Дарогу эксперыментам!

- 11:35Спартыўныя падзеі

Гэта здымачная пляцоўка легендарнага танцавальнага фільма “Крок наперад”? Не, звычайныя заняткі па фізкультуры ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Але чаму замест класічнага “Размаўляць не трэба. Прысядайце да ўпаду…” тут разгарнуўся сапраўдны харэаграфічны гурток?

Не спяшайцеся, тры-чатыры!

Усё дзякуючы аўтарскаму падыходу выкладчыка кафедры фізічнага выхавання і спорту БДУ Наталлі Аляксандраўны Ушаковай. Яна распрацавала трэніровачны комплекс, які ўключае элементы з аэробікі і сучасных танцавальных напрамкаў у вучэбную праграму. Фармат таксама асаблівы — цьютарскія заняткі.

— Доўгі час я працавала трэнерам па агульнай фізічнай пад­рыхтоўцы ў камандных відах спорту, таму ведаю, чым заціка­віць групу. Распрацаваныя методыкі вельмі падабаюцца менавіта дзяўчатам. Яны аддаюць перавагу танцам і фітнесу, у той час як хлопцы выбіраюць рухавыя гульні і “жалеза”. Раней на фізкультуры дзяўчатам было сумнавата, а мая галоўная мэта — выклікаць у іх імкненне стаць лепшымі. Паказаць, што можна наведваць не “з-пад палкі”, а з задавальненнем.

“У БДУ сфармаваўся калектыў сапраўдных прафесіяналаў, якія шмат чаго дасягнулі. Мае месца здаровая спартыўная канкурэнцыя, калі выкладчыкі вучацца адзін у аднаго, абменьваюцца вопытам. Пастаянна арганізуюцца адкрытыя заняткі, майстар-класы, што забяспечвае стабільнае павышэнне якасці аздараўлення і агульнай фізічнай падрыхтоўкі ў навучэнцаў”.

Таму з’явіўся фармат цьютарскіх трэнінгаў, дзе студэнты могуць і сваю фізічную форму ў парадак прывесці, і навучыцца танцавальным рухам, і нават палепшыць навыкі сацыялізацыі. Заняткі праходзяць раз на ты­дзень і нечым нагадваюць аэро­біку. Разнастайныя рухі, якія я паказваю, развіваюць не толькі мышцы, але і прапрыяцэпцыю — адчуванне частак цела ў прасторы, а таксама актывізуюць мазгавую дзейнасць.

Мае цьютарскія заняткі прадугледжваюць псіхарухальную тэрапію, развіццё каардынацыі і пластыкі. У іх фітнес спалучаецца з абавязковай вучэбнай праграмай. А яшчэ гэта ідэальны шанс для студэнтаў адпрацаваць прапушчаныя пары. І сябе зробіш лепшым, і наблізішся да запаветнага заліку.

Не баяцца і шукаць

Акрамя танцавальных методык, Наталля Аляксандраўна распрацавала комплекс практыкаванняў, якія дапамагаюць аднавіць правільную паставу. Спатрэбіўся багаты вопыт лячэбнай фізкультуры.

— Таксама існуе комплекс практыкаванняў, створаны для студэнтаў факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ. У многіх з іх няправільная пастава. Я доўгі час працавала з праблемамі пазваночніка ў спецмедгрупе ў школе. На нашы заняткі нават прыходзілі дактары, таму што пасля рэгулярных наведванняў дзецям знімалі дыягназы. Прыемна бачыць, што гэты вопыт знаходзіць водгук і ў студэнтаў.

“Разуменне, што спорт — гэта добра і трэба кожнаму, не заўсёды матывуе. Важна, каб фізкультура прыйшла са спартыўнай залы ў дом. Так адбываецца фарміраванне асабістай культуры. Чымсьці падобна на ёгу, дзе выкананне практыкаванняў спрыяе арганізацыі ўвагі, прыводзіць у парадак не толькі цела, але і розум”.

Верхам на тонінгболе

Для таго каб вырашыць гэтую сур’ёзную задачу, звычайнай гімнастыкі недастаткова. Таму Наталля Аляксандраўна выкарыстоўвае сучасны інвентар, які спрыяе а­здараўленню і ўмацаванню арганізма.

— У нашым універсітэце доб­рая база для правядзення заняткаў з элементамі фітнесу. Каб разнастаіць класічную праграму па фізкультуры, выкарыстоўваю рознае абсталяванне для аэробікі. Напрыклад, методыка работы з тонінгболамі выдатна падыхо­дзіць для стрэйчынгу — расцяжэння мышачных валокнаў.

Таксама можна паэксперыментаваць з палкамі для скандынаўскай хадзьбы. Да звычайнага перамяшчэння дадаю разнастайныя практыкаванні для развіцця каардынацыі. Цела лю­біць працу, і калі больш увагі ўдзя­ляецца тэхніцы, нейкім нестандартным падыходам, навучэнцы ўцягваюцца ў працэс.

Яшчэ ёсць добры спосаб задаць нестандартную нагрузку і прапрацаваць мышцы жывата і спіны, ягадзічнай зоны і сцёгнаў — трэніравацца з гімнастычнымі жгутамі, фітнес-гумкамі і эспандарамі. Іх выкарыстоўваюць у барацьбе, плаванні, боксе, а таксама ў зімовых відах спорту. Такія трэніроўкі вельмі эфектыўныя, таму што развіва­юць сілу, хуткасць і цягавітасць.

Эксперыментам — кампліменты

Зараз студэнтаў захапіць не так проста. Але ў Наталлі Аляксандраўны ёсць некалькі эфектыўных прыёмаў, якія дазваля­юць злавіць патрэбную хвалю. Тут важны і ўзровень кампетэнтнасці, і індывідуальны падыход, і пастаянная цяга да ўсяго новага.

— Асабісты прыклад вельмі дапамагае знайсці з вучнямі агульную мову. Многае вырашае знешні выгляд, а таксама здольнасць да нефармальнага ўзаема­дзеяння. Не апошнюю ролю адыгрывае і дадатковая матывацыя да развіцця сябе. Тлумачу, што можна выглядаць вось так, а можна яшчэ лепш, але для гэтага прыйдзецца папацець. Акрамя таго, пастаянна цікаўлюся навінкамі, заўважаю крутыя фішкі і ўкараняю іх у адукацыйны пра­цэс. А яшчэ пастаянна спрабую. Мне здаецца, добры педагог — заўсёды эксперыментатар.

Галоўны вынік маёй працы — бачыць, як студэнты паказва­юць тое, чаму навучыліся ў мяне на занятках. Гэта могуць быць выступленні, удзел у спаборніцтвах і масавых мерапрыем­ствах. Калі яны не баяцца праявіць сябе, значыць, усё недарма. Такая вось зваротная сувязь.

Дзмітрый АРХІПЕНКА.
Фота з асабістага архіва Н.А.Ушаковай.