Дарога да прафесіі праз інтэрнэт

- 12:14Апошнія запісы, Якасць адукацыі

Нядаўна міністр адукацыі М.А.Жураўкоў падпісаў загад аб падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў, прысвечаных 75-годдзю сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі нашай краіны, якое будзе святкавацца ў канцы гэтага года. Згодна з планам падрыхтоўкі і правядзення мерапрыемстваў, прысвечаных гэтай даце, і з мэтай павышэння прафесійнай кампетэнцыі работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі ў Гомельскім абласным доме навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі прайшоў семінар-практыкум “Выкарыстанне сучасных інфармацыйных і камунікацыйных сродкаў у арганізацыі прафарыентацыйнай работы ва ўстановах прафесійнай адукацыі”.

Арганізатарам семінара выступіў Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці. Намеснік дырэктара гэтай установы Ала Сцяпанаўна ГЕРАСІМУК расказала аб гэтым мерапрыемстве.
З улікам узрослых патрабаванняў да якасці прафесійнай падрыхтоўкі рабочых кадраў і спецыялістаў з боку сучаснай эканомікі і непасрэдна высокатэхналагічнай вытворчасці пытанне прафарыентацыі нашай моладзі набывае ўсё большую актуальнасць. Прафесійныя намеры значнай часткі выпускнікоў школ не адпавядаюць эканамічным патрэбам у кадрах. Аб гэтым сведчыць аналіз рынку працы, дзе прэваліруюць спецыялісты з вышэйшай адукацыяй, а рабочых не хапае ў многіх галінах сацыяльна-эканамічнага комплексу. Менавіта той факт, што частка маладых людзей слепа прытрымліваецца моды на вышэйшую адукацыю, не арыентуецца на рынку працы і не адсочвае патрэбнасці ў кадрах, яшчэ раз пацвярджае, што прафарыентацыя сёння патрабуе новых падыходаў.
— Прафарыентацыя моладзі з’яўляецца сёння не толькі праблемай педагагічнай, але і грамадскай, — адзначыла Ала Сцяпанаўна Герасімук.— Сутнасць прафарыентацыі ў тым, каб пераадолець супярэчнасць паміж аб’ектыўна існуючымі патрэбамі рынку працы і часам неадэкватнымі, суб’ектыўнымі прафесійнымі памкненнямі моладзі.
Прафарыентацыйная работа ўяўляе сабой цэласную сістэму ўзаемазвязаных мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне прэстыжу прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, на ўзняцце станоўчага іміджу рабочых прафесій, на фарміраванне ў школьнікаў матывацыі ў іх выбары. Сёння стаіць задача сарыентаваць маладых людзей на тую працоўную дзейнасць, якая б адпавядала іх здольнасцям і схільнасцям, патрэбам эканомікі, а не нейкім модным тэндэнцыям, якія ўзнікаюць у маладзёжным асяроддзі.
Аб новых формах прафарыентацыйнай работы, у тым ліку з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій, і вялася гаворка на семінары-практыкуме. Яго ўдзельнікамі сталі спецыялісты ўпраўленняў адукацыі аблвыканкамаў, камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, метадысты, кіраўнікі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняйспецыяльнай адукацыі.
— У сучасных умовах, калі імкліва развіваюцца інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі, пашыраюцца і магчымасці прафарыентацыі, — паведаміла А.С.Герасімук. — Камп’ютарная тэхніка і інтэрнэт з’яўляюцца рэальным рэсурсам для абнаўлення форм і метадаў прафарыентацыйнай работы. Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі ў гэтым кірунку забяспечваюць моладзі свабодны і хуткі доступ да неабходнай інфармацыі аб установах прафесійнай адукацыі, аб канкрэтнай прафесіі і даюць магчымасць выявіць свае прафесійныя інтарэсы, урэшце выбудаваць свой маршрут у прафесійным вызначэнні. Вядома, што для большасці школьнікаў інтэрнэт з’яўляецца неад’емным элементам штодзённага жыцця, таму было б мэтазгодна выкарыстоўваць гэты рэсурс на карысць прафесійнай арыентацыі.
Сёння кожная навучальная ўстанова мае свой сайт, дзе прадстаўлена падрабязная інфармацыя аб асаблівасцях паступлення і навучання, аб кожнай прафесіі, па якой вядзецца падрыхтоўка ў гэтай установе. Наяўнасць уласнага сайта (вэб-старонкі, вэб-рэсурсу) актывізуе цікавасць школьнікаў да прафесійнай дзейнасці, дапамагае старшакласнікам фарміраваць самастойны выбар будучай прафесіі, дазваляе аператыўна атрымліваць неабходную інфармацыю, ажыццяўляць зваротную сувязь, публікаваць прэс-рэлізы і праводзіць рэкламныя акцыі. Такім чынам, сусветная сетка дазваляе комплексна вырашаць задачы прафесійнай арыентацыі.
У рамках семінара былі разгледжаны пытанні комплекснага падыходу да арганізацыі прафарыентацыйнай дзейнасці ва ўстановах прафесійнай адукацыі, выкарыстання інфармацыйных тэхналогій, папулярызацыі і развіцця інфармацыйных інтэрнэт-рэсурсаў для павышэння эфектыўнасці прафарыентацыйнай работы ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Удзельнікі падзяліліся вопытам выкарыстання сучасных медыясродкаў (відэафільмаў, мультымедыйных прэзентацый, віртуальных экскурсій), тэхналогій правядзення прафарыентацыйнай работы ў рэжыме анлайн (анлайн-кансультацыі, вэбінары) з мэтай фарміравання ў навучэнцаў цікавасці да будучай прафесіі.
Як паведаміла Ала Сцяпанаўна Герасімук, на семінары яго ўдзельнікі пазнаёміліся з вопытам выкарыстання інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій у прафарыентацыйнай рабоце шэрага навучальных устаноў, у прыватнасці Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі, выкарыстоўваючы пры гэтым дыстанцыйныя сродкі і рэжым анлайн, а таксама ў рэальнасці пры наведванні Гомельскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа народных мастацкіх промыслаў і Гомельскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа машынабудавання.
З мэтай папулярызацыі тэхнічных і інжынерных прафесій, а таксама навуковай дзейнасці сярод моладзі ў рамках семінара прайшоў круглы стол пад назвай “Інжынер — прафесія з вялікай перспектывай”, у якім прынялі ўдзел навучэнцы старшых класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Гомельскай вобласці і прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Педагогі ўніверсітэта абмеркавалі з навучэнцамі пытанні сацыяльнай значнасці прафесіі інжынера ў сучасным грамадстве і шляхі пабудовы паспяховай прафесійнай кар’еры.
Пры падвядзенні вынікаў семінара-практыкуму яго ўдзельнікі адзначылі, што комплексны падыход да выкарыстання інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій установамі прафесійнай адукацыі дазваляе больш дынамічна арганізоўваць прафарыентацыйную работу з навучэнцамі агульнаадукацыйных устаноў, што, несумненна, павышае яе эфектыўнасць і выніковасць.

Ала КЛЮЙКО.