Дарога да перамог пракладзена

- 15:11World Skills

Мінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 5 транспартнага будаўніцтва з’яўляецца неад’емнай часткай прафесійна-тэхнічнай адукацыі Беларусі і ажыццяўляе падрыхтоўку кадраў па 15 прафесіях і 20 кваліфікацыях. Апошнія гады сталі для ліцэя адметнымі і вывелі яго дзейнасць на новы віток. Гэтая навучальная ўстанова стала актыўнай удзельніцай WorldSkills, і сёння ліцэй асацыіруюць з гэтым грандыёзным рухам, які ахапіў увесь свет. Не будзе перабольшаннем сказаць, што крыніцу дзейнасці навучальнай установы напоўніла сваёй энергіяй, энтузіязмам, няўрымслівасцю Інеса Леанідаўна Кузьміна, якая ўзначальвае ліцэй ужо шмат гадоў.

З прыходам яе ў калектыў для ліцэя адкрыліся новыя гарызонты, з’явіліся свежыя ідэі і тыя напрамкі, дзе прэваліруе творчы падыход да справы.

Адным з напрамкаў работы ліцэя з’яўляецца падрыхтоўка і ўдзел у конкурсах, алімпіядах і аглядах рознага ўзроўню. Традыцыйным мерапрыемствам для навучэнцаў і педагогаў ліцэя, як і для ўстаноў адукацыі краіны, з’яўляюцца прадметныя алімпіяды, у тым ліку па працоўным навучанні, якія па сваёй сутнасці сталі стартавай пляцоўкай для многіх навучэнцаў ва ўсвядомленым выбары прафесіі. На працягу апошніх 15 гадоў выхаванцы ліцэя штогод перамагаюць на спаборніцтвах рознага ўзроўню, ад раённых да рэспубліканскіх, што стала зыходным пунктам для навучальнай установы перад стартамі міжнароднага маштабу.

— Вопыт падрыхтоўкі і ўдзелу ў руху WorldSkills, які лічаць сёння своеасаблівымі алімпійскімі гульнямі прафесійнага майстэрства, мы набывалі паступова, год за годам, крок за крокам, — расказвае Інеса Леанідаўна Кузьміна. — Адметна, што мы ідзём разам і сугучна з WorldSkills, пачынаючы з таго моманту, як ён прыйшоў у нашу краіну. Ужо ў 2014 годзе наш ліцэй прыняў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы канкурсантаў, прадаставіўшы для гэтага сваю вучэбна-матэрыяльную базу і педагагічны састаў.

Так, былі падрыхтаваны ўдзельнікі міжнароднага чэмпіянату ў Сан-Паўлу (Бразілія), расійскага чэмпіянату ў Казані, Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus, дзе ў 2016 годзе навучэнцы гэтай установы прымалі ўдзел у трох кампетэнцыях — “Выраб мэблі”, “Сталярныя работы”, “Каменныя работы” — і сталі ў іх прызёрамі (адно першае, два другія месцы).

У маі мінулага года ў складзе зборнай нашай краіны навучэнец ліцэя Арцём Капуста прыняў удзел у чэмпіянаце краін — членаў Еўразійскай прасторы ў рамках фіналу V Нацыянальнага чэмпіянату “Маладыя прафесіяналы” (WorldSkills Russia) у Краснадары. У кампетэнцыі “Сталярныя работы” хлопец атрымаў высокую ўзнагароду.

На працягу 2016/2017 навучальнага года на базе ліцэя неаднаразова праходзіла стажыроўка ўдзельнікаў Міжнароднага чэмпіянату ў Абу-Дабі (ААЭ) па кампетэнцыях “Сталярныя работы” і “Выраб мэблі”. У гэтым навучальным годзе стажыраваліся яшчэ і па кампетэнцыі “Цагляны мур”. Падрыхтоўка да Міжнароднага чэмпіянату WorldSkills у Абу-Дабі ажыццяўлялася на базе ліцэя майстрамі вытворчага навучання, якiя ўвайшлі ў супольніцтва нацыянальных экспертаў. Сярод іх Д.В.Расцюшэўскі, які курыруе кампетэнцыі “Выраб мэблі”, “Сталярныя работы”, і У.А.Дудараў — кампетэнцыю “Цагляны мур”. Ліцэй прадастаўляў сваю базу і састаў выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання для падрыхтоўкі навучэнцаў з іншых устаноў прафесійнай адукацыі. Так, Андрэй Пяткоўскі, навучэнец Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа, праходзіў падрыхтоўку ў ліцэі і потым прадстаўляў Беларусь у Абу-Дабі па кампетэнцыі “Цагляны мур”. Арцём Капуста, які стаў пазней навучэнцам філіяла РІПА “Індустрыяльна-педагагічны каледж”, выступаў у кампетэнцыі “Сталярныя работы”, студэнт Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Іван Скорб — у кампетэнцыі “Выраб мэблі”.

Рух WorldSkills настолькі зацікавіў педагагічны калектыў і кіраўніцтва ліцэя, што ў 2017 годзе было прынята рашэнне аб пашырэнні пераліку кампетэнцый, па якіх будзе ажыццяўляцца падрыхтоўка навучэнцаў да гэтага конкурсу. З улікам таго, што ў ліцэі каля 40% навучэнцаў атрымліваюць прафесіі электратэхнічнага профілю і ліцэй у ім мае кваліфікаваных майстроў вытворчага навучання, была распачата падрыхтоўка навучэнцаў па кампетэнцыі “Электрамантажныя работы”. Гэта ахапіла некалькі напрамкаў: удасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы вучэбнай майстэрні электрамантажных работ, павышэнне кваліфікацыі майстроў вытворчага навучання на семінарах і стажыроўках як у нашай краіне, так і за яе межамі. У прыватнасці, на ІІ Адкрытым галіновым чэмпіянаце “Маладыя прафесіяналы” (WorldSkills Russia) педагогі ліцэя С.С.Бусел і М.У.Грабар прымалі ўдзел у якасці экспертаў па кампетэнцыі “Электрамантажныя работы” сярод супрацоўнікаў прамысловых прадпрыемстваў Расійскай Федэрацыі па методыцы WorldSkills. Некаторыя выкладчыкі і майстры вытворчага навучання сталі ўдзельнікамі семінараў і ў іншых гарадах Расійскай Федэрацыі. На базе самога ліцэя праходзілі семінары для педагогаў па прафесіях электратэхнічнага профілю.

Інеса Леанідаўна Кузьміна прыклала шмат намаганняў, каб зрабіць вучэбна-матэрыяльную базу ліцэя сучаснай і тэхналагічнай. У вучэбных майстэрнях з’явіліся новае абсталяванне і інструменты, спецыяльна адкрыта новая вучэбная майстэрня, уносяцца змяненні ў змест вучэбных праграм з улікам прафесійных стандартаў WorldSkills.

— Калектыў ліцэя разумее, што дзякуючы далучэнню нашай установы да міжнароднага руху прафесійнага майстэрства, прафесійнай адукацыі адкрываюцца новыя магчымасці, — адзначае Інеса Леанідаўна. — Актывізуецца сістэма падрыхтоўкі кадраў для высокатэхналагічных галін эканомікі, у тым ліку і па рабочых прафесіях, на аснове міжнародных стандартаў, уключаючы механізмы прафесійнай арыентацыі, фарміравання экспертных супольнасцей і павышэння прадукцыйнасці працы. У рамках узаемадзеяння экспертных супольнасцей у нашай краіне ажыццяўляецца абнаўленне прафесійных і адукацыйных стандартаў па найбольш запатрабаваных прафесіях у галінах эканомікі Беларусі. Далучаюцца да сумеснай работы нашы прадпрыемствы і арганізацыі, якія павінны быць не толькі спажыўцамі кадраў, але і саўдзельнікамі адукацыйнага працэсу ў пытаннях фарміравання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі і фінансавання прафесійнай адукацыі.

Алена Леанідаўна Дарошка, намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце, на пытанне аб тым, што дае навучальнай установе ўдзел у спаборніцтвах WorldSkills, упэўнена адказвае:

— Адназначна, WorldSkills павышае прэстыжнасць рабочых прафесій. Выраз “Не хочаш працаваць галавой, будзеш працаваць рукамі” доўгі час быў устойлівым у нашым грамадстве. Але сённяшні стан прафесійнай адукацыі, яе інавацыйныя кірункі развіцця, выхад на міжнародны ўзровень разбурыў стэрэатып аб нізкай кваліфікацыі рабочых кадраў.

— Хачу развеяць міф пра тое, што навучыцца прафесіі муляра вельмі проста і ўласціва любому, — уключаецца ў размову У.А.Дудараў, майстар вытворчага навучання ліцэя, нацыянальны эксперт у кампетэнцыі “Цагляны мур”. — Сёння толькі аднаго жадання працаваць рукамі недастаткова. Каб бездакорна выканаць цагляны мур з дэкаратыўнымі элементамі, неабходна валодаць уменнем правільна чытаць чарцёж, ведаць асновы пабудовы чарцяжа ў сістэме аўтаматызаванага праектавання і чарчэння AutoCAD, валодаць высокатэхналагічным абсталяваннем і інструментам. Спатрэбяцца таксама веды па матэматыцы.

Д.В.Расцюшэўскі, майстар вытворчага навучання ліцэя, нацыянальны эксперт у кампетэнцыі “Выраб мэблі”, пацвярджае неабходнасць высокага прафесіяналізму канкурсанта, які імкнецца ўдзельнічаць у спаборніцтвах WorldSkills.

— Канкурсанты павінны быць фізічна цягавітымі, бо ва ўмовах міжнароднага конкурсу яны выконваюць заданне на ўзроўні кваліфікаваных рабочых на працягу 3—4 дзён. Канкурсант павінен быць стрэсаўстойлівым. Спатрэбяцца веданне не толькі гутарковай англійскай мовы, але і прафесійнай тэрміналогіі на ёй. Удзельніку спаборніцтваў па кампетэнцыі “Выраб мэблі” важна валодаць эстэтычным густам, уменнем маляваць, чарціць, таму што адным з этапаў выканання задання з’яўляецца выраб мастацкага набору са шпону. Акрамя спецыяльных уменняў, канкурсант павінен валодаць аналітычным мысленнем, хутка выбудаваць новы тэхналагічны працэс з улікам магчымых змяненняў задання.

У працяг размовы аб значнасці міжнароднага руху ў жыцці ліцэя Алена Леанідаўна Дарошка дадае, што ва ўстанове абнавілі змест праграм па вучэбных прадметах прафесійнага кампанента ад вучэбнага прадмета “Чарчэнне” да “Матэрыялазнаўства” і “Спецыяльнай тэхналогіі”.

Новыя рысы прыўнёс WorldSkills і ў правядзенне прафарыентацыйнай работы. У ліцэі ўключаюць у яе навучэнцаў, якія паказвалі сваё прафесійнае майстэрства на міжнароднай арэне і якія дзеляцца на прафарыентацыйных мерапрыемствах сваімі незабыўнымі ўражаннямі.

— Сцвярджэнне К.Д.Ушынскага аб тым, што настаўнік жыве да таго часу, пакуль вучыцца, у сучасных умовах набывае асаблівае значэнне, — мяркуе Інеса Леанідаўна Кузьміна. — Педагог, арыентаваны на прафесійны рост, імкнецца заявіць пра сябе шырокай грамадскасці з мэтай павышэння педагагічнага майстэрства і распаўсюджвання вопыту. Такім чынам, конкурс стварае спрыяльнае матывацыйнае асяроддзе для прафесійнага росту майстроў вытворчага навучання, выкладчыкаў, распаўсюджвання інавацыйнага вопыту, развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальнай установы.

Хочацца яшчэ дадаць, што ўдзел у міжнародным руху станоўча паўплываў на рэйтынг ліцэя як на рэгіянальным, так і на рэспубліканскім узроўні. Сёння гэтая навучальная ўстанова — не проста сталічны ліцэй № 5, гэта вядомая на ўсю краіну дзеючая пляцоўка WorldSkills, на якой рыхтуюць нацыянальную зборную.

— Бясспрэчна, міжнародны рух уплывае на павышэнне канкурэнтаздольнасці нашых выпускнікоў на вытворчасці, — падкрэслівае Інеса Леанідаўна. — Поспех ліцэя мы вызначаем не колькасцю прызавых месцаў у конкурсах, хаця і гэта вельмі значна. Мы лічым самым галоўным працаўладкаванне і запатрабаванасць выпускнікоў сярод работадаўцаў. У сучасных умовах толькі ў цесным кантакце з заказчыкамі кадраў мы можам паспяхова выконваць сваю галоўную місію — рыхтаваць канкурэнтаздольныя кадры і забяспечваць іх 100-працэнтнае працаўладкаванне.

Сёння ліцэй наладзіў прадукцыйныя кантакты з базавымі арганізацыямі па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы. Сярод іх — ААТ “МАПІД”, УП “Мінскметрабуд”, ЗАТ “АТЛАНТ”. Пашырылася сацыяльнае партнёрства са спецыялізаванымі фірмамі і арганізацыямі.

Уключэнне ў рух WorldSkills запатрабавала дадатковыя грашовыя сродкі, што актывізавала работу ліцэя па аказанні платных адукацыйных паслуг.

— Удзел у WorldSkills перавярнуў нашу свядомасць у поўным сэнсе, — расказвае Інеса Леанідаўна. — Для нас WorldSkills — гэта механізм, які падштурхоўвае рухацца толькі наперад і з’яўляецца для кожнага з нас крыніцай жыцця.

Цяпер у ліцэі распачалася падрыхтоўка да гарадскога конкурсу WorldSkills. Праходзяць вучэбныя семінары гарадскога і рэспубліканскага ўзроўняў для майстроў вытворчага навучання, выкладчыкаў, экспертаў. У майстэрнях кіпіць работа па адточванні прафесійных навыкаў будучых канкурсантаў. Першакурснікі Андрэй Трафімаў, Раман Ціхановіч, Аляксей Аляксееў, Улад Гіль і іншыя выхаванцы ліцэя толькі пачынаюць свой шлях да ўдзелу ў спаборніцтвах WorldSkills, але настойліва імкнуцца дацягнуцца да яго вяршынь. І яны маюць рацыю. У ліцэі дарога да перамог пракладзена.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.