Дарогай добрых спраў

- 12:04Навіны рэгіёнаў

І ўраджай на прысядзібным участку дапамогуць сабраць, і парадак у двары і ў хаце навядуць, за пакупкамі сходзяць, спытаюць, як жылося раней, і паслухаюць успаміны ветэранаў. Штодзень сотні школьнікаў Гродзенскай вобласці прыходзяць да людзей сталага ўзросту — звыш трыццаці тысяч дзяцей удзельнічаюць у валанцёрскім руху. Аб дабрачынных акцыях, выхаванні дзяцей і падлеткаў праз валанцёрскі рух мы папрасілі расказаць начальніка аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Т.В.Асмалоўскую.

Фота да матэрыялу: Дарогай добрых спраў.— Нас вельмі радуе, што валанцёрская работа набывае шырокае распаўсюджанне, да яе далучаецца ўсё больш дзяцей, падлеткаў і моладзі ва ўсіх раёнах вобласці, — гаворыць Таццяна Вітальеўна. — Напрыклад, прывяду лічбы: звыш 32 тысяч навучэнцаў аказваюць дапамогу старэйшым людзям. Ва ўстановах адукацыі дзейнічаюць 1414 валанцёрскіх атрадаў, якія аб’ядналі амаль 18 тысяч дзяцей. На канец мінулага навучальнага года такіх атрадаў было 1270.

Кіраўніцтва Гродзенскага аблвыканкама паставіла задачу, каб кожны стары чалавек, якому патрэбна дапамога, не застаўся без увагі, у тым ліку з боку прадстаўнікоў навучальных устаноў. Усіх гэтых людзей наведалі супрацоўнікі органаў сацыяльнай дапамогі. Па выніках такой работы валанцёрскія атрады замацаваны за 78 509 чалавекамі, што складае 69 працэнтаў ад агульнай колькасці такіх грамадзян.

Школьнікамі аказана дапамога людзям пажылога ўзросту ў зборы ўраджаю, навядзенні парадку каля дамоў, па складзіраванні дроў, уборцы дамоў, дастаўцы прадуктаў з магазіна. Дзядулі і бабулі ахвотна атрымліваюць таксама дапамогу ад дзяцей па рэгістрацыі ў сацсетках, навучанні камп’ютарнай і фінансавай дасведчанасці, чытанні перыядычнага друку.

Пастаянна праходзяць абласныя акцыі, удзельнікамі якіх становяцца валанцёры з усіх рэгіёнаў. Так, восенню прайшла акцыя “Яблычны каравай”. Ураджай яблыкаў у гэтым годзе радаваў, і дзеці дапамаглі пажылым людзям яго сабраць, пасля чаго спяклі пірагі і разам з дзядулямі і бабулямі папілі чаю, паслухалі іх аповеды. Звыш 7 тысяч навучэнцаў дапамаглі ў зборы яблыкаў 4192 пажылым людзям. А расказалі аб гэтай акцыі пры дапамозе абласной газеты — фотасправаздачы аб акцыі размяшчалі на сайце школ. 50 навучальных устаноў апублікавалі інфармацыю на сайце газеты, дзе адбылося анлайн-галасаванне на лепшы яблычны каравай, у якім прыняло ўдзел звыш 20 тысяч чалавек.

На сайце галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама працуе банер “На крылах дабра і міласэрнасці”. Фотаматэрыялы аб праведзеных акцыях, дабрачынных мерапрыемствах пастаянна з’яўляюцца на сайтах устаноў адукацыі і аддзелаў адукацыі рай(гар)выканкамаў.

Традыцыйна арганізоўваюцца акцыі да дня пажылых людзей — дзеці прыходзяць да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, ветэранаў педагагічнай працы, адзінокіх пажылых людзей, уручаюць віншавальныя паштоўкі і падарункі, зробленыя сваімі рукамі. Ветэранаў вайны і працы запрашаюць на выхаваўчыя мерапрыемствы ў школы.

На асенніх канікулах прайшла акцыя “Утульны двор — цёплы дом”, падчас якой дзеці дапамаглі пажылым людзям падрыхтаваць дамы і двары да зімы. Зімой дзеці таксама дапамогуць убраць двары ад снегу.

Напярэдадні Каляд і Новага года школьнікі павіншуюць дзядуляў і бабуль — прыйдуць да іх з падарункамі, запросяць на святочныя мерапрыемствы ў школы.

Вядучыя напрамкі валанцёрскага руху ў дачыненні да пажылых людзей — гэта аказанне практычнай бытавой дапамогі адзінокім, пажылым людзям, інвалідам; IT-валанцёрства, інфармацыйная падтрымка; арганізацыя дабрачынных канцэртаў, святочных мерапрыемстваў; папулярызацыя ідэй добраахвотніцтва ва ўстановах адукацыі. Клопатам валанцёраў стане і навядзенне парадку ў месцах воінскіх пахаванняў, каля крыніц, у лесапаркавых зонах, правядзенне спаборніцтваў па розных відах спорту.

Тысячы школьнікаў Гродзеншчыны актыўна ўдзельнічаюць у валанцёрскім руху. Варта адзначыць лепшы вопыт такой работы ў Парэцкай сярэдняй школе Гродзенскага раёна, Гарадзечанскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Навагрудскага раёна, Лідскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Так, у Парэцкай школе праводзяцца акцыі “Залаты ўзрост”, “Пакаленне дабра”, “Падары цяпло”, “Дзень дабра і павагі”, “Ветэран жыве побач”, а дзейнасць валанцёрскага атрада “Дарогай добрых спраў” заснавана на прынцыпах добрай волі ўдзельнікаў, бескарыслівасці, пастаяннай гатоўнасці аказваць дапамогу іншым.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.