Дапамога афтальмолагаў — па месцы вучобы

- 11:21Сацыяльны ракурс

З верасня аднавіліся агляды навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Віцебшчыны ў рамках дабрачыннага праекта “Я вижу!”.

У новым навучальным годзе праект пашырыўся: да дзвюх дзеючых мабільных медыцынскіх брыгад далучылася трэцяя. Па снежань уключна медыкі будуць працаваць у Мёрскім, Талачынскім, Чашніцкім, Лёзненскім, Гарадоцкім, Віцебскім, Ушацкім, Шаркаўшчынскім, Шумілінскім, Полацкім, Лепельскім, Браслаўскім і Пастаўскім раёнах, а ўсяго за час ажыццяўлення праекта праверыць зрок і атрымаць кансультацыі афтальмолагаў змогуць 15 тысяч школьнікаў з 21 раёна вобласці. Агляды навучэнцаў 1—11 класаў па месцы вучобы праводзяцца для таго, каб дзеці і падлеткі як мага раней даведаліся пра магчымыя парушэнні здароўя і атрымалі своечасовую дапамогу.

Па выніках аглядаў навучэнцам выдаюць урачэбныя заключэнні аб стане зроку, памяткі з правіламі захавання здароўя вачэй, а пры неабходнасці — рэцэпты і накіраванні на далейшую дыягностыку або аперацыйнае лячэнне. Праект “Я вижу!” рэалізоўваецца Беларускім дзіцячым фондам і кампаніяй A1 пры падтрымцы Віцебскага аблвыканкама і Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Першы этап праекта ў паўночным рэгіёне краіны быў рэалізаваны мінулай вясной у сельскіх школах Аршанскага, Дубровенскага, Бешанковіцкага, Глыбоцкага, Докшыцкага, Расонскага і Сенненскага раёнаў. За тры месяцы дыягностыку зроку прайшлі каля 5,5 тысячы навучэнцаў.

— Клопат пра здароўе дзяцей — адна з прыя­рытэтных задач нашай арганізацыі, — адзначыла намеснік дырэктара Беларускага дзіцячага фонду Ірына Чарнякова. — У тым ліку клопат пра захаванне зроку школьнікаў, а значыць, якасці іх жыцця. Дзякуючы праекту “Я вижу!” ужо чацвёрты год афтальмалагічная дапамога прыходзіць да дзяцей туды, дзе яны жывуць і вучацца. Бацькі тут жа сустракаюцца з урачамі і атрымліваюць кансультацыі аб стане здароўя свайго дзіцяці, бо многія дзеці і іх бацькі даведваюцца аб праблемах са зрокам толькі з прыездам урачоў мабільных брыгад. А чым раней будзе пачата лячэнне, тым большая верагоднасць не дапусціць складаных паталогій.

Работа мабільных брыгад, набыццё спецыяльнага абсталявання, аплата працы афтальмолагаў і іншыя выдаткі, звязаныя з рэалізацыяй праек­та, фінансуюцца Беларускім дзіцячым фондам са сродкаў, сабраных кампаніяй A1 падчас штогадовай дабрачыннай акцыі “Рабіць дабро так проста!”. У 2019 годзе на рахунак фонду было пералічана 176 920 рублёў. Па словах кіраўніка групы па карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці A1 Віктара Пазнякова, дапамога дзецям застаецца нязменным прыярытэтам карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці кампаніі А1. Цяпер да праекта далучылася дадатковая брыгада ўрачоў, што дазволіць ахапіць яшчэ большую колькасць устаноў адукацыі і не толькі працягнуць выяўляць праблемы са зрокам, але і гаварыць са школьнікамі пра спосабы недапушчэння гэтых хвароб. Віцебская вобласць — чац­вёрты з беларускіх рэгіёнаў, ахопленых праектам “Я вижу!”. З 2016 па 2018 год афтальмалагічныя агляды прайшлі ў Магілёўскай, Гомельскай і Брэсцкай абласцях. Быў правераны зрок у 36,8 тысячы навучэнцаў. Больш чым у 33,8 тысячы з іх дыягнаставаны паталогіі, пераважная частка — упершыню менавіта ў ходзе праекта.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота з архіва арганізатараў праекта.