Дарогай дабрыні і творчасці

Выстава работ, выкананых у тэхніцы вышыўка гладдзю, пад назвай “На крылах творчасці” адбылася ў Дзяржынскай раённай бібліятэцы. Значнай і адметнай гэтую выставу робіць той факт, што работы стварылі дзяўчаты, якія маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця.

Вышыванне — майстэрства, якое патрабуе не толькі мастацкага густу і бачання, але і цярплівасці, бо стварэнне вышываных карцін — работа марудная, надзвычай карпатлівая. І ўявіце сабе, колькі цярплівасці і стараннасці для вышывання неабходна чалавеку, які мае дыягназ дзіцячы цэрэбральны параліч. У аўтараў выставы “На крылах творчасці” — Юліі Доўнар і Хрысціны Быкавай — менавіта такое захворванне. Але гэта не перашкодзіла дзяўчатам рэалізавацца ў творчасці. А дапамаглі ім у гэтым падтрымка бацькоў і педагога дадатковай адукацыі Алы Алегаўны Балясавай.

Ала Алегаўна працуе ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Дзяржынскага раёна, дзе вядзе заняткі народнай студыі “Крынічка”. 8 гадоў назад педагог пачала займацца з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў ЦКРНіР Дзяржынскага раёна. І сёння яе выхаванцы — удзельнікі і дыпламанты шматлікіх творчых конкурсаў. Так, на апошнім рэспубліканскім фестывалі “Вясёлкавы карагод” выхаванцы Алы Алегаўны заваявалі 5 дыпломаў. Педагог кажа, што працаваць з асаблівымі дзецьмі можна, толькі адкрываючы ім сваё сэрца і душу, бо калі яны табе даверыліся, то гэты давер бязмежны. І абавязкова з настроем, таму на занятках разам з Алай Алегаўнай дзеці не толькі займаюцца рукадзеллем, але і спяваюць, танцуюць, гуляюць. Педагог стварае для дзяцей спрыяльную атмасферу і сітуацыю поспеху.

Ала Алегаўна стараецца для кожнага свайго выхаванца знайсці тое рамяство, якое не толькі будзе атрымлівацца, але і прынясе задавальненне. Яе выхаванцы робяць аплікацыі, займаюцца канструяваннем з тканіны, саломапляценнем, пластылінаграфіяй, макрамэ, шыюць мяккія цацкі, вяжуць, вышываюць ніткамі і бісерам, ствараюць тапіярыі і народныя сувеніры. Так, напрыклад, з Хрысцінай Быкавай яны пачалі 5 гадоў назад з работы з пластыкавай крошкай, потым стваралі карціны з гузікаў. Затым педагог заўважыла, што дзяўчыне падабаецца працаваць з ніткамі, і яна прапанавала Хрысціне матанне. Паступова прыйшлі і да вышыўкі. Доўга падбіралі тканіну, іголку, камфортную позу для работы — урэшце, справа пачала ладзіцца. Работы Хрысціны аднойчы ўбачыла мама Юліі Доўнар, якая працуе ў ЦКРНіР, і папрасіла Алу Алегаўну пазаймацца з дачкой. Так вышываць пачала і Юля. Дзяўчыне гэтая справа прыносіць задавальненне.

Сказаць, што вышыванне даецца дзяўчатам проста, будзе няпраўдай, аднак кожны дзень яны пераадольваюць перашкоды — нечыя сумненні, свае фізічныя праблемы — і ўдасканальваюць сваё майстэрства.

— Я заўсёды гавару дзецям, што для поспеху неабходны працавітасць, цярплівасць і талент, прычым менавіта ў такім парадку, — кажа Ала Алегаўна Балясава. — І я схіляюся перад працавітасцю і цярпеннем Хрысціны, Юлі і наогул маіх выхаванцаў з ЦКРНіР. Для мяне гэта вялікая ўзнагарода — такія ўдзячныя дзеці. Я люблю назіраць, як яны развіваюцца ў сваім рамястве. І самае вялікае шчасце, калі мае навучэнцы пераўзыходзяць мяне ў майстэрстве, як гэта зрабілі дзяўчаты.

У Дзяржынскай раённай бібліятэцы ўжо 4 гады рэалізоўваецца праект “Тэрыторыя творчасці”, у рамках якога праводзяцца выставы творчых работ жыхароў Дзяржынска і раёна, каб людзі бліжэй знаёміліся са сваімі таленавітымі землякамі. Ала Алегаўна прапанавала дзяўчатам паспрабаваць арганізаваць выставу. І вось выставачная зала ўжо запоўнена іх работамі. Праўда, прадстаўлены тут былі не ўсе вышыўкі дзяўчат, бо свае творы яны шчодра дораць сябрам, знаёмым.

Выстава стала сапраўднай падзеяй для вялікай колькасці людзей: для Юлі і Хрысціны, якія атрымалі станоўчыя эмоцыі і веру ў свае сілы; для іх бацькоў, якія ганарацца дасягненнямі сваіх дзяцей; для педагогаў, якія радуюцца поспехам сваіх выхаванцаў; для сяброў дзяўчат, якія натхніліся іх прыкладам і будуць гэтак жа смела ставіць перад сабой мэты і дасягаць іх. І, нарэшце, для кожнага, хто наведаў гэтую выставу, яна была карыснай, бо такая творчасць робіць людзей крыху дабрэйшымі і больш талерантнымі, а таксама прымушае задумацца над сапраўднымі жыццёвымі каштоўнасцямі.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *