Дапамога і суправаджэнне замест адміністравання

Сёлета заканчваецца дзеянне Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на 2011—2015 гады. Адна з яе задач — стварэнне ўмоў для скарачэння сацыяльнага сіроцтва і развіцця сямейных форм уладкавання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі. Як вынік — у рамках праграмы распрацоўваўся шэраг праектаў па гэтай тэматыцы. Сярод іх — “Вывучэнне асаблівасцей выхаваўчага працэсу ва ўмовах дзіцячых вёсак (гарадкоў) і распрацоўка для іх праграмна-метадычных матэрыялаў”.
Аб выніках работы над гэтым праектам і ў цэлым аб перспектывах і развіцці такой формы ўладкавання дзяцей, якія засталіся без роднай сям’і, як дзіцячыя вёскі, мы сёння гутарым з Верай Васільеўнай МАРТЫНАВАЙ, дэканам факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

— Вера Васільеўна, чым абгрунтавана неабходнасць звароту менавіта да тэмы развіцця дзіцячых вёсак для дзяцей-сірот?
— Уключэнне такога праекта ў праграму — гэта складнік рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі па сямейным уладкаванні асірацелых дзяцей. Сёння дзіцячыя вёскі і гарадкі — гэта адметная форма ўладкавання, выхавання, арганізацыі жыцця дзяцей-сірот. Асаблівасцю дзейнасці такіх устаноў з’яўляецца тое, што некалькі сямейных груп аб’ядноўваюцца ў адзіную сацыяльна-педагагічную ўстанову адукацыі, якую ўзначальвае дырэктар, якая мае сацыяльна-педагагічную і псіхалагічную службу ў сваёй структуры. Кожная сямейная група жыве ў асобным доме ці кватэры і будуе сваё жыццё па прынцыпах жыццядзейнасці сям’і. У кожнай з іх фарміруюцца і ствараюцца свае сямейныя ўмовы жыцця, умовы развіцця асобы выхаванцаў, сямейныя традыцыі. Пры гэтым дырэктар і спецыялісты дзіцячай вёскі ажыццяўляюць дапамогу і падтрымку сямейных груп, не дыктуючы свае ўмовы. Менавіта мама разам з дзецьмі, зыходзячы з уласнага вопыту, асаблівасцей дзяцей, якія жывуць з ёй, стварае сямейны мікраклімат.
У цяперашні час у краіне дзейнічаюць тры такія дзяржаўныя ўстановы: дзіцячая вёска “Вытокі” ў Бараўлянах, Кобрынская дзіцячая вёска і Дзіцячы гарадок Ленінскага раёна Мінска. Акрамя таго, у краіне дзейнічаюць прыватныя дзіцячыя вёскі — SOS-дзіцячыя вёскі грамадскага аб’яднання Беларускі фонд “SOS-Дзіцячая вёска”.

— З апошніх, уласна кажучы, і пачыналася гісторыя стварэння дзіцячых вёсак у нашай краіне?
— Так, больш за 20 гадоў назад з’явіліся гэтыя аб’яднанні ў Беларусі. Як паказала практыка, дзейнасць такіх устаноў сябе апраўдала. Гэты вопыт быў падтрыманы, і былі створаны такія ж дзяржаўныя аб’яднанні. Але ў сваёй дзейнасці дзіцячыя вёскі сутыкаюцца з шэрагам праблем — выхаваўчага, арганізацыйнага характару, якія патрабуюць грунтоўнага вывучэння і пошуку шляхоў вырашэння. Па сутнасці, на гэта і накіраваны названы праект.
Логіка распрацоўкі і рэалізацыі праекта якраз і пачыналася з таго, каб вывучыць асаблівасці выхаваўчага працэсу ва ўмовах дзіцячых вёсак і гарадкоў. Пасля вывучэння стану выхавання намі былі выдзелены і класіфікаваны тыповыя праблемы выхавання дзяцей у такіх установах.

— Якія праблемы вы выдзелілі б у першую чаргу?
— У прыватнасці, адзін з ключавых момантаў — як і па якіх прынцыпах падбіраюцца дзеці ў сямейную групу. Для паспяховага функцыянавання сямейнай групы вельмі важна правільна падабраць дзяцей — з улікам іх псіхалагічнай сумяшчальнасці, сяброўскіх прыхільнасцей і г.д.
Другая катэгорыя праблем — падрыхтоўка бацькоў-выхавальнікаў да работы ў такой сямейнай групе. Сёння ў дзяржаўных і прыватных дзіцячых вёсках патрабаванні да кандыдатаў на гэтую ролю розныя. Так, у прыватнасці, у SOS-вёсках абавязковае патрабаванне да кандыдата на ролю мамы-выхавальніцы — незамужняя жанчына без дзяцей, якая б магла прысвяціць сваё жыццё выхаванню дзяцей дзіцячай вёскі. У дзяржаўных установах падыход крыху іншы. Сёння ў якасці мамы-выхавальніцы падбіраецца жанчына, якая мае вопыт выхавання ўласных дзяцей, нават маецца на ўвазе, што яе родныя дзеці могуць жыць у сямейнай групе. Да таго ж у дзіцячай вёсцы “Вытокі” склалася практыка, калі ў сямейнай групе ёсць мама і тата.
Але пры ўсёй рознасці гэтых падыходаў ёсць і агульнае патрабаванне — прафесійная падрыхтоўка будучых бацькоў-выхавальнікаў. Напрыклад, адна мама-выхавальніца дзіцячага гарадка расказвала, што яна сама педагог па адукацыі, выхавала дзвюх родных дачок і вырашыла, калі дзеці пайшлі ў самастойнае жыццё, аддаць свой час выхаванню дзяцей-сірот. Яна лічыла, што валодае ўсім неабходным патэнцыялам для гэтага — і прафесійным, і асабістым вопытам. Як выявілася пазней, памылялася: у сваёй прафесійнай дзейнасці ў якасці мамы-выхавальніцы ёй давялося сутыкацца з такімі задачамі і праблемамі, пра якія раней яна нават і падумаць не магла. Для правільнага іх вырашэння і неабходна спецыяльная падрыхтоўка.
Наступная праблема — стварэнне бацькамі-выхавальнікамі неабходных умоў для выхавання. Пры аб’яднанні ў сямейную групу дзеці, безумоўна, адчуваюць шэраг праблем: адаптацыя да новых умоў жыцця, навучання ў новых установах адукацыі, фарміраванне сямейнага ладу жыцця, сямейных адносін. На ўсё гэта і павінны працаваць калектывы дзіцячых вёсак.

— У адпаведнасці з выяўленымі праблемамі распрацоўваліся і метадычныя матэрыялы для дзейнасці дзіцячых вёсак?
— Так. Напрыклад, у рамках праекта была распрацавана мадэль выхаваўчага працэсу ў дзіцячых вёсках і гарадках і праграма выхаваўчага працэсу ў такіх аб’яднаннях, якія прадугледжвалі адаптацыю дзіцяці, яго інтэграцыю ва ўстанову адукацыі. Дарэчы, гэтая праблема — адаптацыя, ідэнтыфікацыя і інтэграцыя ў калектыве аднагодкаў — характэрна ў цэлым для ўсіх дзяцей, якія выхоўваюцца ў замяшчальных сем’ях. Часта “сямейныя” дзеці не гатовы да ўспрымання дзіцяці з асаблівым лёсам, у падлеткавым узросце пачынаюць пытацца: “Адкуль ты?”, “Дзе твае бацькі?”, “Чаму не з імі?” і г.д. Іх бацькі таксама не заўсёды адэкватна ўспрымаюць дзіця з замяшчальнай сям’і. Часам назіраюцца няроўныя адносіны — залішняе шкадаванне ці, наадварот, прадузятае стаўленне — і з боку педагогаў. Таму і былі распрацаваны навукова-метадычныя асновы, як правільна ўвесці дзіця ў школьны клас, дашкольную групу: комплекс мер, якія павінны прыняць сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная службы школы, дзіцячага садка для таго, каб правільна інтэграваць дзіця ў дзіцячы калектыў, каб яно атрымала пэўны статус у класе, каб магло сябе рэалізаваць і фарміраваць адэкватную самаацэнку. На гэта працуе і распрацаваная ў рамках праекта Праграма інтэграцыі выхаванцаў, якая пакрокава і метадычна распісвае дзеянні бацькоў-выхавальнікаў, педагогаў, спецыялістаў СППС як дзіцячай вёскі, так і ўстановы, дзе дзіця вучыцца.

— Крыху раней вы гаварылі пра неабходнасць падрыхтоўкі будучых бацькоў-выхавальнікаў. На сёння ёсць зацверджаная Праграма падрыхтоўкі прыёмных бацькоў — яе абавязаны праходзіць усе кандыдаты на гэтую ролю. А ў адносінах да бацькоў-выхавальнікаў дзіцячых вёсак і гарадкоў ёсць такія патрабаванні?
— У рамках нашага праекта быў распрацаваны вучэбна-метадычны комплекс па фарміраванні кампетэнтнасці бацькоў-выхавальнікаў, Палажэнне аб школе бацькоў-выхавальнікаў і дыдактычныя матэрыялы па іх падрыхтоўцы. З улікам спецыфікі выхавання менавіта ў такой сямейнай групе была распрацавана тэматыка заняткаў, якія павінны быць адпрацаваны разам са спецыялістамі-псіхолагамі, сацыяльнымі педагогамі, а таксама комплекс ведаў, якія неабходна сфарміраваць менавіта для бацькоў-выхавальнікаў. Гэтая праграма распрацавана на аснове выяўленых тыповых праблем, якія сустракаюцца ў практыцы дзейнасці сямейнай групы дзіцячай вёскі. Так, у гэтай школе бацькі-выхавальнікі павінны сфарміраваць веды і навыкі дыягностыкі і даследавання ўзроўню развіцця дзіцяці, навучыцца вырашаць праблемы сямейнай сацыялізацыі, адаптацыі, інтэграцыі гэтых дзяцей у зусім новых умовах.
Яшчэ адзін немалаважны аспект дзейнасці школы — навучанне бацькоў-выхавальнікаў прафілактыцы прафесійнага выгарання. Гэта вельмі актуальная праблема. Згодна з праведзеным апытаннем, 50% бацькоў-выхавальнікаў адзначаюць напрыканцы дня эмацыянальнае апусташэнне і праблемы са сном. Уяўляеце, кожны другі! Акрамя таго, 25% апытаных сказалі, што перагружаны праблемамі дзяцей і адчуваюць, што “нервы нацягнуты да мяжы”. Над гэтай праблемай абавязкова неабходна працаваць, каб захаваць прафесійны патэнцыял замяшчальных бацькоў.

— Падаецца, што многія з агучаных праблем характэрны і для іншых форм замяшчальнага бацькоўства…
— Так, у гэтым і каштоўнасць нашага праекта. Многае з распрацаванага ў яго рамках з поспехам можна выкарыстоўваць не толькі ў рабоце дзіцячых вёсак, але і іншых форм замяшчальнага бацькоўства.

— Вера Васільеўна, а калі праблемы ў замяшчальных бацькоў і шляхі іх вырашэння ў многім падобныя, то ў чым перавага менавіта такой формы, як дзіцячыя вёскі і гарадкі?
— Сёння ў краіне каля 22 тысяч дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без папячэння бацькоў. Так складваецца сітуацыя, што ўсіх дзяцей мы не можам уладкаваць на ўсынаўленне — найбольш прыярытэтную форму. Таму павінны развівацца і іншыя — найбольш набліжаныя да сямейных умоў — формы выхавання. Кожная форма сямейнага ўладкавання дзяцей-сірот — прыёмныя, апякунскія сем’і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу — мае свае перавагі і найбольш падыходзіць для таго ці іншага дзіцяці. Так, сямейная група дзіцячай вёскі ці гарадка здольна прыняць адразу ўсіх дзяцей з мнагадзетнай сям’і. Прыёмнай сям’і гэта не заўсёды пад сілу. Перавага такога аб’яднання яшчэ ў адным: пастаяннае псіхолага-педагагічнае суправаджэнне, а дзесьці і кантроль сямейных груп.

— Апошнім часам мы бачым, што спецыялісты службы аховы дзяцінства не заўсёды дакладна ведаюць, што адбываецца, напрыклад, у дзіцячых дамах сямейнага тыпу…
— Так, такая праблема часам сустракаецца. Не заўсёды на месцах хапае рэсурсаў — проста чалавечых і прафесійных — каб якасна суправаджаць шмат разрозненых прыёмных сем’яў і дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. У дзіцячых вёсках і гарадках такіх праблем не існуе. Педагог-псіхолаг, сацыяльны педагог увесь час побач. Яны выдатна ведаюць асаблівасці кожнай сямейнай групы, кожнага выхаванца і працуюць па зваротах дзяцей, па сігналах бацькоў. Падкрэслю: аб’яднанне некалькіх сямейных груп у адно цэлае — гэта ў меншай ступені адміністраванне жыццядзейнасці сямейнай групы, у большай — дапамога, абарона і ў цэлым суправаджэнне.

— А як плануецца ўкараняць распрацоўкі праекта ў жыццё? Асабліва ўлічваючы той факт, што многае можа быць актуальным для розных груп замяшчальнага бацькоўства…
— Праект у цэлым арганізаваны такім чынам, што распрацаваныя матэрыялы адразу апрабоўваюцца і ўкараняюцца ў мэтавай групе — дзіцячых вёсках і гарадках. Што ж да больш шырокай аўдыторыі, то ў 2012 годзе матэрыялы нашага даследавання ўвайші ў дапаможнік “Выхаванне ў сямейнай групе сацыяльна-педагагічнай установы”. Ён ужо распаўсюджаны сярод зацікаўленых і, спадзяюся, садзейнічае арганізацыі ўсіх форм замяшчальнага бацькоўства. Акрамя таго, па выніках работы ў цэлым будзе выдадзены дапаможнік для бацькоў-выхавальнікаў, які будзе пакрокава падтрымліваць іх у прафесійнай дзейнасці. На працягу 2013—2014 гадоў быў праведзены шэраг рэспубліканскіх навукова-метадычных семінараў для кіраўнікоў, спецыялістаў і бацькоў — выхавальнікаў дзіцячых вёсак (гарадкоў). Да таго ж у мінулым годзе ўпершыню ў краіне для абмеркавання праблем выхавання дзяцей у дзіцячых вёсках (гарадках) прайшло сумеснае пасяджэнне спецыялістаў дзяржаўных і прыватных дзіцячых вёсак.
Уся гэтая дзейнасць — аб’ектыўная неабходнасць. Сёння відавочна: прафесіяналізацыя дзейнасці замяшчальнага бацькоўства — абавязковая ўмова паспяховага выхавання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі. Таму і неабходна навучанне бацькоў-выхавальнікаў — і праз спецыяльна арганізаваныя праграмы, і з дапамогай прафесійнай літаратуры.

— Але ж для прафесіяналізацыі гэтай дзейнасці не менш важная, чым падрыхтоўка замяшчальных бацькоў, і якасная падрыхтоўка спецыялістаў, прызваных суправаджаць замяшчальныя сем’і, — сацыяльных педагогаў, педагогаў-псіхолагаў?
— Безумоўна. Сёння сацыяльныя педагогі і педагогі-псіхолагі займаюцца пытаннямі арганізацыі і функцыянавання замяшчальных сем’яў, жыццеўладкаваннем асірацелых дзяцей, іх сацыяльна-педагагічным суправаджэннем. У БДПУ ўпершыню была пачата падрыхтоўка названых спецыялістаў. Сёння ўдасканаленню іх удзяляецца асаблівая ўвага. Напрыклад, падчас вучобы на факультэце сацыяльна-педагагічных тэхналогій студэнты вывучаюць шэраг спецыяльных дысцыплін, якія накіраваны на падрыхтоўку да работы з названай катэгорыяй: “Ахова дзяцінства”, “Педагогіка сям’і”, “Сацыяльна-педагагічная работа з дзецьмі-сіротамі” і інш. Абавязковая і практыка ў сацыяльна-педагагічных установах, дзе ёсць магчымасць пагружэння ў гэтую праблему. Трэці аспект такой падрыхтоўкі — валанцёрская дзейнасць на факультэце, якая зарадзілася ў нас каля 20 гадоў назад і з поспехам вядзецца і сёння. Такая дзейнасць шмат дае для падрыхтоўкі студэнтаў — ад унутранага прымання праблемы да практычнай адпрацоўкі пэўных навыкаў.
Шмат распрацавана дапаможнікаў, якія будуць карыснымі для тых, хто ўжо працуе ў гэтай сферы. Многія з іх — менавіта на факультэце сацыяльна-педагагічных тэхналогій. Напрыклад, “Сацыяльна-педагагічныя асновы патранатнага выхавання”, “Сацыяльна-педагагічнае суправаджэнне прыёмнай сям’і”, “Сацыяльна-педагагічная работа з сям’ёй”, “Сацыяльна-педагагічная работа з дзецьмі-сіротамі і дзецьмі, якія засталіся без бацькоў”.
Асобна хацелася б адзначыць такі дапаможнік, як “Маніторынг становішча дзяцей у замяшчальных сем’ях”. Гэта распрацаваная методыка для вывучэння жыцця і выхавання дзяцей у замяшчальных сем’ях, рэкамендаваная да работы Міністэрствам адукацыі. У гэтым дапаможніку распрацаваны стандарты, крытэрыі і паказчыкі становішча дзяцей-сірот у замяшчальных сем’ях. Распрацаваны інструментарый маніторынгу, які ўключае карту ацэнкі педагогам становішча дзіцяці, карту вынікаў псіхадыягнастычнага даследавання, апытальнікі для дзяцей у адпаведнасці з узростам і інш.
Усё гэта павінна спрыяць павышэнню прафесійнага ўзроўню і спецыялістаў, і бацькоў-выхавальнікаў і ў выніку садзейнічаць найлепшаму жыццеўладкаванню кожнага дзіцяці з асаблівым лёсам.

Алена МАРКЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.