за ўсё фармірую групы з вучняў, у якіх розныя вучэбныя здольнасці. Валодаючы рознай працаздольнасцю, яны дапаўняюць адно аднаго. Прапаноўваю групе заданне, якое складаецца з некалькіх задач рознага ўзроўню. У адпаведнасці са сваімі здольнасцямі кожны член групы выбірае тую задачу, якую зможа рашыць. Падчас працы падтрымліваю сумесныя абмеркаванні, звароты за парадай да сябра. Вучні з высокім узроўнем вучэбных здольнасцей, як правіла, паспяваюць выканаць заданне хутчэй, дзякуючы чаму ў іх застаецца час, каб дапамагчы сябрам. Разам аналізуючы матэрыял, рашаючы задачы, вучні дасягаюць больш высокіх вынікаў. Моцны вучань, які паспяхова спраўляецца з заданнем, мімаходам дапамагае менш здольнаму зразумець матэрыял, назіраючы за яго работай, папярэджвае з’яўленне памылак. У выніку ён сам засвойвае матэрыял глыбей, грунтоўней.

Кожная група атрымлівае пэўнае заданне (аднолькавае або дыферэнцыраванае) і выконвае яго сумесна пад кіраўніцтвам лідара групы або настаўніка. Часам вучні працуюць у перакрыжаваных групах — спачатку выконваюць заданні ў сваіх групах, а потым тлумачаць матэрыял удзельнікам іншых груп. Папярэдне ставяцца вучэбныя задачы, праводзіцца кароткі інструктаж. На першым этапе кожны ўдзельнік вылучае гіпотэзы, версіі, выкладае сваю пазіцыю. Ад астатніх удзельнікаў патрабуецца цярпенне, павага да чужога пункту гледжання. Дзеці абмяркоўваюць і складаюць план, вызначаюць спосабы яго рэалізацыі, размяркоўваюць абавязкі.

На другім этапе дзейнасці вучні разглядаюць выказаныя гіпотэзы. Часам ідэі абмяркоўваюцца адразу ж пасля выказвання. Тут важна ўмець слухаць, тлумачыць сваю згоду або нязгоду.

На трэцім этапе выпрацоўваецца групавое рашэнне. Яно з’яўляецца пасля крытычнай ацэнкі прапанаваных варыянтаў і выбару агульнага, найбольш аптымальнага з іх.

Затым разбіраюцца вынікі работы груп. У кожнай з іх выбіраюць выступоўцу, які расказвае аб выніках. Думкі груп фіксуюцца на дошцы і абмяркоўваюцца.

Але не любы вучэбны матэрыял подыходзіць для групавой работы. Ёсць два галоўныя патрабаванні: па-першае, па сваёй структуры заданне павінна быць такім, каб яго можна было падзяліць на асобныя падзадачы і падпункты. Па-другое, яно павінна быць дастаткова складаным, пажадана праблемным, дапускаць розныя пункты гледжання, несупадзенне пазіцый.

Арганізацыя працы ў групах на розных этапах навучання мае свае асаблівасці.

На этапе фарміравання ведаў спачатку праводжу з вучнямі франтальны разбор матэрыялу, а затым паўторны разбор вывучаемага матэрыялу ў групах. Для гэтага на дошцы загадзя запісваю пытанні, якія разбіраюцца ў групах. Пры такой арганізацыі навучання кожны вучань выказвае свае думкі ўголас. Ён падвяргаецца пааперацыйнаму ўзаемнаму кантролю, што садзейнічае поўнаму асэнсаванню, глыбокому засваенню ведаў, свядомаму аперыраванню імі. Затым з дапамогай франтальнага апытання падводжу вынік, фармулюючы асноўныя вывады па разглядаемай праблеме.

Пасля доказу тэарэмы каля дошкі прапаноўваю вучням разабраць яе непасрэдна за партамі. Вучні ў групах пачынаюць аднаўляць доказ. З’яўляюцца цяжкасці ў аднаго — прыходзяць на дапамогу іншыя, узнікаюць умовы для асэнсаванага засваення матэрыялу. Затым разбіраем усе цяжкасці і коратка фармулюем высновы. Такім жа чынам працуем над вывадам матэматычных формул.

Напрыклад, у 8 класе пры вывучэнні тэмы “Рашэнне квадратных ураўненняў” кожная група выконвае аднолькавае заданне: скласці алгарытм рашэння квадратнага ўраўнення. Адзін з вучняў кожнай групы прадстаўляе вынік работы сваёй групы, а іншыя вучні яго дапаўняюць або абвяргаюць. Калі вынікі работы груп супярэчаць адзін аднаму, можна арганізаваць праблемную гутарку для вырашэння неадпаведнасці.

Практыкую групавое апытанне, часцей — пры паўтарэнні і замацаванні матэрыялу пасля завяршэння пэўнага раздзела праграмы. Пытанні складае настаўнік. Апытанне вядзецца ва ўсіх групах адначасова. Кожны член групы атрымлівае ад кансультанта шэраг пытанняў. Пры гэтым адказы вучняў дапаўняюць, каменціруюць і ацэньваюць усе члены групы. Такая форма дзейнасці садзейнічае выхаванню ў школьнікаў пачуцця ўзаемнай патрабавальнасці і адказнасці за сваю вучобу.

Пры рашэнні задач выкарыстоўваю метад “Прадоўжы”. На дошцы рашаем задачу. Праверыць і замацаваць яе дапамагаюць разгорнутыя каментарыі: як рашалася задача? (Па ланцужку члены групы тлумачаць кожны па адным кроку рашэння задачы.) Гэты ж метад выкарыстоўваю пры доказе тэарэм па геаметрыі. У 7 класе прымяняла яго пры вывучэнні тэмы “Лінейныя ўраўненні”. Групы атрымалі розныя заданні. Кожнаму члену групы неабходна было рашыць сваё лінейнае ўраўненне, каб вызначыць невядомую каардынату пункта. Напрыклад:

1. 6х+10=4х+12 (х;3),

2. 7х+25=10х+6 (х; 46),

3. у+16=8у-9 (5;у) і іншыя.

Затым кожны член групы будаваў свой пункт і злучаў яго з папярэднім пунктам. У выніку атрымаўся малюнак на каардынатнай плоскасці. Можна адзін складаны малюнак раздзяліць на фрагменты і даць розным групам, а можна падрыхтаваць заданні з рознымі малюнкамі.

Зручны таксама метад “Мазгавы штурм”. Так, пры вывучэнні тэмы “Падобнасць трохвугольнікаў” у 8 класе прапаноўваю заданне праверыць, ці з’яўляюцца прапарцыянальнымі ў падобных трохвугольніках другія яго элементы (вышыні, медыяны, бісектрысы). Унутры групы размяркоўваюцца ролі. Вучні думаюць і запісваюць усё, што яны ведаюць па дадзенай тэме (5—7 мінут). Затым абменьваюцца інфармацыяй, абмяркоўваюць ідэі. Пасля прыняцця калектыўнага рашэння ўнутры групы заслухоўваюцца паведамленні ад розных груп. Вучні робяць выснову аб прапарцыянальнасці ўсіх лінейных велічынь у падобных трохвугольніках.

Акрамя таго, прымяняю метад “Паляванне на скарб”. Напрыклад, складаю пытанні па тэме “Медыяна, вышыня, бісектрыса” ў 7 класе. Пытанні могуць патрабаваць як ведання фактаў, так і асэнсавання або разумення. Напрыклад: “Што для студэнтаў азначае слова “медыум”?”, “Ці можа медыяна трохвугольніка быць роўнай суседняй старане?”, “Ці можа ў трохвугольніку вышыня з’яўляцца медыянай, але не з’яўляцца бісектрысай?”. Група павінна адказаць на пытанні, выкарыстоўваючы інтэрнэт, падручнік або іншыя крыніцы інфармацыі.

Групавая форма работы можа быць эфектыўнай падчас праверкі дамашніх заданняў, а таксама пры падрыхтоўцы да кантрольнай работы, дзе вучні калектыўна шукаюць рашэнне задачы, праводзяць самаацэнку і ацэньваюць работу адно аднаго.

Аснова маёй педагагічнай дзейнасці — павага да асобы вучня. Хачу, каб дзеці не баяліся ўрокаў матэматыкі. Калі правільна арганізаваць групавую работу і забяспечыць дзяцей дастатковай колькасцю заданняў з абавязковым абменам інфармацыяй, нават маўчуны загавораць, бо пры ўзаемадзеянні ў групах або парах фарміруецца камунікатыўная кампетэнтнасць. А гэта адна з найважнейшых умоў якаснага навучання.

Таццяна БЯНЬКО,
настаўніца матэматыкі Паляцкішскай сярэдняй школы
Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці.