Ёсць сем’і, у якіх адна прафесія перадаецца з пакалення ў пакаленне. Гэта ўжо больш, чым спадчына. І гэта не проста работа — гэта прызванне.
Калі ўвечары дома педнарада і ўсе размовы толькі пра школу, калі прафесія стала жыццём некалькіх пакаленняў сям’і — значыць, гэта настаўніцкая дынастыя. З’ява каштоўная і невытлумачальная. Чаму дзеці і ўнукі настаўнікаў таксама ідуць туды, дзе праца ніколі не была лёгкай?
Настаўніцкая дынастыя — гэта асаблівы лад жыцця, асаблівая традыцыя, асаблівыя людзі. Залогам творчых поспехаў такіх педагогаў становіцца вернасць прызванню нават у самыя цяжкія часы.
З чаго пачынаюцца настаўніцкія дынастыі? З любові да прафесіі, да дзяцей і ўмення гэтую любоў перадаць у спадчыну. Кожны прадстаўнік нашай дынастыі па-свойму ўнікальны чалавек і таленавіты настаўнік. Дынастыя прадстаўлена чатырма пакаленнямі настаўнікаў.
Карані нашай настаўніцкай дынастыі іду ць з цяжкіх 50-х гадоў ХХ стагоддзя, калі пачаў сваю педагагічную дзейнасць Станіслаў Юзафавіч Паўлюкевіч. Ён нарадзіўся ў 1927 годзе ў шматдзетнай сялянскай сям’і ў вёсцы Тапілішкі Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. У 1953 годзе Станіслаў скончыў Гродзенскі педагагічны інстытут. З 1950 па 1952 год працаваў у Лашанскай сямігадовай школе імя Карскага настаўнікам фізікі. Па даручэнні камсамольскай арганізацыі стварыў настаўніцкі хор. Уменне іграць на гітары і скрыпцы вельмі спатрэбілася ў творчай рабоце. Там жа, у Лашы, сустрэў сваё каханне Лідзію Тананка, якая працавала настаўніцай матэматыкі. У 1952 годзе маладая сям’я пераехала ў вёску Цыдовічы, дзе працягнула сваю настаўніцкую дзейнасць. А хуткім часам нарадзіліся дочкі Людміла і Ірына.
У 1962 годзе Станіславу Юзафавічу прапанавалі месца завуча ў санаторнай школе-інтэрнаце, якая толькі што адкрылася ў мястэчку Парэчча Гродзенскага раёна. Тут давялося сутыкнуцца з праблемамі, большасць якіх не тычылася вучэбна-выхаваўчага працэсу. Не ведалі тады маладыя педагогі, як правільней арганізаваць вольны час выхаванцаў, у што іх адзяваць, чым карміць, як абагрэць. Потым сталі задумвацца над эстэтычным выхаваннем дзяцей. Пад кіраўніцтвам Маскоўскага УНДІ тэхнічнай эстэтыкі школа стала працаваць над укараненнем у практыку японскай тэхналогіі малюнка і афармлення інтэр’ера будынкаў. Станіслаў Юзафавіч не хацеў, каб яго настаўнікі адставалі ад новаўвядзенняў у выкладанні прадметаў, таму ў школе старанна вывучаўся вопыт ліпецкіх, растоўскіх, маскоўскіх настаўнікаў. Многія педагогі прымянялі на практыцы рэкамендацыі Шаталава, Аманашвілі. Але не з усімі новаўвядзеннямі пагаджаўся Станіслаў Юзафавіч. Напрыклад, ён рэзка крытыкаваў падручнікі матэматыкі, пабудаваныя на тэарэтыка-множнай аснове, якія прапаноўваліся вучням ужо з першага класа. Педагог разумеў, што нельга парушаць прынцып пасільнасці ў навучанні.
43 гады работы ў школе — такі педагагічны стаж Станіслава Юзафавіча. За добрую работу ў справе навучання і выхавання падрастаючага пакалення С.Ю.Паўлюкевіч быў неаднаразова ўзнагароджаны ганаровымі граматамі раённага і абласнога значэння і ўдастоены звання “Выдатнік адукацыі”.
Гаворачы пра выбар прафесіі настаўніка матэматыкі, Лідзія Цімафееўна Тананка (Паўлюкевіч) не можа дакладна сказаць, хто сур’ёзна паўплываў на яе рашэнне. Ці то настаўнікі матэматыкі былі добрыя, ці то атрымала ў спадчыну ад бацькі Цімафея Міхайлавіча Тананка любоў да матэматыкі. Яе бацька, не маючы спецыяльнай адукацыі, добра ведаў і любіў гэтую дакладную навуку і некаторы час вучыў дзяцей у царкоўна-прыходскай школе. Лідзія Цімафееўна скончыла Баранавіцкі настаўніцкі інстытут. Прыехаўшы з мужам у Парэчча, стала выкладаць матэматыку і выконвала абавязкі выхавальніка ў санаторнай школе. Для сваіх выхаванцаў яна была як маці, умела рабіць дзяцінства кожнага дзіцяці шчаслівым. Яе ўрокі былі класічным узорам зносін з дзецьмі на гуманнай, разумнай, добрай і цікавай мове.
…Азіраючыся на пражытае жыццё, Станіслаў Юзафавіч і Лідзія Цімафееўна Паўлюкевіч з упэўненасцю гавораць, што для іх самым вялікім захапленнем у жыцці была педагагічная работа. Магчыма, менавіта адказныя адносіны да работы, творчы, неардынарны падыход да любога пачынання дапамаглі справіцца з трагедыяй, якая здарылася з маладой сям’ёй, — смерцю малодшай дачкі Ірыны.
Выйшаўшы на пенсію, Станіслаў Юзафавіч піша вершы і музыку, штудзіруе медыцынскія даведнікі, цікавіцца фітатэрапіяй, кітайскай медыцынай, вырошчвае рэдкую агародніну. Яго крэда — не адставаць ад жыцця. Ну а Лідзія Цімафееўна больш занятая вязаннем, а ўлетку і ўвосень прападае ў лесе, бо не ўяўляе сябе без прыроды.
Жыхары Путрышак удзячны Станіславу Юзафавічу і Лідзіі Цімафееўне за тое, што яны выгадавалі выдатную дачку Людмілу і падарылі яе путрышкаўскім дзецям. Усё самае лепшае атрымала ў спадчыну ад сваіх бацькоў гэтая цудоўная жанчына. У школе яна вельмі любіла хімію і ў старшых класах сур’ёзна задумвалася над тым, што яе будучая работа будзе звязана з гэтым прадметам. Нават спланавала паступленне ў Ленінградскі фармацэўтычны інстытут. Аднак бацькі не адважыліся адпусціць сваю хваравітую дачку так далёка ад дома і настаялі на тым, каб яна змяніла свой выбар. Прыйшлося падпарадкавацца. “Не скажу, што я доўга вагалася, — успамінае Людміла Станіславаўна, — таму што пасля хіміі маім любімым прадметам была матэматыка, я вырасла ў сям’і матэматыкаў і атрымала ў спадчыну ад сваіх бацькоў матэматычныя здольнасці. Зразумела, чаму я выбрала для паступлення матфак Гродзенскага інстытута”.
У 1973 годзе маладая настаўніца адчыніла дзверы Путрышкаўскай школы. Адчыніла… і засталася там назаўсёды, таму што зразумела: школа — гэта яе прызванне. З удзячнасцю ўспамінала ўрокі настаўніцы матэматыкі Галіны Паўлаўны Пятніцкай і яе ўменне дастукацца да кожнага свайго вучня, даступна выкладаць матэрыял.
Ішлі гады. З гадамі прыходзіў вопыт. А вопыт дазваляў вырашаць усе праблемы, якія ў першы год работы здаваліся цяжкімі і невырашальнымі. Лічыцца, што матэматыка — ад зін з самых складаных школьных прадметаў. Як зрабіць яе даступнай для большасці навучэнцаў класа? Вось над гэтай праблемай Людміла Станіславаўна працавала доўгія гады, і гэтая праца ўвянчалася поспехам. Многія яе вучні захапляліся матэматыкай па-сапраўднаму, сталі прызёрамі раённых алімпіяд. А Тадэвуш Грэсь быў тройчы прызёрам абласных і ўдзельнікам рэспубліканскіх алімпіяд. Некаторыя выпускнікі вырашылі пайсці па слядах сваёй настаўніцы, выбраўшы прафесію матэматыка: Наталля Іадкоўская, Алена Жыхар, Ала Бычак, Юрый Круповіч, Святлана Мігель, Валерый Брыцько.
Поспехі педагога былі заўважаны і адзначаны. У 1985 годзе Людміла Станіславаўна атрымала грамату Міністэрства асветы БССР. У 1988 годзе ей было прысвоена званне “Старшы настаўнік”, а ў 1988 годзе Людміла Станіславаўна была ўзнагароджана значком “Выдатнік адукацыі”.
“Часам я задаю сабе пытанне, на чым базіруецца настаўніцкі поспех, і прыходжу да высновы, што асаблівых сакрэтаў тут няма. Трэба проста быць прафесіяналам сваёй справы, любіць дзяцей і любіць сваю работу, пастаянна самаўдасканальваючыся пры гэтым, каб быць цікавым сваім вучням. Гавораць, настаўніцкая праца няўдзячная. Але калі пра цябе памятаюць твае вучні, якія даўно скончылі школу, пішуць, тэлефануюць, віншуючы са святамі і жадаючы здароўя, дзякуюць за работу пры выпадковай сустрэчы, дадаючы да слова “настаўнік” эпітэты “сапраўдны” або “класны”, то пачынаеш сумнявацца ў тым, што размовы пра няўдзячнасць настаўніцкай працы маюць пад сабой аснову”, — разважае педагог.
Муж Людмілы Станіславаўны Станіслаў Браніслававіч Буйноўскі з ранніх гадоў захапляўся спортам. У школе сур’ёзна займаўся боксам і меў нямала перамог у раённых і абласных спаборніцтвах, што і вызначыла выбар прафесіі. Пасля заканчэння Гродзенскага фізкультурнага тэхнікума працаваў у Войстамскай сярэдняй школе Смаргонскага раёна. Пасля года работы быў прызваны ў армію. Адслужыўшы, вярнуўся ў родную вёску і стаў настаўнікам Путрышкаўскай школы, якая лічылася паказальнай у Гродзенскім раёне. Настаўніку фізічнай культуры неабходна было заўсёды быць на вышыні. Новая школа, добрая спартыўная зала, вялікі стадыён прыцягвалі ўвагу вясковай моладзі. Таму Станіслаў Браніслававіч арганізоўваў секцыі па валейболе і футболе для ўсіх жадаючых. Працаваў у школе да 1979 года, але яшчэ доўга не забываў школьную спартзалу і стадыён — займаўся трэнерскай работай.
Калі твае бабуля, дзядуля, бацькі прысвяцілі сябе настаўніцкай прафесіі, ты паняволі заражаешся цягай да педагогікі, вучышся іх майстэрству, адчуваеш неабходнасць свайго знаходжання на пасадзе выкладчыка. Падхапіла сямейную традыцыю вучыць дзяцей і я, Святлана Станіславаўна Буйноўская.
Вялікаму Гётэ належаць словы: “Тыя, у каго мы вучымся, правільна называюцца нашымі настаўнікамі, але не ўсякі, хто вучыць нас, заслугоўвае гэтае імя”. Я смела магу сказаць, што ў дзяцінстве мне сустрэліся настаўнікі, вартыя гэтага высокага звання. Фактычна школа і мама падрыхтавалі мяне да выбару прафесіі. Колькі сябе памятаю, заўсёды марыла стаць педагогам. Нарадзілася і вырасла ў Путрышках. Скончыла 11 класаў. Пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў 1997 годзе працавала настаўнікам пачатковых класаў у сярэдняй школе аграгарадка Верцялішкі Гродзенскага раёна. З 2001 года і па сёння працую намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце.
Настаўнік — гэта стан душы, гэта лад жыцця і думак, гэта філасофія і светапогляд. Побач з вучнямі ты забываеш свой узрост, радуешся разам з імі ад шчырага сэрца — і гэта выдатна. Выдатна ствараць свет дзіцяці, напаўняць гэты свет фарбамі прыроды. Вельмі ганаруся тым, што вучу новае пакаленне, якому жыць і працаваць у ХХІ стагоддзі. Сярод маіх вучняў ёсць людзі розных прафесій. Для мяне галоўнае, што яны паспяховыя і багатыя асобы, добрыя бацькі, сумленныя працаўнікі і прыстойныя людзі. А значыць, засвоілі ўрокі сяброўства, узаемадапамогі, дабрыні, гонару і годнасці.
Вопытам сваёй работы я дзялюся з калегамі: пішу артыкулы, праводжу майстар-класы, семінары, адкрытыя ўрокі. Акрамя таго, распрацоўваю праекты, вяду інавацыйную работу, удзельнічаю ў конкурсах, фестывалях. Заўсёды стараюся ісці побач са сваімі вучнямі і стараюся выконваць сваю работу так, каб дзеці ганарыліся сваім настаўнікам.
Настаўніцкія сем’і — з’ява асаблівая, выключная. Ім даводзіцца працаваць, жыць на два дамы. А душэўнай цеплыні, клопату, чуласці, багацця ведаў павінна хапаць не толькі на вучняў, але і на сваіх уласных дзяцей. У 2005 годзе нарадзілася мая дачка Яначка. Зараз яна спасцігае школьную навуку ў чацвёртым класе Верцялішкаўскай школы. З задавальненнем займаецца ў дзіцячай музычнай школе мастацтваў па класе фартэпіяна. Любіць выступаць на школьных святах, удзельнічаць у конкурсах.
Рана гаварыць пра будучую прафесію, аднак я ўпэўнена, што яна, паколькі расце ў сям’і настаўнікаў, ужо сёння паважае гэтую прафесію. Я бачу гэта ў адносінах да яе школьнай настаўніцы Марыі Эдмундаўны, да настаўніцы музыкі. І калі ў свой час яна вырашыць стаць настаўнікам, я падтрымаю яе, як падтрымалі мяне мае бацькі, мае бабуля і дзядуля, і дапамагу асвоіцца ў гэтай няпростай, але вельмі цікавай прафесіі. І хай яна стане яшчэ адной галінкай на выдатным дрэве пад назвай “Настаўніцкая дынастыя Тананка-Паўлюкевіч-Буйноўскіх”.
Святлана БУЙНОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Верцялішкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.
Фота з сямейнага архіва.