Дарагі мой чалавек

Бадай, самы блізкі і надзейны чалавек у нашым жыцці — мама. Толькі мама на працягу ўсяго жыцця для свайго дзіцяці застаецца і верным сябрам, і строгім суддзёй, і мудрым настаўнікам, і ўважлівым доктарам, і ласкавай нянечкай. А самае галоўнае — гэты чалавек нічога не патрабуе ўзамен. Шкада, што цаніць усё мы пачынаем нашмат пазней…

Пакуль жа дазваляем сабе няласкавае слова, забываем пра элементарную ўвагу, саромеемся зрабіць прыемнае.

Але ёсць дзень, які кожнаму з нас нагадвае, што ў нас ёсць Мама, калі з гонарам мы можам расказваць пра сваіх мам і не стамляцца гаварыць ім кампліменты, дарыць падарункі. Мы проста абавязаны гэта рабіць у Дзень маці.

Не пакідае без ўвагі гэтае свята і наша ўстанова. Гэта сапраўды добрыя падзеі для вучняў, мам, бабуль, настаўніц. На працягу святочнага тыдня ў нас ладзіліся разнастайныя мерапрыемствы, прысвечаныя самым дарагім і блізкім людзям. Ні адзін вучань не пакінуў без увагі сваю любую матулю.

Тыдзень пачаўся ўрачыстай лінейкай, на якую былі запрошаны мамы з мнагадзетных семяў, іх у нас 8.Вучні пачатковых класаў расказалі пра сваіх матуль у малюнках, што прэзентавалі на конкурс “Супермама” і арганізавалі выставу падарункаў. Сумесна з бібліятэкарам класныя кіраўнікі пазнаёмілі гасцей з выствай кніг, а вучні шчыра і цёпла прачыталі вершых беларускіх паэтаў, аб’яднаныя адной назвай “Свеціць, як сонца, ад самай калыскі”. Старшакласнікі па-свойму выказалі віншаванні — папрацавалі над стварэннем прэзентацый “Пяшчотнай, ласкавай самай…”, якія з гонарам дэманстравалі на перапынках у школьным холе.

Выхаванцы дзіцячага садка запрасілі сваіх мам і бабуль на ранішнік “Усмешкай матулі сагрэты”.

Завяршаючым акордам святочных дзён стала цудоўная літаратурна-музычная кампазіцыя, аргнізаваная школай сумесна з Домам культуры аграгардка Вераб’евічы і Навагрудскай епархіяй “Сіла мацярынскай любові”. Са словамі віншавання да прысутных звярнуліся настаяцель царквы вёскі Поўбераг, протаірэей царквы Нараджэння Прасвятой Багародзіцы вёскі Поўбераг Дзмітрый Смурага і старшыня Савета ветэранаў Асташынскга сельскага савета ветэранаў В.І.Валенцюкевіч. Вучні са сцэны прадэкламавалі пранікнёныя творы, прысвечаныя усім мамам Зямлі, а песні ў выкананні гасцей свята, пеўчых пры Поўберагскай царкве, не пакінулі ў зале абыякавымі ні адну жанчыну. З вуснаў малодшых школьнікаў гучалі жартаўлівыя прызнанні і шчырыя пажаданні матулям. Мерапрыемства дало магчымасць закрануць гісторыю ўзнікнення свята і адчуць яго хрысціянскія карані, бо Дзень маці ў Беларусі адзначаецца на свята Пакровы Прасвятой Багародзіцы.

Узнёслымі і маўклівымі, усмешлівымі і шчаслівымі пакідалі мамы залу. Свята адбылося. Свята засталося ў душы.

Л.Я.Мароз,
настаўніца Вераб’евіцкага ВПК “дзіцячы сад-базавая школа”.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *