Дарогамі спаленых вёсак

- 12:51Да 70-годдзя Вялікай Перамогі

Вайна… Гэтае слова страшным рэхам адгукаецца ў сэрцы кожнага жыхара Беларусі. Колькі гора прынесла яна нашай зямлі! Амаль у кожным населеным пункце ёсць магіла або помнік, устаноўлены ў знак памяці аб ахвярах Вялікай Айчыннай вайны. Толькі ў Капыльскім раёне Мінскай вобласці каля 20 вёсак падзялілі лёс Хатыні. Многія з іх не аднавіліся.

Вучні сярэдняй школы № 3 Капыля разам з класнымі кіраўнікамі Аленай Мікалаеўнай Садовік і Таццянай Міхайлаўнай Нядзелькай пабывалі на экскурсіі “Сёстры Хатыні”. Яе мэта — папоўніць веды навучэнцаў па гісторыі роднага краю. У якасці экскурсавода выступіў старшыня раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Аляксандр Іванавіч Касінскі. Першым прыпынкам стала вёска Вялікія Прусы. За два дні, 26 і 27 верасня 1942 года, гітлераўцы знішчылі тут у агні 258 чалавек. На ўскрайку вёскі знаходзіцца брацкая магіла, дзе ў 1975 годзе ўсталявана стэла.
Асабліва трагічным для жыхароў Капыльшчыны быў люты 1943 года. 2 і 3 лютага згарэлі разам з жыхарамі вёскі Прагрэс, Рулёва, Калодзезнае. 5 лютага фашысты спалілі Жавалкі. Тут у агні загінулі 512 чалавек. Гэта былі дзеці, жанчыны, старыя. На заходняй ускраіне вёскі знаходзіцца магіла ахвяр фашызму, на якой у 1967 годзе ўсталяваны помнік. 2 лютага фашысты спалілі вёску Масявічы разам са 130 жыхарамі. Сярод іх — 11 дзяцей да двух і 47 — да дванаццаці гадоў. Выжыў толькі адзін чалавек, але далейшы яго лёс невядомы. Пасля вайны вёска так і не паўстала з попелу. У 1998 годзе на гэтым месцы ўсталявана скульптурная кампазіцыя. У фундамент манумента закладзена капсула са зваротам да нашчадкаў: “Мы — за блакітнае бясхмарнае неба для нашых дзяцей, мы — за далейшае прымірэнне двух народаў, беларускага і нямецкага, за ўмацаванне дружбы і супрацоўніцтва”. Школьнікі вырашылі ўзяць шэфства над гэтым помнікам. Да кожнага помніка ўсклалі вянкі.
Падчас экскурсіі мы яшчэ раз упэўніліся ў тым, што кожны кавалак роднай зямлі паліты крывёй нашага народа. Амаль у кожнай сям’і ёсць родныя, якія загінулі ў гады вайны, у кожным горадзе ці вёсцы ёсць абеліскі памяці. Калі вярталіся ў Капыль, у аўтобусе было ціха. Кожны думаў аб тым, як дорага заплацілі нашы прадзеды за Перамогу. І мы, маладое пакаленне, якое ведае пра вайну толькі па кніжках, кінастужках і аповедах продкаў, ніколі не забудзем, якой цаной заваявана наша мірнае неба.

Кацярына УЛАСАВЕЦ,
навучэнка сярэдняй школы № 3 Капыля.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.