Як адзначае сапраўдны член Расійскай акадэміі адукацыі, доктар педагагічных навук, прафесар Марк Максімавіч Паташнікаў: “Калі вы ўмееце праектаваць работу калектыву, арганізоўваць выкананне вызначанага, стымуляваць людзей на добрасумленную творчую працу, кантраляваць працэс і аналізаваць вынікі — значыць, вы валодаеце уменнем кіраваць”. Такім уменнем валодае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Брылёўскай сярэдняй школы Гомельскага раёна Ганна Адрэеўна Краўчанка.
Ганна Андрэеўна якраз з тых, хто ўмее не толькі праектаваць дзейнасць калектыву. Яна ўмее натхняць, выклікаць цікавасць і весці за сабой, а ўсё таму, што сама цікавіцца многім, штодзень праяўляючы пазнавальныя патрэбы. Дарадчыца, саюзніца, памочніца ў раскрыцці дзіцячага патэнцыялу і педагагічнага майстэрства, усебакова развітая і адукаваная асоба… Высокая планка, але Ганна Адрэеўна трымае яе на працягу многіх гадоў.
У педагогіцы яна амаль 30 гадоў, намеснікам дырэктара з’яўляецца з 2003 года. У свой час cкончыла Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны. Пасля працавала настаўніцай хіміі. Ганна Андрэеўна з кагорты тых, хто ўвесь час працуе над сабой, павышаючы свой прафесійны ўзровень. Выкладаць хімію і дапамагаць калегам павышаць свой прафесійны ўзровень без гэтага немагчыма.
“Ганна Андрэеўна зарэкамендавала сябе як прынцыповы кіраўнік і дасведчаны спецыяліст. У сваёй рабоце выкарыстоўвае перадавыя інавацыйныя ідэі па выхаванні і ўсебаковым развіцці навучэнцаў. Умела ажыццяўляе арганізацыю адукацыйнага працэсу ў адпаведнасці з заканадаўствам нашай краіны”, — адзначыў дырэктар Брылёўскай сярэдняй школы Ігар Феліксавіч Сялюк.
Адміністрацыйнаметадычная дзейнасць намесніка дырэктара накіравана на стварэнне аптымальных умоў для дасягнення высокага ўзроўню якасці адукацыі, эфектыўнасці працы педагогаў, аказанне метадычнай дапамогі спецыялістам у іх прафесійным станаўленні і росце. Ганна Андрэеўна прафесійна ажыццяўляе дыферэнцыраваны падыход у арганізацыі работы з бацькамі, соцыумам. Заўсёды знаходзіць час на гутаркі і тлумачэнні. Бацькі са школы не павінны сыходзіць з пытаннямі без адказаў.
З’яўляючыся вопытным намеснікам дырэктара, выкарыстоўвае ў практыцы работы розныя формы і метады кантролю за арганізацыяй адукацыйнага працэсу і пераканана, што без мэтанакіраванага кантролю за якасцю выканання адукацыйных праграм поспеху не будзе. Разам з тым Ганна Андрэеўна імкнецца наладзіць узаемадзеянне з кожным прадстаўніком калектыву. Атмасфера даверу і ўзаемапавагі — адзін са складнікаў поспеху ўсёй навучальнай установы.
Высокія арганізатарскія здольнасці дапамагаюць не толькі згуртаваць педагогаў, але і натхніць навучэнцаў на высокія перамогі. Вучні Брылёўскай сярэдняй школы дасягаюць добрых вынікаў на алімпіядах, конкурсах і іншых інтэлектуальных спаборніцтвах рознага ўзроўню. Школа пастаянна займае вядучыя пазіцыі па выніках прадметных алімпіяд у раёне.
“Апошнія пяць гадоў навучэнцы школы становяцца пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды па нямецкай мове і працоўным навучанні. Высокія вынікі выступлення нашых школьнікаў на трэцім і заключным этапах рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах сярод вучняў 9—11 класаў паспрыялі ўключэнню нашай школы ў краінавы праект “Дыплом па нямецкай мове I ступені”. Гэты праект прызваны ў рамках рэалізацыі палітыкі моўнай разнастайнасці і ўзаемаразумення павысіць ролю нямецкай мовы ў краіне і падтрымліваць ажыццяўленне моўнай сертыфікацыі на ўзроўні А2 (DSDА2) і В1 (DSD 1), што арыентуе на Агульны еўрапейскі стандарт сертыфікацыі моўных ведаў”, — паведаміў дырэктар школы.
Ганна Андрэеўна сваім вопытам работы шчодра дзеліцца з маладымі настаўнікамі, дэманструючы высокую метадычную эрудыцыю, педагагічную культуру і творчы пошук. Як настаўнік уваходзіць у склад рэспубліканскай творчай групы настаўнікаў хіміі, прымае актыўны ўдзел у распрацоўцы дыдактычных матэрыялаў для розных відаў кантролю па гэтым прадмеце.
Прынамсі, з’яўляецца адным з аўтараў зборніка кантрольных і самастойных работ па хіміі, які ўключае работы, згрупаваныя па класах і прадстаўленыя ў чатырох варыянтах. Змест работ адпавядае вучэбным праграмам па хіміі для 10 і 11 класаў як базавага, так і павышанага ўзроўню. Адрасуецца настаўнікам устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Зборнік сёлета перавыдаваўся.
Выніковасць дзейнасці намесніка дырэктара Брылёўскай сярэдняй школы неаднаразова адзначалася аддзелам адукацыі, спорту і турызму Гомельскага райвыканкама, упраўленнем адукацыі Гомельскага аблвыканкама, Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. У 2018 годзе Г.А. Краўчанка атрымала “Выдатніка адукацыі”. Імя Ганны Андрэеўны па праве занесена ў раённую кнігу гонару “Зоркі і таленты адукацыі” (намінацыя “Зорны шлях”).
Вольга ДУБОЎСКАЯ.