Дарожная карта далейшага развіцця інтэграцыі падрыхтавана да прыняцця

Праект стратэгіі далейшага развіцця еўразійскай інтэграцыі да 2025 года прайшоў неабходныя працэдуры, чакаецца, што дакумент зацвердзяць прэзідэнты краін Еўразійскага эканамічнага саюза. Пра гэта паведаміў старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч на міжнародным форуме “Садзейнічаючы еўразійскай эканамічнай інтэграцыі: фактар дзелавога супрацоўніцтва”, які быў праведзены ў рэжыме відэаканферэнцыі.

“Праект прайшоў ва ўстаноўленым парадку неабходныя працэдуры, — сказаў Міхаіл Мясніковіч. — Ён знаходзіцца ў парадку дня Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. У дакуменце змешчаны ў асноўным нормы прамога дзеяння, а таксама палажэнні, якія могуць быць паспяхова імплементаваны ў нацыянальныя акты. Я чаму звяртаю на гэта асаблівую ўвагу? Таму што ёсць даволі шмат сур’ёзных дакументаў, якія накіраваны на ўмацаванне інтэграцыйных працэсаў, але прысутнічае пэўны разрыў паміж палітычнай воляй, калі прымаюцца рашэнні, і непасрэдна нацыянальнымі актамі”.

У праект стратэгіі закладзены пералік мер і механізмаў, які складаецца з 330 па­зіцый, што фактычна з’яўляецца дарожнай картай далейшага развіцця інтэграцыі. Дакумент прадугледжвае далейшую распрацоўку і падпісанне 13 міжнародных дагавораў, больш як 60 нарматыўных прававых актаў ЕАЭС, унясенне амаль
25 змяненняў і дапаўненняў у Дагавор аб саюзе, а таксама змяненняў у нацыянальныя заканадаўствы дзяржаў ЕАЭС.