Дапаўняць адно аднаго і думаць аб эфектыўнай кааперацыі

- 16:06Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Беларусь і Расія з развалам СССР страцілі сістэму, падобнай да якой не было ў свеце. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы са старшынёй фракцыі Камуністычнай партыі Расійскай Федэрацыі ў Дзяржаўнай Думе Генадзем Зюганавым.

“Мы страцілі краіну, але самае страшнае, што мы страцілі сістэму, якую стваралі дзесяцігоддзямі і падобнай да якой не было ў свеце, якую трэба было адшліфаваць, дапрацаваць — і мы былі б зусім іншай дзяржавай нават пры развале Савецкага Саюза, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — І сёння рэшткі гэтай сістэмы, якую трэба было б, відаць, захаваць, мы пачынаем дабіваць, асабліва ў эканоміцы, у сацыяльна-эканамічным развіцці”.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што некаторыя праблемныя моманты застаюцца ва ўзаемаадносінах Беларусі і Расіі. “Хоць мы і рушылі наперад далей за ўсіх у нашых адносінах, ёсць нюансы, якія насцярожваюць нас, кіраўніцтва краіны, і вельмі крыўдзяць людзей”, — звярнуў увагу прэзідэнт.

Генадзь Зюганаў згадзіўся з меркаваннем Прэзідэнта Беларусі адносна распаду СССР. “Мы былі б ужо наперадзе планеты ўсёй. А цяпер дажылі да таго, што нас ледзь не спрабуюць выставіць з Алімпійскіх гульняў”, — дадаў лідар КПРФ.

Генадзь Зюганаў таксама адзначыў, што, “калі б мы дапаўнялі адно аднаго і адначасова менш таргаваліся вакол цаны то на нафту, то на газ, то на мяса, то на малако, а думалі аб эфектыўнай кааперацыі, мы былі б канкурэнтныя з кім хочаце, прычым наша прадукцыя была б не горшая і на трэць таннейшая за еўрапейскую, і мы не аддалі б свае рынкі нікому”.

Лідар КПРФ адзначыў, што Беларусь мае цудоўны машынабудаўнічы комплекс, а таксама ўдзяляе шмат увагі развіццю сельскай гаспадаркі. “Я быў на ўсіх вашых вялікіх прадпрыемствах. Ваш МАЗ стандарту Еўра-6 падобны на касмічны карабель, адна з лепшых машын. Вашы трэйлеры, якія возяць нашы “Таполі”, мы сёння ўжо не зробім, а вы дапамагаеце нам умацаваць абарону. Мы разам вырашаем гэтыя задачы”, — сказаў ён.

Генадзь Зюганаў паабяцаў, што яго партыя зробіць усё для ўпэўненага развіцця Саюзнай дзяржавы.

“Для мяне ёсць некалькі найвышэйшых каштоўнасцей у жыцці: перш за ўсё, гэта справядлівасць, дружба народаў, гуманізм і пачуццё любові да Радзімы. Я лічу, што беларуская зямля з’яўляецца захавальніцай лепшых гэтых якасцей”, — сказаў Генадзь Зюганаў.

Старшыня КПРФ таксама дадаў, што наведаў Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Паводле яго слоў, там можна адчуць, што такое сапраўдны гераізм, патрыятызм і дружба народаў.

Генадзь Зюганаў адзначыў, што заўсёды прыязджае ў Беларусь як на другую радзіму. “Я цяпер праехаў па горадзе і павінен сказаць, што Мінск выглядае цудоўна: чыста, утульна, радасна, светла. Ён развіваецца, як самы сучасны не толькі еўрапейскі, але і сусветны цэнтр культуры і сапраўднага дабрабыту. Вы многае зрабілі для таго, каб пазбавіцца надакучлівай рэкламы і адначасова захаваць мастацка-архітэктурнае аблічча горада і яго маральна-этычныя асновы”, — звярнуў увагу старшыня Камуністычнай партыі Расіі.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў старшыні фракцыі Камуністычнай партыі Расійскай Федэрацыі ў Дзяржаўнай Думе Генадзю Зюганаву ордэн Дружбы народаў.

“Столькі, колькі робіце вы ў Расіі, і гэта не для ліслівасці сказана, ніхто не рабіў і не робіць, — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да лідара КПРФ. — Мы ўзнагародзілі вас не да выбараў, а даўно. Проста ў нас не было выпадку, каб я асабіста вам уручыў гэтую ўзнагароду”.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што Камуністычная партыя — самая блізкая да народа. “Я вельмі рад, што кіраўніцтва Расіі нарэшце зразумела, што Кампартыя — гэта партыя не развалу, не процістаяння, не рэвалюцыі і вайны, а што яна нацэлена на стварэнне”, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Генадзь Зюганаў удастоены ўзнагароды за значны асабісты ўклад ва ўмацаванне дружалюбных адносін і супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй, станаўленне Саюзнай дзяржавы, развіццё эканамічных, навукова-тэхнічных і культурных сувязей.