Дапаможа інтэрактыўны плакат

- 15:20Выхаванне, Портфолио

Сучасны адукацыйны працэс немагчыма ўявіць без мультымедыйных і інтэрактыўных тэхналогій, якія дазваляюць выкарыстоўваць тэкст, графіку, аўдыя-­ і відэаматэрыялы, мультыплікацыю ў рэжыме дыялогу.

Візуальнае і гукавое суправаджэнне актывізуе вобразнае мысленне вучняў, што дапамагае цэласнаму ўспрыманню матэрыялу і павышэнню якасці навучання.

Адзін з папулярных сродкаў ІКТ — інтэрактыўны плакат. Гэта наглядная выява, якую можна выкарыстоўваць у рэкламных, агітацыйных, вучэбных і іншых мэтах. Асноўная функцыя плаката — дэманстрацыя матэрыялу. Інтэрактыўнасць дазваляе актыўна і разнастайна рэагаваць на дзеянні карыстальніка інфармацыі з дапамогай розных элементаў: спасылак, кнопак пераходу, месцаў тэкставага ці лічбавага ўводу.

Інтэрактыўны плакат — гэта сучасны цікавы кампактны вучэбны дапаможнік, які можа быць распрацаваны як педагогам, так і вучнямі. Каштоўнасць яго ў тым, што пры распрацоўцы не толькі паўтараецца вучэбны матэрыял, але і вывучаюцца магчымасці новых камп’ютарных праграм. Інтэрактыўны плакат можа быць рэалізаваны сродкамі Flash, Microsoft PowerPoint ці Impress OpenOffice.

Створаныя дапаможнікі прымяняюцца для самастойнага вывучэння матэрыялу і яго тлумачэння на ўроках. Інтэрактыўныя плакаты маюць шэраг пераваг. Па-першае, яны забяспечваюць эфектыўны дыялог паміж педагогам і дзецьмі. Па-другое, лёгкія ў выкарыстанні: не патрабуюць інсталяцый, маюць просты і зразумелы інтэрфейс. Па-трэцяе, добра візуалізуюць матэрыял з дапамогай анімацыі, фотаздымкаў і ілюстрацый. Акрамя таго, плакаты пабудаваны ў выглядзе лагічна завершаных асобных фрагментаў, што дазваляе настаўніку канструяваць урокі ў адпаведнасці з канкрэтнымі задачамі.

Інтэрактыўныя плакаты можна класіфікаваць па форме і змесце. У залежнасці ад аб’ёму матэрыялу выбіраю адна- і шматузроўневую схему іх пабудовы. Аднаўзроўневы плакат уяўляе сабой рабочае месца і набор розных інтэрактыўных элементаў. Змест рабочага месца мяняецца ў залежнасці ад стану інтэрактыўных элементаў (націску кнопак, зместу палёў уводу тэксту і інш.). Вялікую цікавасць уяўляюць шматузроўневыя плакаты, перавага якіх — у вялікім аб’ёме матэрыялу.

Пры распрацоўцы інтэрактыўнага плаката абавязкова ўлічваю шэраг дыдактычных умоў: менш тэксту — больш нагляднасці; менш лінейнасці — больш інтэрактыўнасці; матэрыял павінен далучаць вучняў да актыўнай пазнавальнай дзейнасці; плакаты павінны быць дыдактычна і інфармацыйна завершанымі.

Спачатку выбіраю тэму плаката, вызначаю яго мэты і задачы. Затым распрацоўваю слайд-застаўку, падбіраю неабходныя мультымедыйныя матэрыялы і аптымізую іх.

Інтэрактыўныя плакаты можна выкарыстоўваць у розных класах. Так, плакаты “Прыкметы дзялімасці” (5 клас) і “Шар” (11 клас) прымяняю пры вывучэнні новага матэрыялу, актуалізацыі наяўных ведаў, замацаванні вывучанага матэрыялу і самастойным яго вывучэнні. Такім чынам, плакат забяспечвае максімальнае ўзаемадзеянне школьнікаў з яго зместам на ўсіх этапах засваення інфармацыі.

Распрацавала інтэрактыўную гульню “Знаўцы матэматыкі” для пяцікласнікаў. Яе ўдзельнікі выбіраюць сектар (“Натуральныя лікі”, “Выразы. Ураўненні”, “Звычайныя дробы”, “Наглядная геаметрыя” і “Навукоўцы-матэматыкі”) і пазначаюць нумар пытання. Аналагічным чынам пабудавана інтэрактыўная гульня для сямікласнікаў, якая ўключае сектары “Ступень ліку”, “Выразы”, “Ураўненні і няроўнасці”, “Геаметрыя” і “Навукоўцы-матэматыкі”. Пасля каманднага абмеркавання гульцы паказваюць адказ ці рашэнне (у залежнасці ад выбранага задання). За правільны адказ каманда атрымлівае пэўную колькасць балаў. 

Інтэрактыўныя гульні выклікаюць вялікую цікавасць у вучняў, дапамагаюць праверыць, замацаваць і пашырыць прадметныя веды, павышаюць матывацыю да вучобы і пазнавальную цікавасць. 

Таццяна КРАЎЧУК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце,
настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 1 Пінска, магістр педагагічных навук.