Лоеўскі педагагічны каледж вядомы далёка за межамі свайго раёна. Ён карыстаецца папулярнасцю сярод абітурыентаў з розных рэгіёнаў рэспублікі. І яму сапраўды ёсць чым ганарыцца.
Валанцёрская група “Стыль” была створана на базе каледжа ў 2011 годзе. Усё пачалося з таго, што калектыў выкладчыкаў і студэнтаў распрацаваў праект па процідзеянні гандлю людзьмі “Усё ў тваіх руках”, выйграў грант і атрымаў права на стварэнне валанцёрскай групы. Адразу ж узніклі пытанні: каму даручыць такую работу, на каго ўскласці такую адказнасць? Выбар спыніўся на 1 “В” групе.
Як адзначаюць валанцёры, самым цяжкім на пачатку іх дзейнасці было правядзенне першага трэнінгу. Уявіце, як нялёгка пераадолець сябе, калі ты, першакурснік, павінен не толькі засяродзіць увагу людзей, але і прымусіць іх задумацца над сказаным, дапамагчы разабрацца з пэўнай праблемай і вынесці нешта карыснае для сябе.
Канечне, пачынаць было нялёгка, але хлопцы і дзяўчаты, атрымліваючы новыя веды і пераадольваючы ўнутраны страх, справіліся. Падчас першых маленькіх, але ўпэўненых крокаў групы вялікую падтрымку аказалі абласная арганізацыя Чырвонага Крыжа і адміністрацыя каледжа.
І вось пачатак пакладзены. Далей — цікавая, захапляльная і прадукцыйная праца. Кожны валанцёр перакананы, што, спрабуючы змяніць навакольны свет, трэба пачаць у першую чаргу з сябе. Пры гэтым няма адзінай сістэмы работы з людзьмі, бо кожны чалавек патрабуе індывідуальнага падыходу і асобнай увагі. Для кожнай узроставай групы распрацаваны пэўныя схемы і праекты. Так, напрыклад, моладзі ад 15 гадоў прапаноўваюцца трэнінгі і заняткі, якія тычацца тэм гандлю людзьмі, СНІДу, наркотыкаў і г.д., а для школьнікаў 1—5 класаў — тэмы, звязаныя са здаровым ладам жыцця.
Але не толькі ў межах гэтых тэм працуюць валанцёры педагагічнага каледжа. Іх дзейнасць шматвектарная. “Стылёўцы” распрацоўваюць і ўвасабляюць у жыццё новыя ідэі. Самымі незвычайнымі ў іх дзейнасці можна назваць праекты “Форум-тэатр”, “Фотавойс”, гульню “Дапамога”. “Форум-тэатр” — гэта пэўная сітуацыя, зыход якой можа змяніць кожны, бо ён залежыць ад выбару, ад тваёй жыццёвай пазіцыі. “Фотавойс” — матэрыял-прэзентацыя, сабраная з уяўленняў па азначанай тэме. У цэнтры залы вывешваецца дошка з пытаннем, якое хвалюе валанцёраў на сучасным этапе, і кожны выказвае свае меркаванні, перанёсшы іх на паперку. Гульня “Дапамога” прызначана для рознаўзроставай аўдыторыі. Яна ўяўляе некалькі пунктаў, на якіх размешчаны людзі-акцёры, якіх трэба выратаваць. Хлопцы і дзяўчаты “Стылю” даюць іншым магчымасць зразумець, якой неабходнай падчас бывае дапамога неабыякавых людзей, вучаць, як больш правільна яе аказаць з дапамогай простых рэчаў.
Нельга не адзначыць і такія яскравыя праекты, як “Так” — творчасці, “не” — наркотыкам”, “Твая тэма”, “Абмяняй цыгарэту на чыстыя лёгкія”. Першае мерапрыемства ўяўляла сабой канцэрт, які паўплываў на жыццёвую пазіцыю многіх. Музычныя творы краналі кожнага прысутнага, юнакі зачароўвалі сваім майстэрствам. А ў канцы як прысуд прагучала: “Яны маглі жыць, але іх жыццёвы шлях абарвалі наркотыкі”. Зразумела, ніхто не захацеў бы аказацца на іх месцы.
Усе гэтыя мерапрыемствы — толькі маленькая частка работы валанцёрскай групы “Стыль” Лоеўскага педагагічнага каледжа. Задача кожнага яе ўдзельніка — дапамагчы людзям зразумець свае адносіны да пэўных з’яў, паспрыяць, каб яны зрабілі правільны выбар і не прайшлі міма, калі некаму патрэбна будзе дапамога. Такія мэты яны ставяць перад сабой не толькі як валанцёры, але і як будучыя настаўнікі. Удзельнікі групы “Стыль” перакананы: горш за ўсіх дзейнічае той, хто нічога не робіць і думае, што робіць усё лепш за іншых. Супраць такіх праяў і накіравана іх дзейнасць. Толькі прыклаўшы вялікія намаганні, можна атрымаць добры вынік. І гэта не проста словы: кожны навучэнец каледжа на асабістым прыкладзе даказаў, што нездарма носіць званне валанцёра. Не толькі сваёй дзейнасцю, але і стараннай вучобай.
Ірына ІВАШКА.