Дапамогуць дары прыроды

- 12:00Адукацыйная прастора

Дарослыя павінны вучыць дзяцей не толькі бачыць, але і цаніць прыгажосць прыроды. Напрыклад, глядзець на аблокі і параўноўваць іх з казачным горадам ці з пэўнай жывёлай, збіраць апалае лісце і плесці з яго вяночкі ці складаць маляўнічыя букеты.

Падчас назіранняў за прыродай дзеці заўважаюць яе прыгажосць, у іх развіваецца маўленне, яны вучацца разважаць, усталёўваць прычынна-выніковыя сувязі. Так, з надыходам восені жаўцее лісце, бо становіцца менш сонечных дзён, а птушкі адлятаюць у вырай, бо з халадамі насякомыя хаваюцца і крылатым сябрам няма чым харчавацца.

Асенняя пара надзвычай багатая на дары, якія з’яўляюцца выдатным матэрыялам для творчасці і гульняў на карэкцыйных занятках. Так, з дапамогай жалудоў, арэхаў, каштанаў, шышак, некаторых фруктаў і садавіны можна адпрацоў­ваць пэўныя гукі, масажыраваць пальчыкі і далонькі, фарміраваць граматычны лад маўлення (“Палічы”, “Выкладзі фігуру”, “Правядзі дарожку”).

Асеннія лісцікі падыходзяць для развіцця дыхання (здзьмі лісцік са стала, з рукі; пакажы, як дзьме вецер) і сілы голасу (ветрык дзьме ціха “вввв”, гучна — “ВВВВ”). З дапамогай лісцікаў можна таксама ўтвараць прыналежныя прыметнікі (лісцік з дуба — дубовы), развіваць зрокава-прасторыя ўяўленні (кляновы лісцік ляжыць паміж бярозавым і дубовым).

Дзецям вельмі падабаюцца гульні “Магазін”, дзе грашыма выступаюць асеннія лісцікі, і “Сартуем ураджай”, дзе трэба вызначыць, што за фрукт ці садавіна ляжыць у мяшку, і падзяліць іх на групы.

Актыўна выкарыстоўваю на занятках ягады рабіны, якія добра падыходзяць для выкладвання літар, лічбаў і гукавых дарожак, а таксама для развіцця дыхання і дробнай маторыкі.

Вучыце дзяцей назіраць за прыроднымі з’явамі, зменай пор года, любіць навакольны свет. І тады выхаванцы абавязкова парадуюць вас адметным асеннім букетам, ярка-чырвонымі рабінавымі каралямі ці вяночкам з рознакаляровага лісця.

Юлія БРАШКІНА,
настаўнік-дэфектолаг ЦКРНіР Пінскага раёна.