Дарогу — талентам!

- 11:12Адукацыйная прастора

Парадам сцягоў пачаўся ў Гродне трэці абласны этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.

Больш за 800 навучэнцаў, а таксама іх настаўнікі, кіраўнікі ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама прынялі ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці алімпіяды, якое адбылося ў маладзёжным цэнтры “Галактыка”. Упершыню ўсе ўдзельнікі перад адказнымі іспытамі сабраліся разам. Менавіта імкненне да ведаў аб’яднала самых таленавітых школьнікаў, якія на працягу пяці дзён будуць спаборнічаць па 17 вучэбных прадметах.
— Такі агульны старт алімпіяды мы задумалі для таго, каб паказаць і вучням, і іх настаўнікам, што таленавітай моладзі ў нас шмат, што да яе з павагай ставіцца кіраўніцтва адукацыі, падтрымлівае і дапамагае ў развіцці здольнасцей, каб маладыя людзі ўбачылі адно аднаго, пазнаёміліся, атрымалі пазітыўны настрой перад сур’ёзнымі іспытамі, — гаворыць галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Ларыса Губіч.
Адным з самых эмацыянальных момантаў мерапрыемства стаў парад сцягоў, калі ў залу былі ўнесены сцягі ўсіх 17 раёнаў Гродзенскай вобласці, Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў абласнога цэнтра. Моладзь горача вітала кожную дэлегацыю апладысментамі. Намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Алег Рахунок, звяртаючыся да ўдзельнікаў алімпіяды, адзначыў, што на працягу апошніх чатырох гадоў прадстаўнікі Гродзенскай вобласці паказваюць вельмі высокія вынікі і ўваходзяць у тройку лепшых у краіне, вынікова ўдзельнічаюць у міжнародных алімпіядах.
І на гэты раз склад удзельнікаў алімпіяды паказвае высокі патэнцыял вучняў. Так, у складзе каманды Іўеўскага раёна — адзінаццацікласнік Аляксей Вісцяж, які ў мінулым годзе заваяваў сярэбраны медаль на Міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы, якая прайшла на Тайвані.
Смелых, нестандартных рашэнняў пажадала ўсім алімпіяднікам член журы студэнтка трэцяга курса факультэта матэматыкі і інфарматыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Наталля Казлоўская. Падчас вучобы ў школе Наталля таксама ўдзельнічала ў алімпіядах і была пераможцай абласнога і заключнага этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, а таксама па беларускай мове.
Членамі журы алімпіяды з’яўляюцца каля 90 выкладчыкаў, магістрантаў ГрДУ імя Янкі Купалы, медыцынскага і аграрнага ўніверсітэтаў, а таксама настаўнікі, якія рыхтуюць адораных вучняў. Самая шматлікая дэлегацыя — 157 чалавек — прыехала з Лідскага раёна, за ёй ідуць каманды Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў горада. Больш за ўсё ўдзельнікаў паспаборнічаюць у алімпіядзе па матэматыцы — 90 чалавек. А вось новы прадмет — “Кітайская мова” — сёння сабраў толькі двух вучняў, якія факультатыўна вывучаюць яе ў Гродзенскай гарадской гімназіі. Але галоўнае — пачатак. І ён будзе зроблены. Па 16 прадметах алімпіяда пройдзе ў Гродне ў 9 каледжах і 2 школах, па прадмеце “Працоўнае навучанне” іспыты арганізаваны ў Лідзе на трох пляцоўках — Лідскім дзяржаўным прафесійным ліцэі меліярацыйнага будаўніцтва і дзвюх школах. Для ўдзельнікаў алімпіяды арганізавана і культурная праграма — яны пабываюць на спектаклях абласнога драматычнага тэатра.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Юліі АНІКЕВІЧ.