“Шчаслівы той, хто шчаслівы ў сябе дома”, — пісаў у XIX стагоддзі Леў Талстой. Сёння гэтымі словамі можна апісаць мэты рэспубліканскага праекта “Софія” — ініцыятывы, накіраванай на развіццё сямейных каштоўнасцей сярод моладзі.
Праект стартаваў у 2018 годзе, калі яго будучаму кіраўніку начальніку маладзёжных праграм і праектаў БДУ Наталлі Ярашэвіч прапанавалі ўзначаліць маладзёжны напрамак у Беларускім саюзе жанчын.
— Працуючы з моладдзю, хацелася, каб кожнае пачынанне мела значнасць і сэнсавую нагрузку, якія б адгукаліся ў кожным удзельніку ў будучыні. Нягледзячы на скіраванасць ідэй, мэтай кожнай задумы было фарміраванне асобы. Адзін з важных складнікаў жыцця — сям’я, дзе мы вырастаем і якую пасля ствараем. І я імкнулася да таго, каб з’явіўся праект, прысвечаны традыцыйным сямейным каштоўнасцям, які меў бы значнасць як для студэнтаў, так і для школьнікаў. Хацелася гаварыць з імі пра галоўныя тэмы на іх мове, — расказвае Наталля Анатольеўна. — Выношваючы задуму праекта, доўга раілася з людзьмі, якім давярала, з каго брала прыклад. Сярод такіх прафесіяналаў была начальнік службы па сувязях з грамадскасцю і інфармацыйна-аналітычнай рабоце Інстытута тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла БДУ Алена Шымбалёва, якая займалася асветніцкім лекторыем “Віталіс”.
Праект дзейнічае пры падтрымцы маладзёжнага крыла Беларускага саюза жанчын і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Падмуркам, на які абапіраецца праект, стала сацыялагічнае даследаванне сямейных каштоўнасцей сярод 1190 студэнтаў БДУ, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова.
Калі нараджаліся першыя штрыхі “Софіі”, Алена Юр’еўна падзялілася з малодшай калегай канцэпцыяй свайго праекта: у яго межах зацікаўленыя студэнты станавіліся лектарамі і працавалі з аўдыторыяй па прынцыпе “роўны вучыць роўнага”. Гэты прынцып “Віталіса” і стаў падмуркам “Софіі”.
Наталля Ярашэвіч гаворыць, што назва праекта таксама была выбрана невыпадкова: імя Софія сімвалізуе жаночую мудрасць, у аснову якой закладзена сіла “кроткого” ўздзеяння на свет (“кроткого” як таго, хто ўтаймаваў агрэсію ўнутры сябе). Гэтае імя носяць святая Софія — маці Веры, Надзеі і Любові, якая ў агрэсіўным соцыуме змагла вырасціць сваіх дзяцей у чысціні веры, і святая Софія Слуцкая — міратворца, заступніца шлюбаў, цяжарных жанчын і немаўлят. Таму назва праекта — гэта выбар светапогляду: змены ў грамадстве праз уласны прыклад.
Дзейнасць каманды арганізатараў можна падзяліць па двух напрамках: адукацыйным і выхаваўчым. Першы блок разлічаны на падрыхтоўку студэнтаў, якія ў будучыні самі захочуць быць лектарамі (навучанне займае каля 2 тыдняў і ўключае ў сябе распрацоўку тэматычнага ўрока). Другі скіраваны на інтэрактыўнае ўзаемадзеянне з зацікаўленымі (геаграфія праекта не абмежавана Белдзяржуніверсітэтам: сярод слухачоў — прадстаўнікі розных вышэйшых навучальных устаноў і школ Беларусі). У яго межах запрошаныя спецыялісты праводзяць сустрэчы, лекцыі, трэнінгі і дыскусіі па пытаннях сям’і, міжасабовых адносін, канфліктаў, сэнсу жыцця і сяброўства. Сярод ужо ўзнятых тэм — “Псіхалогія адносін”, “Пазнаць маніпуляцыю і застацца сабой”, “Матывы стварэння сям’і”, “Сумленне і міласэрнасць”, “Мужнасць і жаноцкасць” і інш. Так, за час існавання “Софіі” адбылося больш за 70 сустрэч. Іх мэта — даць удзельнікам разуменне, што можна стварыць дружную і моцную сям’ю, у якой кожны будзе шчаслівым. Ад гэтага асноўнага стрыжня адгаліноўваюцца адказы і на іншыя пытанні: “Ці шчаслівы я?”, “Чаму я хачу стварыць сям’ю?”, “Што першаснае ў адносінах?”.
— Мы паказваем, што быць шчаслівым і добрым нескладана. Людзі могуць быць няшчаснымі, але ж гэта не робіць іх горшымі. І работа над “Софіяй” — гэта рух насустрач маяку, які асвятляе дарогу іншым, — дзеліцца Наталля Ярашэвіч. — Часта малады чалавек, знаходзячыся ў пэўным калектыве, можа не знаходзіць падтрымкі, аднадумцаў у бачанні свету і адносін да яго. А на праекце ўсіх прымаюць такімі, якія ёсць: у кожным чалавеку ёсць святло і дабрыня. Таму ўдзельнікі цягнуцца за “Софіяй”, пачынаюць адкрываць сябе, задумвацца над простымі, але вельмі важнымі пытаннямі. Я заўсёды гавару камандзе, што для мяне самае важнае — гэта стварэнне шчаслівых сем’яў. І за гэты невялікі тэрмін у нас з’явіліся 3 сям’і, якія сёлета чакаюць першынцаў, чацвёра ўдзельнікаў заручаны (калі гаварыць на сухой мове лічбаў, эфектыўнасць “Софіі” большая за 60%).
Каманда праекта сабрала студэнтаў і выпускнікоў розных падраздзяленняў БДУ (механіка-матэматычнага, біялагічнага, філалагічнага факультэтаў, факультэта журналістыкі, факультэта міжнародных адносін, юрыдычнага каледжа) і іншых устаноў адукацыі (Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага медыцынскага каледжа і інш.). Некаторыя з маладых людзей стаялі ля вытокаў праекта.
— “Софія” толькі нараджалася, і мне было прыемна, што Наталля ўбачыла ўва мне аднадумца і чалавека, здольнага падтрымліваць і прасоўваць пытанні, звязаныя з сям’ёй. Першае, на што звярнула ўвагу, — тое, што “Софія” будавалася на хрысціянскіх каштоўнасцях. Гэта было найлепшай гарантыяй правільнага развіцця праекта. Таму я ніколі не задавала сабе пытання: сысці ці застацца? “Софія” для мяне не нешта адасобленае, дадатковае, што можна пакінуць. Наадварот, гэта частка майго жыцця, якая гарманічна пераплятаецца з тым, што я раблю і пра што думаю, — узгадвае выпускніца факультэта міжнародных адносін БДУ лектар Алеся Смяховіч. — А самае галоўнае ў нашай рабоце — людзі. Кожная сустрэча з камандай — неверагодны душэўны ўзлёт, шырокія ўсмешкі і адчуванне цеплыні і радасці, што разліваюцца ўнутры і ўсюды навокал. Я не раз заўважала, што гэта адчуваюць і людзі, якія ўпершыню прыходзяць на нашы заняткі ці сустрэчы. Дабрыня, шчырасць, адкрытасць, міласэрнасць — сакрэт такой атмасферы. Я думаю, удзел у “Софіі” — гэта магчымасць і спроба быць лепшым праяўленнем сябе.
У БДУ было апытана 450 трэцякурснікаў з 9 факультэтаў. Вынікі паказалі, што на фарміраванне поглядаў моладзі найбольш уплывае прыклад бацькоў, сяброў ці суседзяў. Акрамя таго, светапогляд юнакоў і дзяўчат фарміруюць СМІ, кіно і тэлесерыялы. Радзей рэспандэнты выбіралі адказы “сучасная мастацкая літаратура” ці “ўстанова адукацыі”.
Выпускніца факультэта журналістыкі БДУ Надзея Мархель таксама была сярод першапраходцаў. У праекце яна дапамагае ў арганізацыі, чытае лекцыі, фатаграфуе і займаецца пошукам сем’яў, якія могуць падзяліцца сваімі гісторыямі.
— “Софія” — ініцыятыва, да якой можна далучыцца, каб зразумець сябе і дапамагчы іншым стаць шчаслівымі. Важна, што каманда сама адлюстроўвае каштоўнасці праекта: Наташа стварыла гарманічную сям’ю, і нашы сустрэчы заўсёды цёплыя, нават калі дыскутуем па сур’ёзных пытаннях, — адзначае дзяўчына.
У праекта есць сайт (www.projectsofiya.by) і суполка ва “УКантакце” (vk.com/projectsofiya), дзе акумулюецца вопыт каманды. Маладыя людзі падзялілі сваю дзейнасць на некалькі блокаў і да кожнага раздзела прыдумалі хэштэг. Сярод іх — #каштоўнае@projectsofiya (матэрыялы пра псіхалогію адносін, сям’ю, жыццё), #каманда@projectsofiya (пра людзей, якія ствараюць “Софію”), #меркаванне@projectsofiya (апытанні і думкі ўдзельнікаў і падпісчыкаў) і інш. У такім фармаце “сафійцы” стараюцца зрабіць тое, што магло быць упушчана ці не сказана на сустрэчах. Актыўнасць у сацыяльных сетках дапамагае ім і зараз, калі прамое кантактаванне з аўдыторыяй немагчымае.
— Я часта здзіўляюся, як з’яўляюцца людзі ў праекце, як перад імі адкрываюцца новыя магчымасці. Адказваю сабе так: калі ты робіш нешта не дзеля выгады, а таму, што гэта мае значэнне для канкрэтнага чалавека, з’яўляецца лёгкасць нават ад складанай работы. Значыць, ты на правільным шляху. Для мяне “Софія” — маяк, які свеціць, сагравае, калі бывае цяжка, — дзеліцца Наталля Анатольеўна. — Лічу, што кожны чалавек павінен рабіць тое, што можа зрабіць якасна і сумленна. Трэба вучыцца рабіць добрыя справы, знаходзіць свае моцныя бакі і быць патрэбным у імя любові. Бо шчасце — гэта пра простыя рэчы.
Ірына ІВАШКА.
Фота з архіва праекта.