Дарожная карта для “Альхова”

- 11:10Якасць адукацыі

Без шаблонаў, але і без летуценнага крэатыву

Каманда БДУ “Культурная рэвалюцыя” перамагла ў Рэспубліканскім конкурсе “Кейс-чэмпіянат “Агра 2.0”. Спаборніцтва, арганізатарам якога выступіў “Белаграпрамбанк”, праводзілася ўжо трэці раз. Сёлета ў ім удзельнічала 131 студэнцкая каманда з 22 устаноў вышэйшай адукацыі. Свае кейс-заданні прадставілі 38 аграсядзіб.

Каманда БДУ “Культурная рэвалюцыя”: Настасся Якавец, Алена Сяльчонак (кіраўнік), Хрысціна Вярэніч і На­дзея Вербяльчук.

У каманду “Культурная рэвалюцыя” ўвайшлі чацвёртакур­сніцы факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ Хрысціна Вярэніч, Настасся Якавец і Надзея Вербяльчук. Іх кіраўніком выступіла старшы выкладчык кафедры культуралогіі ФСК Алена Сяльчонак. Разам яны распрацавалі антыкрызісны план для аграсядзібы “Альхова”, што ў Ваўкавыскім раёне. Дзяўчаты прапанавалі рашэнні, як павялічыць колькасць гасцей, палепшыць пазнавальнасць сядзібы, атры­маць дадатковы прыбытак без капітальных укладанняў. Па разліках каманды, дасягнуць гэтага можна шляхам мадэрнізацыі сядзібы і ўкаранення новых турыстычных паслуг.

Працуючы над праектам, каманда праводзіла інтэрв’ю, аналізавала і параўноўвала сядзібу “Альхова” з іншымі аналагічнымі аб’ектамі, мела зносіны з гаспадаром па прынцыпе “Таемны пакупнік”. Сярод канкрэтных ініцыятыў студэнткі прапанавалі канцэпцыю пазіцыянавання аграсядзібы і распрацавалі для яе новы лагатып, які падкрэслівае ўнікальную назву (альховая шышка) і экалагічнасць (адпаведная колеравая гама). Таксама былі створаны лагатыпы для розных турпрадуктаў: майстар-класаў і анімацыйных праграм. Дзяўчаты істотна абнавілі меню нацыянальнай кухні, якой можна прывабліваць гасцей, прадумалі, як арганізаваць пляцоўкі для правядзення вяселляў у народным стылі, фотазоны, веласіпедныя прагулкі і інш. Для папулярызацыі ся­дзібы “Альхова” каманда прапанавала ладзіць штогадовы “Бульба-фэст” з адмысловай анімацыйнай праграмай, конкурсамі і дэгустацыямі. Паводле падлікаў, рэалізацыя ўсіх ініцыятыў дазволіць павялічыць гадавы прыбытак аграсядзібы “Альхова” ўтрая.

Студэнткі-пераможцы з каманды “Культурная рэвалюцыя” вучацца на 4-м, выпускным, курсе спецыяльнасці “Прыкладная культуралогія” і ўжо актыўна здаюць сесію. Наперадзе ў іх — дыпломнае праектаванне. Пра свой удзел у кейс-чэмпіянаце, хоць і аддалі яму шмат часу і сіл, расказваюць з задавальненнем.

Як гэта часта бывае, пра конкурс дзяўчаты даведаліся выпадкова. Хрысціна Вярэніч убачыла ў інтэрнэце інфармацыю, але спачатку не звярнула на яе асаблівай увагі. Праз некалькі дзён вярнулася пачытаць і разабрацца, што да чаго. Напісала сяброўкам — і яны адразу пагадзіліся ўдзельнічаць. Узначаліць каманду запрасілі свайго выкладчыка Алену Сяльчонак.

— Спачатку я сумнявалася, бо раней мы не ўдзельнічалі ў падобных праектах, ды і ў прынцыпе не рабілі ніякіх маркетынгавых даследаванняў за рамкамі вучэбнага працэсу. Але я была ўпэўнена ў камандзе: выкладаю ў іх з першага курса і ведаю, хто на што здольны, — гаворыць Алена Канстанцінаўна.

Дзяўчаты расказваюць, што ролі ў камандзе не размяркоўвалі. Кожны займаўся тым, чым хацеў ці што ўмеў лепш за іншых. Важныя рашэнні прымалі разам. А калі з’яўляліся пытанні, адразу прыходзілі адна адной на дапамогу, ніхто не заставаўся сам-насам са сваёй задачай. Працавалі пераважна дыстанцыйна, але ладзілі і жывыя сумесныя абмеркаванні.

Адметна, што каманда не сама выбірала “Альхова”, сядзібу прапанавалі арганізатары.

— Нам пашанцавала, бо заданне трапіла акурат у нашу спецыяльнасць, — гаворыць Надзея Вербяльчук. — Праект распрацоўвалі зыходзячы з канкрэтных асаблівасцей “Альхова”, але агульны прынцып і рэкамендацыі могуць быць карысныя і гаспадарам іншых сядзіб. Правёўшы канкурэнтны аналіз, мы зразумелі, што многім з іх бракуе таго ж, што і сядзібе “Альхова”.

— Мала хто з уладальнікаў здагадваецца, што развіваць і прасоўваць бізнес магчыма нават без мінімальнага бю­джэту, — дадае Хрысціна Вярэніч. — А мы прапанавалі ім такое рашэнне. Зараз нашым праектам зацікавіўся аддзел спорту і турызму Гродзенскай вобласці, значыць, кейс дакладна можна прымяняць для іншых сядзіб.

Хрысціна расказвае, што ў пачатку работы каманда збочыла “крыху не туды”, дзяўчат пацягнула ў розныя ідэі. Потым даведаліся, што ва ўладальніка няма бюджэту для развіцця, ды і Алена Канстанцінаўна параіла спачатку аналізаваць, а потым ужо прыдумваць і выбіраць самае мэтазгоднае. Тады і пачалі рухацца ў патрэбным кірунку.

— Наша спецыяльнасць не звязана з турызмам, гэта новая для нас сфера, — прызнаецца Настасся Якавец. — Таму для рэалізацыі праекта нам давялося цесна пазнаёміцца з беларускім агратурыстычным бізнесам, вывучыць яго асаблівасці. Хаця ў цэлым заданне трапілася “пад нас”. Прасоўванне, маркетынг — гэта тое, што мы глыбока вывучаем у межах сваёй спецыяльнасці.

Алена Сяльчонак расказала, што работа была вельмі карыснай для ўсіх удзель­ніц каманды. Паглыбіцца ў новы для сябе напрамак, зразумець яго да такой ступені, каб прапаноўваць канкрэтныя рашэнні, — гэта значны поспех.

Мэтай кейс-чэмпіянату “Агра 2.0” з’яўляецца падтрымка сацыяльна-эканамічнай дзейнасці студэнтаў і стварэнне ўмоў для іх дзелавой ініцыятывы. Камандам трэба было падрыхтаваць кейс-рашэнні для аграсядзіб, якія дапамаглі б яшчэ больш раскрыць патэнцыял канкрэтнай сядзібы і даць ёй камерцыйную перавагу перад іншымі.

Студэнты атрымлівалі заданні ад уладальнікаў аграсядзіб і пад кіраўніцтвам сваіх выкладчыкаў рыхтавалі крэатыўныя прапановы ў выглядзе прэзентацый. Гэта і бізнес-планы, і праекты ландшафтнага дызайну, і дарожныя карты па арганізацыі анімацыйных праграм і фэстаў. Каб зрабіць свае кейс-рашэнні максімальна карыснымі, каманды ўзаемадзейнічалі з уладальнікамі аграсядзіб. Таксама ў рабоце ім дапамагалі супрацоўнікі банка: праводзілі анлайн-кансультацыі па распрацоўцы бізнес-планаў і стварэнні прэзентацый.

У выніку лепшай прызнана каманда БДУ “Культурная рэвалюцыя”, якая прапанавала развіццё аграсядзібы на аснове нацыянальнай ідэнтычнасці. Другое месца ў чэмпіянаце заняла зборная Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Technology of success, трэцяе — зборная “Альфа” Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. Студэнты — пераможцы і прызёры чэмпіянату — атрымалі запрашэнне на работу ў “Белаграпрамбанк”.

Дарэчы, “Белаграпрамбанк” не мае намеру спыняцца і ўжо анансаваў запуск яшчэ больш маштабнага адукацыйнага праекта будучай вясной. Ён будзе прымеркаваны да 30-годдзя гэтай крэдытна-фінансавай установы.

— Праект быў практычна гатовы, але тут высветлілася, што ў рабоце трэба абапірацца на рэальныя грошы, якія тэарэтычна гатовы выдатка­ваць гаспадар сядзібы. І мы сутыкнуліся з сітуацыяй нулявога бюджэту, бо гаворка не ішла нават пра крэдыт, — тлумачыць Алена Канстанцінаўна. — Зрэшты, цяжкасці нас не спынілі. Зрабіўшы падрабязны аналіз, мы прапанавалі паэтапную дарожную карту, якая дазволіць гаспадарам павялі­чыць прыбытак без прыцягнення крэдытных сродкаў. Таксама былі складанасці ў тым, каб прадставіць усе нашы даследаванні і ідэі ў прэзентацыі, абмежаванай па колькасці слайдаў, а затым у пяціхвілінным роліку. Але дзяўчаты справіліся і з гэтай задачай, бонусам атрымаўшы асаблівы вопыт. Як вядома, кліенты не вытрымліва­юць зацягнутых прэзентацый, і навык кароткага прадстаўлення вельмі каштоўны ў рэальнай працы.

Удзельніцы каманды шчыра спадзяюцца, што іх праект знойдзе прымяненне на практыцы, бо прапанаваныя імі ін­струменты могуць рэальна дапамагчы дасягнуць добрых вынікаў з мінімальнымі выдаткамі.

Працуючы над праектам, дзяўчаты выразна зразумелі каштоўнасць ведаў, атрыманых ва ўніверсітэце. Тое, што здавалася выключна тэорыяй, аказалася неабходным для вырашэння прыкладных задач.

— Ва ўніверсітэце часта прапаноўваюцца заданні, дзе трэба нестандартна падысці да праблемы, знайсці арыгінальнае рашэнне — з гэтым праблем у нас не было. Што да маркетынгу, то тут вельмі дапамаглі веды па прадмеце Алены Канстанцінаўны: мы вырашалі задачы не толькі з пункту гледжання ідэй, але і з рэальнай іпатэчнай магчымасці іх рэалізацыі, — гаворыць Хрысціна Вярэніч.

Дзяўчаты паспелі ўжо ацаніць каштоўнасць атрыманага на чэмпіянаце вопыту. 

— На многія рэчы цяпер глядзім інакш, — прызнаецца Надзея Вербяльчук. — Адразу пасля конкурсу нам ва ўніверсітэце далі заданне, якое мы з дзяўчатамі раней зрабілі б інакш. Аднак, дзякуючы ўсім “набітым шышкам”, усё выканалі выдатна.

— Людзі баяцца таго, чаго не ведаюць, — гаворыць Хрысціна Вярэніч. — Калі мы з дзяўчатамі днявалі і начавалі над праектам, то задаваліся пытаннем: а ці хочам мы стаць прадпрымальнікамі, ці змаглі б мы весці сапраўды паспяховы бізнес… І зразумелі, што ўсё не так складана, калі ведаеш, разумееш і  пра­цуеш над гэтым.

Кіраўнік каманды Алена Сяльчонак лічыць, што вопыт, атрыманы на чэмпіянаце, дапаможа дзяўчатам у будучым прафесійным жыцці.

— Вядома, на занятках мы мадэлявалі розныя сітуацыі, — гаворыць Алена Канстанцінаўна. — Але сутыкнуўшыся з рэальным бізнесам і яго канкрэтнымі праблемамі, давялося дзейнічаць не шаблонна, не па падручніку, пры гэтым важна было не сысці ў крэатыў, адарваўшыся ад рэальнасці. У дзяўчат атрымалася спалучыць крэатыўнасць і веды, разгледзець задачу комплексна (што адзначыў на ўзнагароджанні старшыня журы) і прапанаваць найлепшае рашэнне. Я імі вельмі ганаруся.

Нагадаем, прадстаўніцы “Культурнай рэвалюцыі” абышлі ў чэмпіянаце 130 каманд, многія з якіх таксама прадставілі вельмі дастойныя праекты. І гэта — яркая дэманстрацыя інтэлекту, творчасці, энергіі і, магчыма, самае важнае — стваральнага каманднага настрою.

У маіх дыялогах з удзельніцамі каманды ўсе як адна дзякавалі напарніцам за цудоўны вопыт сумеснай працы. Кожная дзяўчына казала, што без такой класнай каманды праект не меў бы по­спеху. І, канечне, шмат добрых слоў прагучала ў адрас капітана Алены Кан­станцінаўны Сяльчонак. “Яна дапамагла нам з тэарэтыкаў стаць практыкамі!” — гавораць дзяўчаты.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота прадастаўлена камандай.