Дарога маладых

- 11:51Навіны рэгіёнаў

Прафесійная дарога маладых людзей пачынаецца з першага працоўнага месца. Студэнты трох гродзенскіх універсітэтаў і маладыя спецыялісты з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці сабраліся ў Навагрудку, каб убачыць, якія ўмовы ствараюць тут для маладых спецыялістаў, як працуе сістэма настаўніцтва, паслухаць саміх маладых людзей і пабываць на прадпрыемствах і арганізацыях, дзе яны працуюць.

Старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, старшыня абласной арганізацыі “Белая Русь” Ігар Жук адзначыў, што Навагрудскі раён быў выбраны для правядзення такой сустрэчы невыпадкова — 78 працэнтаў маладых спецыялістаў застаюцца працаваць у раёне пасля адпрацоўкі па размеркаванні, і гэта адзін з самых лепшых паказчыкаў у Гродзенскай вобласці.

— Мы запрасілі сюды студэнтаў універсітэтаў, а таксама маладых спецыялістаў з усёй вобласці, каб расказаць і паказаць: для жыцця і працы моладзі ствараюцца добрыя ўмовы, — сказаў, вітаючы ўдзельнікаў злёту, Ігар Георгіевіч. — На Навагрудчыне ўмею ць цаніць маладыя кадры, ствараюць умовы для самарэалізацыі, адаптацыі і прафесійнага росту. Моладзь бачыць перспектыву і застаецца тут жыць і працаваць. Асноўная мэта мерапрыемства — паказаць удзельнікам злёту, як працуюць і як жывуць у рэгіёне. І органы ўлады, і грамадскія арганізацыі зацікаўлены ў тым, каб моладзь знайшла сябе тут, у нашай краіне. Тут можна дасягнуць і кар’ернага росту, і прыносіць карысць сваёй сям’і і сваёй малой і вялікай радзіме.

Старшыня Навагрудскага райвыканкама Анатоль Маркевіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Навагрудскага райвыканкама Марына Шабановіч паведамілі аб сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна і перспектывах на найбліжэйшы час ва ўсіх сферах эканомікі і сацыяльнай палітыкі, аб рабоце па замацаванні маладых спецыялістаў. Аб сваім жыцці, першых кроках на першых рабочых месцах расказалі маладыя спецыялісты — намеснік дырэктара Гудзевіцкай сярэдняй школы Мастоўскага раёна Сяргей Мармыш, брыгадзір сельскагаспадарчага ўчастка ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі ААТ “Прынёманскі” Навагрудскага раёна Кацярына Духоўнік, урач-хірург Навагрудскай цэнтральнай раённай бальніцы Аляксандр Бычэнка.

Сяргей Мармыш прайшоў шлях ад настаўніка фізікі да намесніка дырэктара школы за некалькі гадоў. Сяргей Генадзьевіч падкрэслівае — яму вельмі дапамагалі калегі, таму што спачатку адчуваецца адсутнасць вопыту, і трэба навучыцца быць не толькі настаўнікам-прадметнікам, але і выхавальнікам.

— Поспех не прыходзіць да цябе, ты ідзеш да поспеху, — сказаў Сяргей Мармыш. — Я задаволены ўмовамі работы, мяне радуюць поспехі маіх вучняў.

Дырэктар Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага каледжа Андрэй Сусла расказаў і аб каледжы, які па выніках работы за мінулы год стаў лепшым у вобласці сярод устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, і аб сваім прафесійным шляху, аб якасцях, якія павінны быць у сучаснага кіраўніка. Андрэй Пятровіч стаў намеснікам дырэктара каледжа ў 33 гады, а праз тры гады ўзначаліў навучальную ўстанову.

Вялікая ўвага на сустрэчы ўдзялялася пытанням сістэмы настаўніцтва, дапамозе, якую аказваюць вопытныя калегі маладым спецыялістам. Аб такой сістэме ў галіне адукацыі расказала дырэктар сярэдняй школы № 26 Гродна старшыня абласнога клуба “Крыштальны жураўлік” Таццяна Даўгун. У Гродзенскай вобласці ў сістэме адукацыі працуюць каля дзвюх тысяч маладых настаўнікаў. Яны маюць магчымасць павышаць сваю кваліфікацыю праз семінары, курсы, суполкі, якія арганізуе Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі, прымаць удзел у летняй школе маладога настаўніка, фестывалі “Прызванне — педагог”.

Потым удзельнікі злёту адправіліся па трох маршрутах. Студэнты Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і яго выпускнікі пабывалі ў Навагрудскай бальніцы, Кошалеўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, філіяле тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Студэнты аграрнага ўніверсітэта і маладыя спецыялісты-аграрыі азнаёміліся з аб’ектамі ААТ “Прынёманскі” — малочнатаварнай фермай “Галынь”, машынным дваром, пабывалі ў Любчанскай сярэдняй школе.

Студэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і маладых настаўнікаў суправаджаў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Навагрудскага райвыканкама Алег Анікевіч. Алег Аркадзьевіч падкрэсліў, што ў сістэме адукацыі лічба замацавання маладых спецыялістаў вышэйшая, чым у сярэднім па раёне, і складае 80 працэнтаў. Гэтаму спрыяюць умовы, якія ствараюць тут для маладых спецыялістаў і ў прафесійным плане, і ў плане жылля і сацыяльных гарантый. Таму адным з першых аб’ектаў маршруту стаў інтэрнат, дзе жывуць маладыя спецыялісты.

Пабывалі ўдзельнікі злёту ў сярэдняй школе № 7, дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 1 Навагрудка, Навагрудскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Яны ўбачылі, у якіх умовах працуюць іх калегі, якія ўмовы створаны для ўсебаковага развіцця дзяцей, а ў 7-й школе дырэктар Людміла Мароз пазнаёміла іх з маладымі настаўнікамі.

— Такія сустрэчы вельмі карысныя, — дзеліцца сваімі ўражаннямі настаўнік матэматыкі і інфарматыкі Дварэцкай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна Віталь Дзержаноўскі. — Гэта і магчымасць убачыцца са сваімі калегамі з іншых раёнаў, абмеркаваць нешта, убачыць карысны вопыт. Прыемным дадаткам было і тое, што мы пабывалі ў доме-музеі Адама Міцкевіча, убачылі такі цікавы аб’ект, як Алея Ліхтароў.

— Злёт студэнтаў і маладых спецыялістаў праводзіцца ў Гродзенскай вобласці восьмы раз па ініцыятыве Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, прафсаюзаў, — расказвае намеснік старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі РГА “Белая Русь” Святлана Вараніца. — У гэтым годзе ў злёце прынялі ўдзел звыш 120 чалавек. Арганізатары стараліся зрабіць праграму максімальна насычанай і карыснай для ўдзельнікаў. Яны ўбачылі, як працуюць, жывуць, адпачываюць маладыя спецыялісты, якія ўмовы ёсць для прафесійнага развіцця. Карысную інфармацыю атрымалі студэнты і маладыя спецыялісты і ад намесніка старшыні Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Андрэя Кардаша.

Абласны злёт студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў і маладых спецыялістаў прайшоў пад дэвізам “Дабрабыт Радзімы, росквіт Беларусі — мой абавязак, мой лёс”. На добрую памяць яго ўдзельнікі пасадзілі каля інтэрната для маладых спецыялістаў у Навагрудку алейку з маладых туй.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.