Дапамогуць валанцёры

- 14:00Адукацыйная прастора

Навучэнцы Гарбавіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Чавускага раёна дапамагаюць ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і адзінокім пажылым людзям у расчыстцы снегу на прысядзібных участках.

 У школе даволі даўно функцыянуе валанцёрскі атрад пярвічкі БРСМ. У яго складзе зараз дзесяць навучэнцаў. Дзеці рэгулярна аказваюць пасільную дапамогу па гаспадарцы тым катэгорыям грамадзян, якія маюць у гэтым асаблівую патрэбу.

— Падтрымку ветэранам, пенсіянерам, людзям з абмежаванымі магчымасцямі аказваем пастаянна. Падтрымліваем з імі сувязь, адгукаемся на просьбы. Цяпер гэта звароты аб расчыстцы ад снегу прыдамавых участкаў. Пасля ўрокаў нашы вучні ўзбройваюцца рыдлёўкамі і з энтузіязмам аказваюць такую дапамогу, — расказала намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Ганна Салкоўская.

Педагагічны калектыў навучальнай установы перакананы: далучэнне вучняў да такой валанцёрскай дзейнасці найлепшым чынам фарміруе ў дзецях важныя агульначалавечыя якасці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.