Дарадца краязнаўцаў

Загадчыка аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Аляксандру Яўгенаўну Кравец ведае кожны педагог-краязнавец Беларусі. Краязнаўчыя конкурсы акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, рэспубліканскія краязнаўчыя летнікі, чытанні, семінары, канферэнцыі, круглыя сталы, метадычныя дапаможнікі па вывучэнні роднага краю — усё гэта вынікі працы Аляксандры Яўгенаўны і яе калег-метадыстаў. Адказная, элегантная, прыветлівая, сумленная, апантаная, неабыякавая — такой ведаюць нашу гераіню калегі і сябры.

Супрацоўнікі рэспубліканскіх цэнтраў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі — асаблівая катэгорыя педагогаў. У мінулым школьныя настаўнікі, а сёння дарадчыкі настаўнікаў, іх метадычныя памочнікі, яны выдатна ведаюць, у якім кірунку павінна развівацца айчынная сістэма адукацыі, каб нашы дзеці станавіліся не толькі адукаванымі, але і выхаванымі людзьмі, сапраўднымі грамадзянамі. Дзеля гэтага і здзяйсняюць настаўнікі-краязнаўцы паходы па роднай зямлі, дзеля гэтага і адкрываюць разам з вучнямі таямніцы свайго краю. Каб гэтыя паходы і пошукі былі максімальна эфектыўнымі, метадычна выверанымі, кожны дзень пад кіраўніцтвам Аляксандры Яўгенаўны Кравец свае новыя метадычна-краязнаўчыя адкрыцці здзяйсняюць супрацоўнікі аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.

Аляксандра Яўгенаўна — дарадца і памочнік не толькі настаўнікаў-краязнаўцаў, музейшчыкаў, але і журналістаў. Напярэдадні камандзіровак, падчас пошуку цікавых герояў для матэрыялаў краязнаўчай і музейнай тэматыкі часта даводзіцца накіроўвацца па адрасе Лук’яновіча, 18 у сталічны будынак аддзялення краязнаўства РЦЭіК. Гэта сапраўдная метадычная краязнаўчая скарбонка, дзе захоўваюцца звесткі пра сотні пераможцаў і прызёраў акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, пра тэматыку іх даследаванняў, пра адметныя мясціны краіны. Гадзінка-другая працы сярод прыветлівых супрацоўнікаў аддзялення краязнаўства — і ты вяртаешся ў рэдакцыю поўны новых ідэй, жадання падарожнічаць, спазнаваць, даследаваць. Напярэдадні Дня настаўніка Аляксандра Яўгенаўна падзялілася цікавымі краязнаўчымі маршрутамі па мясцінах свайго дзяцінства і прафесійнага станаўлення, а таксама цікавымі думкамі адносна асобы сучаснага настаўніка-краязнаўца, развіцця школьнай краязнаўчай справы.

Нарадзілася наша гераіня на Воранаўшчыне, у багатым на помнікі даўніны краі. Дзяцінства сярод маляўнічай прыроды, рэшткаў былых панскіх сядзіб, безумоўна, паўплывала на выбар прафесіі. Першым педагогам-краязнаўцам для Аляксандры Яўгенаўны быў нават не хтосьці са школьных настаўнікаў, пра якіх яна ўзгадвае з цеплынёй, а дзядуля Канстанцін Паўлавіч. “Ён хоць і не быў прафесійна звязаны з педагогікай, аднак быў вельмі адукаваным чалавекам, працаваў дырэктарам ільнозавода. Калі ўяўляю інтэлігентнага настаўніка мінулых эпох, то ў мяне адразу ўзнікае вобраз дзядулі. Ён заўсёды прыязджаў да нас з бабуляй у пачатку навучальнага года, перачытваў школьныя падручнікі па гісторыі і абавязкова расказваў пра падзеі, што адбываліся ў нашым краі ў той ці іншы перыяд сусветнай гісторыі. Калісьці ў ваколіцы хутара Праважа, дзе прайшло маё дзяцінства, прыехалі з Дзятлаўшчыны тры роды — Белавусоў, Грабянёў і Латушкаў, якія набылі тут у княгіні зямлю. Цікавы факт: наш край у асноўным каталіцкі, аднак княгіня была праваслаўнай і прадавала зямлю толькі праваслаўным. Была ў Праважы і царква, пабудаваная княгіняй. Тое месца, дзе пасяліліся сем’і, стала называцца хутарам, — расказвае Аляксандра Яўгенаўна. — Цяпер гэта вёска Курчоўцы, у склад якой увайшлі тры вёскі. У пачатковых класах я вучылася ў Падэйкаўскай школе, а потым пайшла ў Забалацкую сярэднюю, якую скончыла на выдатна. Цяпер гэта складана ўявіць, аднак у гады майго вучнёўства ў нас былі паралелі “А”, “Б”, “В”, “Г”. Дарэчы, пра тыя часы можна даведацца ў школьным этнаграфічным музеі”.

Пра асаблівую гістарычную атмасферу малой радзімы Аляксандры Яўгенаўны сведчыць нават назва мясцовага калгаса, які насіў імя Янкі Купалы. “Мой бацька працаваў старшынёй суседняга калгаса, таксама быў адукаваны, шмат чытаў, на сходах заўсёды выступаў на беларускай мове. Вобразы Навагрудскага і Любчанскага замкаў на радзіме дзядулі, у якога мы часта праводзілі летнія канікулы, аповеды Канстанціна Паўлавіча пра мінулае роднага краю — усё гэта адклалася ў падсвядомасці. Думаю, невыпадкова маё прафесійнае жыццё звязана з краязнаўствам”, — дзеліцца Аляксандра Яўгенаўна.

Пачыналася любоў да роднага краю з любові да яго прыроды. Нездарма выпускніца Забалацкай сярэдняй школы Аляксандра Кравец, якая скончыла ўстанову з залатым медалём, вырашыла паступаць на біялагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вучыцца было складана, але ў той жа час цікава. Асабліва насычаны быў вольны ад вучобы час. Студэнтка разам з сяброўкамі запісалася ў альпінісцкую секцыю. Паходы на Паўночны Урал, у Карпаты, на байдарках па Дняпры, Браслаўскіх азёрах — са студэнцкіх гадоў краязнаўчае жыццё нашай гераіні непарыўна звязана з турыстычным. “Нам было цікава паходнае жыццё: песні ля вогнішча, пераадоленне сябе, пакарэнне горных вяршынь, якія, на наш погляд, былі дасягальнымі”, — адзначыла суразмоўніца. З турызмам Аляксандра Яўгенаўна пасябравала надзейна. Цяпер нават цяжка сказаць, дзе больш часу праводзіць загадчык аддзела — у рабочым кабінеце або ў палатках, экскурсійных паездках разам з педагогамі.

— Пасля заканчэння ўніверсітэта ў канцы 80-х прыехала па размеркаванні на малую радзіму, у Воранаўскі раён, мястэчка Нача, мінулае якога звязана са знакамітым родам Нарбутаў. Мяне адразу назначылі намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы. Працаваць было нескладана, бо вопыт арганізатарскай работы (дзейнасць у арганізацыйным камітэце біяфака БДУ) у мяне быў. Галоўнае — у школе працаваў крэатыўны дырэктар Міхаіл Міхайлавіч Лях. Ён патрабаваў ад калег укараняць у выхаваўчую работу новыя формы і прыёмы. Мы праводзілі самыя розныя мерапрыемствы і, канечне, адпраўляліся з дзецьмі ў паходы. Паходы былі не проста катэгарыйнымі, а з краязнаўчым ухілам. Гэта цяпер паходы, справаздачы аб якіх дасылаюцца на Рэспубліканскі конкурс “Пазнай Радзіму — выхавай сябе”, турыстычна-краязнаўчыя, а на той час гэта было новаўвядзеннем. У школе Начы пачалася і мая настаўніцкая сцяжына. Тут, акрамя выканання абавязкаў намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце, я выкладала біялогію і хімію. Турызму і краязнаўству падуладны не толькі ўсе ўзросты, але і ўсе настаўнікі-прадметнікі. Каб вывучаць родны край, здзяйсняць катэгарыйныя паходы, неабавязкова быць настаўнікам фізкультуры, гісторыі, мовы і літаратуры або геаграфіі. Сярод пераможцаў конкурсаў акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” ёсць настаўнікі матэматыкі, фізікі, інфарматыкі і, канечне, біялогіі і хіміі, — дзеліцца Аляксандра Яўгенаўна.

Каманда сярэдняй школы Начы рэгулярна займала прызавыя месцы на абласных турыстычных спаборніцтвах, таму невыпадкова Аляксандру Яўгенаўну запрасілі працаваць у Гродзенскі абласны цэнтр турызму і краязнаўства. Для развіцця краязнаўчай справы на Гродзеншчыне і ў цэлым у краіне 90-я гады сталі залатым часам. У школах актыўна адкрываліся музеі, ствараліся краязнаўчыя гурткі. Тады, у 1997 годзе, Аляксандра Яўгенаўна разам з калегамі ініцыіравала правядзенне абласной акцыі “Галасы гісторыі” па аналогіі з рэспубліканскай экспедыцыяй “Наш край”, якая пачалася ў 1992 годзе і ў 2006 годзе перарасла ў акцыю “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. З кастрычніка 2003 года Аляксандры Яўгенаўне даручана курыраваць развіццё школьнай краязнаўчай справы ва ўсёй краіне. З таго ж часу яна працуе ў Рэспубліканскім цэнтры турызму і краязнаўства навучэнскай моладзі (сённяшнім аддзяленні краязнаўства Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства).

— Час дыктаваў свае ўмовы, і трэба было прыўносіць нешта новае ў краязнаўчае жыццё. Таму ў 2006 годзе па ініцыятыве Аляксандра Міхайлавіча Радзькова пачалася рэспубліканская акцыя навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, у якой, дарэчы, сёлета юбілей — 10 гадоў яна крочыць па краіне, — адзначае Аляксандра Яўгенаўна. — Плённы вынік, як вядома, прыносяць доўгатэрміновыя формы работы. За гэты час акцыя вырасціла не адно пакаленне краязнаўцаў. Для некаторых настаўнікаў краязнаўчая справа стала сямейнай. Напрыклад, для настаўніка гісторыі сярэдняй школы № 3 Мёраў Вітаўта Антонавіча Ермалёнка, які стварыў некалькі школьных музееў, або кіраўніка гісторыка-этнаграфічнага музея “Гісторыя Заронаўскага краю” Віцебскага раёна Людмілы Канстанцінаўны Нікіцінай, чые сыны працягваюць справу бацькоў — даследуюць родны край разам з вучнямі. Вывучэнне роднага краю на працягу 10 гадоў вядзецца па такіх напрамках, як “Мой род, мая сям’я”, “Мая школа — часцінка майго жыцця”, “Мая вёска, мой горад”, “Мая Радзіма — Беларусь”. Усе напрамкі работы захаваліся, змяніліся толькі яе формы. Сёння мы праводзім конкурсы экскурсаводаў, конкурсы, прысвечаныя духоўнай спадчыне продкаў, таямніцам малой радзімы (легендам і паданням). На аснове сабранага матэрыялу ствараюцца турыстычна-краязнаўчыя маршруты, рыхтуюцца экскурсаводы. Цяпер з багатым матэрыялам, сабраным у рамках акцыі, варта больш актыўна знаёміць наша грамадства.

На думку гераіні, сучасны краязнавец павінен быць чалавекам апантаным, крэатыўным, “хадзячай энцыклапедыяй”, умець зацікавіць дзяцей. Тады будзе плён. Дзеці павінны ўспрымаць цябе, як свайго таварыша. Кожны чалавек па сваёй натуры лянівы, а тым больш вучні, у якіх столькі вучэбных прадметаў, а тут ім яшчэ трэба і вывучаць родны край. Толькі настаўнік, які валодае названымі якасцямі, можа перамагчы гэтую ляноту, далучыць дзяцей да краязнаўства. “Помню, калі працавала ў Начы, мы адправіліся ў вандроўку па коласаўскіх мясцінах. Сядзім, значыць, вечарам ля вогнішча ў Альбуці, і мае самыя заядлыя троечнікі, паслухаўшы “Новую зямлю” ў такой незвычайнай атмасферы, сказалі, што ім вельмі хочацца прачытаць паэму цалкам”, — узгадала Аляксандра Яўгенаўна.

А яшчэ сучасны настаўнік-краязнавец павінен актыўна папулярызаваць сваю справу з дапамогай інтэрнэт-рэсурсаў. Узяць, напрыклад, конкурс відэаролікаў, які нядаўна праводзіўся ў рамках рэспубліканскага грамадзянска-патрыятычнага праекта “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”. Чаму б не стварыць на папулярным інтэрнэт-партале YouTube асобны канал, падпісчыкі якога маглі б знаёміцца з відэаработамі ўдзельнікаў праекта і завочна здзяйсняць падарожжы па адметных мясцінах Беларусі. Гэта, канечне, ідэя, прапанова, аднак прыкладна ў такім кірунку павінна развівацца сучаснае школьнае краязнаўства.

Краязнаўцы не павінны варыцца ў сваім саку, веды пра родны край трэба актыўней папулярызаваць не толькі сярод вучняў, але і іх бацькоў, родных, суседзяў. Тады настаўнік, які спазнае малую радзіму, заўсёды будзе ў пашане, як і будуць заўсёды ў пашане тыя, хто дапамагае гэтаму настаўніку больш эфектыўна, метадычна выверана раскрываць таямніцы Бацькаўшчыны.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *