Дарогамі мужнасці

Орша першай з беларускіх гарадоў сустрэла ўдзельнікаў ІІ Міжнароднага штогадовага бронепрабегу Саюзнай дзяржавы “Дарога мужнасці”.

Прымеркаваны да 77-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны, бранепрабег стартаваў на Паклоннай гары ў Маскве, там жа мяркуецца завяршэнне акцыі. Маршрут “Масква — Брэст — Масква” ахоплівае больш за дзве тысячы кіламетраў. Калона рухаецца па месцах абарончых баёў 1941 года праз дзесяць гарадоў Беларусі і Расіі. У мінулым годзе першы бронепрабег сабраў звыш за 21 000 000 гледачоў і быў унесены ў Кнігу рэкордаў Расіі. Сёлета задзейнічана больш за 18 адзінак дэмілітарызаванай бранятэхнікі, сярод якой побач знаходзяцца рарытэтная машына выпуску 30-х гадоў мінулага стагоддзя і магутныя сучасныя БРДМ-1 і БРДМ-2, БМ14-17, БТР-40 і БТР-152. У Оршы ў мемарыяльным комплексе “За нашу Савецкую Радзіму!” адбыўся ўрачысты мітынг. Госці наведалі славутыя мясціны Аршаншчыны і памятны знак пад вёскай Пішчалава на месцы, дзе выпусціла першы залп легендарная “Кацюша”.

Выстава бранятэхнікі размясцілася ў гарадскім парку: агледзець тэхніку і сфатаграфавацца ля машын маглі ўсе жадаючыя. Арганізатарам акцыі выступае міжрэгіянальная грамадская арганізацыя садзейнічання вывучэнню эксплуатацыі ваеннай тэхнікі “Ваенна-тэхнічнае таварыства” пры падтрымцы Фонду прэзідэнцкіх грантаў (Расія). Удзел у мерапрыемстве прымаюць 50 чалавек, у тым ліку прадстаўнікі Таджыкістана, Узбекістана, Арменіі і Казахстана.

Таццяна БОНДАРАВА.