Дарожная грамата для ўсіх

З мэтай фарміравання ў дзяцей навыкаў бяспечых паводзін, актывізацыі і ўдасканалення работы па папярэджанні дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму на базе дзіцячага сада – пачатковай школы № 1 Брэста прайшоў раённы семінар-практыкум, прысвечаны навучанню правілам дарожнага руху дашкольнікаў і малодшых школьнікаў.

Фота да матэрыялу: Дарожная грамата для ўсіх.— Дзеці — самая неабароненая частка насельніцтва, таму дарослыя (бацькі і педагогі) павінны фарміраваць у іх мадэль бяспечных паводзін на вуліцах і дарогах, вучыць правільна арыентавацца ў дарожнай сітуацыі, — адзначыла метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Маскоўскага раёна Брэста І.В.Іванюк. — Сучасныя дзеці жывуць ва ўмовах павышанай небяспекі, якая зыходзіць ад актыўнай аўтамабілізацыі грамадства і інтэнсіўнага дарожнага руху. Гэта патрабуе спецыяльных мерапрыемстваў ад арганізатараў гэтага руху і набыцця неабходных ведаў, належнай псіхалагічнай падрыхтоўкі ўсіх удзельнікаў дарожнага руху. А ён аднолькава небяспечны і для дзяцей, і для дарослых. Адаптаваць і дыферэнцыраваць Правілы дарожнага руху для дзяцей рознага ўзросту — даволі складаная задача. Дашкольнікі і малодшыя школьнікі павінны ведаць усё, што адносіцца да бяспекі пешаходаў на дарозе. Неабходныя веды, уменні, навыкі і звычкі бяспечных паводзін на вуліцах, дарогах і ў транспарце трэба фарміраваць змалку. Роля ўстаноў адукацыі заключаецца ў стварэнні сістэмы работы па азнаямленні дашкольнікаў і школьнікаў з правіламі бяспечных паводзін, якая ахоплівае ўсіх удзельнікаў выхаваўчага працэсу і ўключае розныя арганізацыйныя формы і спецыфічныя віды дзейнасці дзяцей рознага ўзросту, выкарыстанне розных элементаў прадметна-развіццёвага асяроддзя ўстаноў. Для гэтага патрабуецца адпаведная матэрыяльна-тэхнічная база.

Удзельнікі семінара-практыкуму азнаёміліся з выставай вучэбна-метадычных дапаможнікаў і матэрыялаў “Паважайце правілы руху”, падрыхтаванай педагогамі дзіцячага сада — пачатковай школы № 1. На выставе можна было ўбачыць макеты вуліц, гульню “Дарога дамоў”, сцэнарыі класных гадзін, забаў і спецыяльных заняткаў, метадычную літаратуру і інш.

— Ва ўсіх дашкольных групах, вучэбных класах і групах прадоўжанага дня створаны куткі “Юны пешаход”, у рэкрэацыі размешчаны стэнды “Ведай і паважай дарожныя знакі” і “Сігналы святлафора”, а таксама інфармацыйныя стэнды для бацькоў, — расказала дырэктар дзіцячага сада — пачатковай школы № 1 Т.А.Мосіна. — Бацькі актыўна ўдзельнічаюць у прафілактычнай рабоце і ахвотна дапамагаюць педагогам у ёй. Вынікам сумеснай дзейнасці з’яўляецца відэаролік “Ганарымся, што навучылі”, падрыхтаваны выхавальніцай Жаннай Васільеўнай Сухаваравай і бацькамі.

Падчас семінара-практыкуму быў прэзентаваны гульнявы дапаможнік “Лэпбук “Правілы дарожнага руху”, выраблены выхавальніцай ГПД Ліліяй Барысаўнай Татаравай. Вялікую цікавасць ва ўдзельнікаў мерапрыемства выклікала сюжэтна-ролевая гульня “Бяспечная дарога”, падрыхтаваная выхавальніцай Інай Леанідаўнай Карповіч разам з бацькамі.

— Мы даўно і плённа супрацоўнічаем з упраўленнем ДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама, — паведаміла Т.А.Мосіна. — Сумесныя бацькоўскія сходы, акцыі, практычныя заняткі і прафілактычныя мерапрыемствы станоўча ўплываюць на выхаванне дзяцей.

Старшы інспектар па асобых даручэннях упраўлення ДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама Н.М.Сахарчук правяла практычныя заняткі з дзецьмі, выкарыстаўшы 3D-дыван, які дазваляе мадэляваць розныя сітуацыі з пешаходамі і транспартам.

— Для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў неабходна ствараць імітацыйныя ўмовы дарожнага руху, — заўважыла Н.М.Сахарчук. — Добрым прыкладам з’яўляецца аўтапляцоўка для практычных заняткаў, гульняў і спаборніцтваў, створаная на тэрыторыі дзіцячага сада — пачатковай школы № 1. Аўтапляцоўка пашырае першапачатковыя веды дзяцей пра парадак руху транспарту і пешаходаў, вучыць іх выконваць правілы паводзін на вуліцы. Дзіцячыя аўтагарадкі зарэкамендавалі сябе як адзін з лепшых сродкаў практычнага вывучэння правіл дарожнага руху і прафілактыкі дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму.

Веданне гэтых правіл паказалі члены дзіцячай агітбрыгады “Святлафорчык”.

Удзельнікі семінара-практыкуму высока ацанілі работу педагогаў па прафілактыцы дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму, адзначыўшы яе пераемнасць. Прадметна-развіццёвае асяроддзе, створанае ва ўстанове, уяўляе сабой сукупнасць мэтанакіраваных прафілактычных мерапрыемстваў, сродкаў і ўмоў, якія фарміруюць навыкі бяспечных паводзін на дарогах. Вядома, што фарміраванне неабходных ведаў па навучанні дзяцей гэтым паводзінам — справа не аднаго года. Задача педагогаў — сістэмна і планамерна павышаць дарожную культуру сваіх выхаванцаў разам з іх бацькамі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.