Дапамажы, калі можаш, накіруй, калі бачыш!

- 11:13Людзі адукацыі

Ні адну з падзей у школе — значных і не вельмі — не абмінае ўвагай гэты чалавек. Неардынарны погляд на справу і ўменне дадаць іскрынку ў любую імпрэзу сталі візітоўкай настаўніцы працоўнага навучання сярэдняй школы № 5 Навагрудка Людмілы Аляксандраўны Макарэвіч.

У народзе кажуць: “Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім”. Шырокі дыяпазон творчай дзейнасці Людмілы Аляксандраўны не мае меж. Педагог паспяхова рэалізоўвае цікавыя задумы з выхаванцамі ў клубах “Палітра”, “Інтэлектуал”, швейнай майстэрні “Чараўніца”, на факультатыўных занятках “Тэкстыльныя фантазіі” і, безумоўна, на ўроках працоўнага навучання.

“За 27 гадоў працы ў школе я заўсёды прытрымлівалася думкі, што настаўнік да таго часу захоўвае сваё права вучыць іншых, пакуль сам вучыцца”, — лічыць Людміла Аляксандраўна. Таму заняткі працоўнага навучання ў школе — гэта ўрокі сумеснай творчасці настаўніка і вучня, на якіх кожны ўдзельнік — своеасаблівы кулінар. У кожнага ёсць свой рэцэпт, але самы карысны заўсёды той, які прызнаецца правільным усімі. Мае выхаванцы заўсёды адчуваюць сваю значнасць на ўроку, таму што кожны з іх уносіць асабісты ўклад у прадукт вучэбнай дзейнасці”.

І такі падыход да навучання дае станоўчыя вынікі. На працягу апошніх пяці гадоў вучні педагога з’яўляюцца прызёрамі ўсіх этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні.

Людміла Аляксандраўна з’яўляецца аўтарам і арганізатарам школьнага клуба “Інтэлектуал”, каманды якога ўвесь час становяцца пераможцамі і прызёрамі раённага і ўдзельнікамі абласнога этапаў спаборніцтваў па інтэлектуальных гульнях.

Педагог шмат працуе над развіццём творчых здольнасцей вучняў у розных напрамках. Навучэнцы клуба “Палітра” паспяхова ўдзельнічаюць у абласных і Міжнародных конкурсах малюнкаў. Акрамя таго, вучні спрабуюць сябе ў вершаскладанні і становяцца прызёрамі абласных конкурсаў у намінацыі “Паэзія”.

Л.А.Макарэвіч пастаянна знаходзіцца ў творчым пошуку. Ёй падабаецца ствараць новыя праекты і працаваць над павышэннем уласнага прафесійнага майстэрства. Штогод Людміла Аляксандраўна ўдзельнічае ў міжнародных семінарах, абласных майстар-класах сярод педагогаў дадатковай адукацыі, сама праводзіць раённыя майстар-класы для настаўнікаў па вырабе лялек і беларускіх сувеніраў.

Наяўнасць сертыфіката карыстальніка інфармацыйных тэхналогій дазволіла педагогу распрацаваць электронны адукацыйны рэсурс “Трэнажор для праверкі і кантролю ведаў па тэме “Кулінарыя”, праект “Школа энергазберажэння”, якія адзначаны дыпломамі I ступені на раённым узроўні. Таксама настаўнік стварае мультымедыйныя прэзентацыі, якія паспяхова выкарыстоўваюцца ва ўстанове адукацыі.

Важнае значэнне педагог надае ідэалагічнаму выхаванню вучняў. Сумесна з выхаванцамі Людміла Аляксандраўна распрацавала сімволіку нашай школы, напісала словы гімна. Значнай падзеяй стала стварэнне лагатыпа маладзёжнага парламента пры Навагрудскім раённым Савеце дэпутатаў і Гродзенскай вобласці.

За высокія вынікі ў працы Л.А.Макарэвіч неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі раённага і абласнога ўзроўняў, а ў 2018 годзе педагог занесена на раённую Дошку гонару.
“Я люблю дзяцей, і працаваць з імі заўсёды цікава. Увесь час у сваёй працы прытрымліваюся думкі: дапамажы, калі можаш, накіруй, калі бачыш. Гэта маё педагагічнае крэда”, — падкрэслівае настаўніца.

Алена КАЗАК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 5 Навагрудка.