Гродзеншчына стала апошнім рэгіёнам краіны, дзе кіраўнікі Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” і галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама абмеркавалі шляхі далейшага супрацоўніцтва. Раней такія сустрэчы прайшлі ў іншых абласцях. Вынікам дасягнутых дамоўленасцей стануць змястоўныя, цікавыя матэрыялы на старонках “Настаўніцкай газеты”.
Цікава пра асобу настаўніка
У ходзе рабочай паездкі ў Гродна дырэктар Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” Кацярына Дубінская сустрэлася з начальнікам галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Русланам Абрамчыкам.
У сустрэчы прынялі ўдзел намеснік дырэктара па развіцці Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” Л.П.Пастарнакевіч і першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Г.У Курганская.
Падчас гутаркі абмеркавалі пытанні развіцця адукацыі на Гродзеншчыне, а таксама падачу мясцовага педагагічнага вопыту на старонках “Настаўніцкай газеты”, магчымасць увядзення новых рубрык і распрацоўку тэм на аснове інфармацыі з рэгіёна.
— Вы нашы галоўныя дарадчыкі, калегі, і мы гатовы прыслухоўвацца да вас, — падкрэсліла К.Э.Дубінская, звяртаючыся да кіраўніцтва галоўнага ўпраўлення адукацыі. — У планах — расказваць пра педагагічныя дынастыі, першае працоўнае месца і ўвогуле пра шлях у прафесію маладых педагогаў. На першы план выходзіць патрыятычнае выхаванне.
Кацярына Эдуардаўна акцэнтавала ўвагу на тым, што “Настаўніцкая газета” імкнецца паказваць асобу педагога не толькі праз яго работу, але і праз захапленні, сям’ю. Безумоўна, у выданні прадстаўлена і метадычная работа, і педагагічны вопыт.
Шмат прапаноў унёс Р.Ю.Абрамчык. Ён назваў “Настаўніцкую газету” лепшым галіновым выданнем краіны, падкрэсліў высокі ўзровень газеты і запатрабаванасць сярод педагогаў. Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі прапанаваў больш шырока паказваць у газеце сістэму работы настаўніцтва, стажыровак ці нават магчымасць зрабіць кар’еру ў галіне адукацыі. Важным для рэгіёна было б размяшчэнне матэрыялаў пра юбілейныя даты ўстаноў адукацыі.
У выніку сустрэчы былі акрэслены канкрэтыя шляхі далейшага супрацоўніцтва, у прыватнасці, у найбліжэйшы час будзе складзены тэматычны план работы з рэгіёнам на будучы год.
З ухілам на прафарыентацыю
Магчымасць пашырэння трансляцыі вопыту ўстаноў адукацыі абласнога цэнтра на старонках “Настаўніцкай газеты” абмеркавалі падчас сустрэчы з начальнікам аддзела адукацыі Гродзенскага гарвыканкама Андрэем Сяманчыкам.
— Перад выдавецкім домам і, у прыватнасці, “Настаўніцкай газетай” пастаўлены сур’ёзныя задачы, нам у адукацыйнай прасторы цікава бачыць Гродна, — падкрэсліла К.Э.Дубінская. — Добрай пляцоўкай для трансляцыі вопыту педагогаў, адлюстравання жыцця ўстаноў адукацыі стала сеткавае выданне ng-press. by. Плануецца больш шырока прадстаўляць у газеце прафесійна-тэхнічную адукацыю.
У сваю чаргу А.А.Сяманчык прапанаваў пашырыць супрацоўніцтва з установамі вышэйшай адукацыі. Калі ГрДУ імя Янкі Купалы ўжо займае сваю значную нішу ў горадзе, то з Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэтам аддзел адукацыі Гродзенскага гарвыканкама вызначыў на будучыню пэўныя шляхі супрацоўніцтва. Так, плануецца правесці больш шырокую прафарыентацыйную работу з выпускнікамі школ і іх бацькамі, прыцягнуўшы да гэтага студэнтаў аграрнага ўніверсітэта. У найбліжэйшых планах — правесці квест-гульню і выехаць у шосты школьны дзень з дзецьмі і іх бацькамі ў гаспадарку, дзе працуюць маладыя спецыялісты.
Андрэй Антонавіч расказаў і пра іншыя адукацыйныя праекты, а таксама выказаў пажаданне і далей цесна супрацоўнічаць з выданнем, якое карыстаецца павагай сярод педагогаў.
Заказ на будучыню
Прадоўжыліся сустрэчы ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Размова з рэктарам Ірынай Кітурка ішла не толькі пра месца УВА на старонках газеты, але і пра магчымасць стварэння эксперыментальнай пляцоўкі.
Вышэйшая школа заўсёды прысутнічае на старонках “Настаўніцкай газеты”, і разам з тым Кацярына Эдуардаўна прапанавала падумаць над стварэннем праекта, які б тычыўся асвятлення педагагічнай дзейнасці УВА.
Ірына Кітурка прыгадала словы І.В.Карпенкі: “Прафесія будучыні — настаўнік”.
— З’яўляюцца новыя прафесіі, спецыяльнасці, але заўсёды павінны быць настаўнікі, якія дапамогуць авалодаць імі. Гэты пасыл мог бы выліцца ў добры праект пра сучаснага, будучага настаўніка. Наш універсітэт якраз рыхтуе настаўнікаў. Прымаючы стратэгію апераджальнага развіцця, мы прымянілі праектны падыход, а такі падыход вельмі важны пры навучанні будучых настаўнікаў. Пачынаючы з 1 курса яны пагружаюцца ў прафесію, прыцягваюцца да стартап-руху. Сёння, каб рыхтаваць настаўніка будучыні, яму трэба даваць шырокія магчымасці для самарэалізацыі, — сказала І.Кітурка.
У сваю чаргу, як адзначыла К.Дубінская, “Настаўніцкая газета” таксама імкнецца сфарміраваць заказ на будучыню. Сёння студэнты, а ў недалёкім будучым маладыя спецыялісты — чытачы выдання. Галоўны рэдактар прапанавала ў якасці эксперымента з ГрДУ пабудаваць работу такім чынам, каб на працягу вучобы выхоўваць у студэнтаў запатрабаванасць у сваёй прафесійнай прэсе.
Ірына Кітурка падтрымала ідэю эксперыментальнай пляцоўкі на базе УВА. Наяўнасць у структуры ўніверсітэта і кафедры журналістыкі, і студэнцкага медыяцэнтра, наладжаныя сувязі са СМІ сведчаць пра тое, што патэнцыял для такой пляцоўкі ёсць. Пачаць вырашана з анкеты сярод студэнтаў, што стане першым крокам да будучага эксперымента.
Ірына АНІКЕВІЧ.