Дапамога дарагая, калі яна своечасовая

- 14:41Сацыяльны ракурс

Сям’я ў крызісе, нядобранадзейная сям’я — за кароткім абазначэннем сітуацыі хаваецца вялікае кола складаных праблем, самая балючая з якіх — сацыяльнае сіроцтва, а яшчэ павышэнне рызыкі фарміравання ў дзяцей з такіх сем’яў няўдалых жыццёвых сцэнарыяў, дрэннай вучобы, дэвіянтных паводзін. Своечасовая і дасведчаная дапамога гэтым сем’ям можа і павінна стаць добрай прафілактыкай, шляхам да вырашэння праблем. У Бешанковіцкім раённым сацыяльна-педагагічным цэнтры, што на Віцебшчыне, распрацавалі і нядаўна пачалі рэалізоўваць праект па прафілактыцы сямейнай нядобранадзейнасці і сацыяльнага сіроцтва “Добранадзейная сям’я — шчаслівыя дзеці”.

Напэўна, вам даводзілася чуць, а можа, і самім разважаць пра тое, што ў наш час страчваюць сваю значнасць сямейныя каштоўнасці. У любым выпадку, пра тое, што колькасць разводаў расце, а злачыннасць у сямейна-бытавым асяроддзі, колькасць канфліктаў асабліва не зніжаецца, ведае кожны. Дзецям у такім асяроддзі даводзіцца асабліва цяжка.

— У нашым раёне таксама ёсць пэўная колькасць нядобранадзейных, крызісных сем’яў, у якіх бацькі не выконваюць належным чынам свае абавязкі па ўтрыманні і выхаванні дзяцей, — гаворыць дырэктар СПЦ Наталля Іванаўна Булыня. — Дзеці, якія жывуць у такіх сем’ях, засвойваюць негатыўную мадэль сямейных адносін, дэструктыўныя жыццёвыя ўстаноўкі бацькоў і ў далейшым аднаўляюць іх у сваіх сем’ях. І, канечне, такія сітуацыі часта прыводзяць да пазбаўлення мам і татаў бацькоўскіх правоў або да абмежавання іх у такіх правах. Вось мы і вырашылі пачаць уласны сацыяльны праект па прафілактыцы сямейнай нядобранадзейнасці і сацыяльнага сіроцтва.

Безумоўна, праект рэалізоўваецца сумеснымі намаганнямі, бо аднаму цэнтру такую маштабную справу наўрад ці ўдасца ажыццявіць максімальна эфектыўна. Садзейнічае і каардынуе работу аддзел па адукацыі Бешанковіцкага райвыканкама, супрацоўнічаюць з сацыяльна-педагагічным цэнтрам многія зацікаўленыя суб’екты. І ўсе яны згодны з тым, што галоўнае ў прафілактычнай рабоце — стварэнне ўмоў, якія спрыяюць папярэджанню сямейнай нядобранадзейнасці і яе выніку — сацыяльнага сіроцтва.

— Мы лічым, што для гэтага трэба ўмацаваць сістэму бесперапыннай сацыяльна-педагагічнай, сацыяльна-псіхалагічнай і сацыяльна-прававой дапамогі і падтрымкі бацькоў і непаўналетніх, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, — тлумачыць намеснік дырэктара СПЦ па асноўнай дзейнасці — загадчыца дзіцячага прытулку Святлана Дзмітрыеўна Снітко. — Не менш важна арганізаваць дзейснае супрацоўніцтва з іншымі арганізацыямі, зацікаўленымі ў прафілактыцы сямейнай нядобранадзейнасці, забяспечыць ранняе выяўленне такіх сем’яў. Абавязкова трэба павышаць педагагічную кампетэнтнасць бацькоў у пытаннях выхавання і навучання дзяцей, для таго каб пераадолець цяжкасці ў адносінах бацькоў і іх сыноў і дачок. І, канечне, мы гатовы дапамагаць сем’ям у перыяд іх рэабілітацыі. 

Такім чынам, праект прадугледжвае ўдзел і непаўналетніх, і дарослых: бацькоў, педагагічных калектываў устаноў адукацыі, іншых дзяржаўных органаў. Безумоўна, такой работай у раёне займаліся і раней, напрыклад, тут сфарміраваны і штомесяц абнаўляецца банк даных дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы (на 1 снежня ў ім было 30 непаўналетніх з 14 сем’яў); дзяцей, якім неабходна дзяржаўная абарона (4 дзіцяці, 3 сям’і); абавязаных асоб, якія маюць на ўтрыманні непаўналетніх дзяцей (7 бацькоў, 6 сем’яў, якія выхоўваюць 9 дзяцей на 1.12.2020). Таксама абнаўляецца банк асоб (бацькоў), якія стаяць на прафілактычным уліку ў Бешанковіцкім РУУС (122 чалавекі), — з імі праводзіцца пастаянная прафілактычная работа.

Распрацаваўшы праект, тутэйшыя спецыялісты вызначылі канкрэтныя даты, мерапрыемствы, узгодненыя дзеянні на пэўны тэрмін — 2020—2023 гады. За гэты час мэтанакіраванай работы спадзяюцца дабіцца паляпшэння мікраклімату ў сем’ях, прывядзення да мінімуму фактараў рызыкі ў нядобранадзейных сем’ях, нармалізацыі дзіцяча-бацькоўскіх адносін і стварэння станоўчых умоў для выхавання дзіцяці ў біялагічнай сям’і, павышэння педагагічнай культуры бацькоў, павышэння самаацэнкі сям’і, яе адаптацыі ў грамадстве.

Пакуль праект набірае абароты, але пэўныя крокі ўжо зроблены. Штогод арганізоўваецца і будзе праводзіцца пастаянна летняе аздараўленне дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, вядзецца заахвочванне хлопчыкаў і дзяўчынак з нядобранадзейных сем’яў да розных відаў пазашкольнай і пазакласнай дзейнасці, забяспечваецца ўдзел кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый у індывідуальнай рабоце з бацькамі, чые дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, каму неабходна дзяржаўная абарона, пастаянна абнаўляюцца інфармацыйныя матэрыялы на сайтах устаноў адукацыі па адпаведнай тэматыцы, спецыялісты СПЦ выязджаюць у гэтыя ўстановы для правядзення круглых сталоў, семінараў-практыкумаў і г.д.

У кастрычніку — лістападзе педагогі-псіхолагі ўстаноў адукацыі раёна правялі першаснае сацыяльна-педагагічнае анкетаванне, накіраванае на вывучэнне сітуацыі ў сем’ях, каб выявіць дзяцей, якія пакутавалі ад насілля, жорсткага абыходжання, запоўнілі карты назіранняў для выяўлення знешніх фізічных і паводзінскіх праяўленняў, характэрных для дзяцей, якія перажылі сітуацыю насілля. Таксама ў кастрычніку прайшло анкетаванне “Псіхалагічнае здароўе” на выяўленне груп рызыкі (крызіснага стану ў дзяцей і падлеткаў). Інфармацыя анкет абагульняецца, арганізоўваецца карэкцыйная работа па выяўленых праблемах.

У кастрычніку паспелі правесці акцыю “Цані і любі жыццё”, тыдзень маці, у лістападзе — тыдзень псіхалогіі. Індывідуальныя кансультацыі для бацькоў і падлеткаў па пытаннях дзіцяча-бацькоўскіх адносін праводзяцца пастаянна, як і кансультацыі бацькоў па выхаванні, утрыманні дзіцяці, падтрыманні добразычлівай атмасферы дома, прафесійнага самавызначэння непаўналетніх. Пры неабходнасці праект прадугледжвае крызіснае кансультаванне. Наогул мерапрыемствы распланаваны на ўвесь тэрмін дзеяння праекта, сярод іх ёсць, напрыклад, штогадовы раённы сход для бацькоў з нядобранадзейных сем’яў, цыкл бацькоўскіх сходаў “Сямейныя крызісы, як іх пераадолець” і інш.

Бацькі ўцягнуты ў работу бацькоўскага ўніверсітэта пры Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Бешанковіцкага раёна, устаноў адукацыі, у работу клуба “Цяпло сям’і” пры сацыяльна-педагагічным цэнтры. Штомесяц з імі сустракаюцца медыкі (урач-нарколаг, педыятр і іншыя). Не радзей чым 2 разы на месяц прадстаўнікі суб’ектаў прафілактыкі наведваюць сем’і, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы або якім неабходна дзяржаўная абарона, устаноўлены кантроль за паводзінамі бацькоў у вячэрні час і выхадныя дні. 

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва Бешанковіцкага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра.