Дарожная карта функцыянавання адукацыйнай галіны ў 2025 г. вызначана на пасяджэнні выніковай калегіі Мінадукацыі

- 11:07Актуально

Дарожная карта функцыянавання адукацыйнай галіны ў 2025 годзе вызначана на пасяджэнні выніковай калегіі Міністэрства адукацыі, якое прайшло з удзелам намесніка прэм’ер-­міністра Ігара Петрышэнкі. Галоўныя арыенціры і задачы пастаўлены перад усімі работнікамі: ад кіраўніка, метадыста да настаўніка і выхавальніка дзіцячага сада, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Даступнасць, якасць і бяспечныя ўмовы

Намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай акрэсліў асноўныя стратэгічныя напрамкі ўдасканалення дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі.

— Галоўныя вектары развіцця дашкольнай адукацыі — даступнасць, якасць і бяспечныя ўмовы навучання і выхавання дзяцей, — адзначыў Аляксандр Кадлубай. — У мэтах забеспячэння даступнасці дашкольнай адукацыі неабходна завяршыць работу па пераво­дзе ў электронную форму працэдуры пастаноўкі на ўлік дзяцей і выдачы накіраванняў у дзіцячыя сады. Варта таксама працягнуць работу па ўдасканаленні інфраструктуры дашкольнай адукацыі з улікам функцыянальнай аптымізацыі, вызначэння аптымальнай колькасці дзіцячых садоў у кожным рэгіёне, па прывядзенні ў адпаведнасць з заканадаўствам норм напаўняльнасці ў групах.

Асаблівая ўвага — якасці адукацыі ў дзіцячых садах, у першую чаргу ўдасканаленню прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў. Сёлета завяршаецца работа па падрыхтоўцы прафесійнага стандарту педагагічнай дзейнасці ўстаноў дашкольнай адукацыі, у якім скарэкціраваны патрабаванні да выхавальніка, яго прафесійных функцый і кваліфікацыі. Таксама неабходна працягнуць работу па забеспячэнні дзіцячых садоў кваліфікаванымі кадрамі. Колькасць вакансій у дзіцячых садах на канец мінулага года склала больш за 1,3 тысячы штатных адзінак педагогаў. На думку А.Кадлубая, неабходна ўдзяляць увагу прафарыентацыі і падбору навучэнцаў, гатовых атрымаць дашкольную прафесійную адукацыю па мэтавым накіраванні.

Асаблівы акцэнт — на фарміраванні ў выхаванцаў універсальнай кампетэнцыі на аснове грамадзянска-патрыятычных і духоўна-маральных каштоўнасцей, асноў функцыянальнай адукаванасці, неабходных для набыцця сацыяльнага вопыту і працягу адукацыі ў школе. Дарэчы, у межах галіновай навукова-тэхнічнай праграмы распрацавана вучэбная праграма дашкольнай адукацыі новага пакалення. У 2025 годзе будзе завершана яе эксперыментальная апрабацыя ва ўстановах адукацыі.

Педагогі сталіцы падчас пасяджэння выніковай калегіі

Усе названыя напрамкі лягуць у аснову Канцэпцыі развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі Рэс­публікі Беларусь да 2035 года, распрацоўка якой будзе завершана ў першым паўгоддзі бягучага года.

Што тычыцца агульнай сярэдняй адукацыі, то тут галоўнымі задачамі з’яўляюцца ўдасканаленне яе зместу, забеспячэнне якасці для паспяховай сацыялізацыі навучэнцаў, падрыхтоўка іх да ўсвядомленага выбару прафесіі.

На першы план сёння выхо­дзіць арганізацыя прафарыентацыйнай работы ў класах прафесійнай накіраванасці. Аднак, па меркаванні Аляксандра Кадлубая, адкрыццё такіх класаў павінна быць апраўданым, у першую чаргу з улікам запытаў эканомікі і спецыфікі рэгіёнаў. Маркер паспяховасці дзейнасці профільных класаў — кожны другі выпускнік ідзе вучыцца ва УВА па выбраным профілі.

Метадычная падтрымка настаўнікаў адыгрывае ключавую ролю ў адукацыйным працэсе, павышае эфектыўнасць работы педагога і, адпаведна, паспяховасць навучэнцаў.

— Акадэміі адукацыі, ІРА неабходна прымяняць розныя формы курсавой і міжкурсавой падрыхтоўкі, арганізоўваць інтэрактыўныя пляцоўкі, у тым ліку з дубліраваннем іх у папулярных сетках і месенджарах. Змест гэтых каналаў і платформ павінен прадстаўляць і абагульняць перадавы вопыт дзейнасці педагогаў як па канкрэтных вучэбных прадметах, так і па пытаннях агульнапедагагічнай тэматыкі. Да мадэлявання такіх платформ неабходна прыцягнуць вопытных настаўнікаў-метадыстаў, членаў клуба “Крыштальны журавель”. Дзейнасць раённых ВМК неабходна акцэнтаваць на падтрымцы канкрэтнага педагога: ці то гэта малады спецыяліст, ці то ўдзельнік конкурсу “Настаўнік года”, — лічыць Аляксандр Кадлубай.

Як адзначалася, у 2025 годзе ва ўсіх метадычных арганізацыях і ўніверсітэтах, якія ажыццяўля­юць падрыхоўку педкад­раў, у якасці метадычнай тэмы будзе выступаць выкарыстанне штучнага інтэлекту. Дарэчы, ужо арганізаваны пастаянна дзеючы семінар, які з’яўляецца пляцоўкай зваротнай сувязі.

Увага — працоўнаму выхаванню

Па словах намесніка міністра адукацыі Кацярыны Пятруцкай, сістэма выхаваўчай работы ў нашай краіне заснавана на ўзаемнай адказнасці, канструктыўным узаемадзеянні і супрацоўніцтве педагагічнай, вучнёўскай і бацькоўскай супольнасці з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці. Наспела неабходнасць абагульнення і сістэматызацыі назапашанага вопыту, уніфікацыі падыходаў да ўсёй выхаваўчай сістэмы.

— Для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу 2024 год быў няпростым, годам пераўтварэнняў у ідэалагічнай, выхаваўчай і прафілактычнай рабоце, — адзначыла намеснік міністра. — Распрацавана праграма мерапрыемстваў па ідэалагічнай рабоце з працоўным калектывам, укаранёны адзіныя патрабаванні да арганізацыі ідэалагічнай і выхаваўчай работы, забяспечана яе поўнае метадычнае суправаджэнне. Распрацоўваючы гэтыя дакументы, мы зыходзілі з таго, што педагог — гэта перш за ўсё грамадзянін і патрыёт, прыклад для сваіх вучняў, актыўны ўдзельнік грамадскага жыцця, носьбіт ведаў не толькі па прадмеце, але і пра краіну, праваднік дыялогу паміж пакаленнямі. Наша задача — карэкціроўка планаў і праграм у частцы выхаваўчага ўзаемадзеяння для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, адыход ад фармалізму ў рэалізацыі мерапрыемстваў ідэалагічнай накіраванасці.

Па меркаванні К.Пятруцкай, нельга працаваць з моладдзю інтуітыўна. Стрыжнёвай часткай работы павінен стаць комплексны падыход з улікам сучаснага стану мала­дзёжнай палітыкі, перадавога вопыту, а таксама тэндэнцый грамадскага развіцця. Для навучэнцаў распрацавана праграма тэматычных заняткаў “Я. Мая сям’я. Мая Ра­дзіма”, якая забяспеч­вае пераем­насць станаўлення ў сістэме “акцябронак — піянер — член БРСМ”. Таму разуменне важнасці гэтых заняткаў, якасць іх правядзення — зона адказнасці кіраўнікоў і педагогаў.

Сёння ў рабоце з суб’ектамі грамадзянскай супольнасці ажыццёўлены пераход ад правя­дзення асобных мерапрыемстваў да рэалізацыі доўгатэрміновых праектаў і ініцыятыў. Зменены падыходы да арганізацыі вольнага часу моладзі пры прапаган­дзе каштоўнасцей нацыянальнай культуры. Мерапрыемствы, акцыі, падзеі — складнікі выхаваўчай работы. У год 80-годдзя Перамогі асноўным арыенцірам павінны стаць мерапрыемствы патрыятычнай накіраванасці. Маштабным стане ўсебеларускі патрыятычны праект “Памяць пакаленняў у імя будучыні”.

— І гэтыя мерапрыемствы не павінны заканчвацца 9 мая, — мяркуе намеснік міністра. — Яны павінны мець свой працяг у працоўных справах. Мы пашырылі інфармаванне моладзі пра актуаль­ныя вакансіі працаўладкавання ў вольны ад вучобы час, прадаставілі анлайн-магчымасці па іх аператыўным працаўладкаванні на інфармацыйным партале дзяржаўнай службы занятасці. На рэгулярнай аснове право­дзім агульнарэспубліканскія кірмашы вакансій, гарачыя лініі, рэспуб­ліканскія працоўныя праекты для студэнцкіх атрадаў. Гэта дазволіла ў 2024 годзе працаўладкаваць больш за 120 тысяч маладых грамадзян, у тым ліку амаль 60 тысяч — у студэнцкі атрад. Асаблівая ўвага — працаўладкаванню дзяцей з сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама вучняў, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа.

Забяспечана працоўная занятасць навучэнцаў на сельскагаспадарчых работах у межах акцыі “Сады надзеі”. Па даручэнні кіраўніка дзяржавы прыняты дадатковыя меры па пашырэнні супрацоўніцтва паміж установамі адукацыі і арганізацыямі АПК. За 950 установамі адукацыі тэрытарыяльна замацаваны 540 арганізацый АПК. Работа ў гэтым напрамку працягваецца. Задача — сумесна з аблвыканкамамі замацаваць да канца навучальнага года за арганізацыямі АПК усе ўстановы адукацыі, забяспе­чыць стапрацэнтную занятасць непаўналетніх улікавых катэгорый з прадастаўленнем дастойнай аплаты працы, пашырыўшы пералік відаў работ у канікулярны і летні перыяд.

Павялічыць экспарт паслуг

Пра вынікі эканамічнай дзейнасці адукацыйнай галіны ўдзельнікам калегіі паведаміў намеснік міністра адукацыі Сяргей Руды. Паводле яго слоў, на фінансаванне сістэмы адукацыі ў 2024 годзе з бюджэту і пазабюджэтных крыніц было накіравана 13,4 млрд руб­лёў (5,44% ад ВУП), што ў цэлым забяспечыла стабільнасць яе функцыя­навання. Асноўныя мерапрыемствы, якія праводзіліся ў галіне, фінансаваліся свое­часова і ў поўным аб’ёме. Больш за 62% сродкаў плануецца і накіроўваецца на аснове нарматываў на навучанне і выхаванне навучэнцаў ва ўстановах дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі. Пры гэтым, як было заўважана, у некаторых абласцях на працягу некалькіх гадоў парушаюцца нормы расходаў, грашовыя сродкі асвойваюцца не ў поўным аб’ёме. У 2025 годзе на адукацыйную галіну мяркуецца накіраваць каля 15 млрд рублёў, што складзе 5,48% ад ВУП.

Мэтавым паказчыкам работы Міністэрс­тва адукацыі, крыніцай пазабюджэтных сродкаў з’яўляецца рост экспарту паслуг у галіне адукацыі. У мінулым годзе даведзены паказчык экспарту паслуг значна перавыкананы (124,9%), ён склаў рэкордныя $115 млн. У 2025 годзе пастаўлена задача забяспечыць тэмпы росту, а гэта практычна $118 млн. Патрабуецца далейшае пашырэнне супрацоўніц­тва з Кітаем, краінамі Афрыкі з улікам высокага ўзроўню палітычных узаемаадносін, прыцягнення абітурыентаў з СНД і інш.

Дырэктар Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Вольга Рыбаключава падвяла вынікі работы ведамства і акрэ­сліла задачы на бягучы год. Сярод іх — павышэнне эфектыўнасці кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў сферы адукацыі, каардынацыя рэалізацыі Праграмы развіцця нацыянальнай сістэмы забеспячэння якасці адукацыі да 2025 года і на перспектыву да 2030 года, укараненне функцыі электроннага папярэдняга запісу для прастаўлення апастыля, удзел у нарматворчай дзейнас­ці Міністэрства адукацыі (упарадкаванне дзейнасці асоб, якія ажыццяўляюць самастойную прафесійную дзейнасць у сферы адукацыі).

Кропкавая шліфоўка

— Задачы, пастаўленыя кіраўніком дзяржавы, урадам перад сістэмай адукацыі, рэалізоўваюцца. Абноўлены значныя для галіны нарматыўныя прававыя акты, прыняты вельмі важныя рашэнні па многіх напрамках дзейнасці. Як сказаў кіраўнік дзяржавы, гэта кропкавая шліфоўка ўжо праведзенай мадэрнізацыі сістэмы адукацыі і выхавання, — адзначыў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка.

Ён акцэнтаваў увагу прысутных на праб­лемных момантах дзейнасці сістэмы адукацыі на ўсіх яе ступенях. Што тычыцца вышэйшай школы, то ў мінулым годзе праведзены дэталёвы аналіз работы УВА па пытаннях падрыхтоўкі інжынерных кад­раў. Па яго выніках пастаўлена задача нала­дзіць эфектыўнае ўзаемадзеянне УВА з работадаўцамі па ўсіх напрамках: ад сумеснай распрацоўкі вучэбных планаў і праграм да ўмацавання матэрыяльнай базы УВА, арганізацыі практычнага навучання на базе арганізацый — заказчыкаў кад­раў. Рэктарскаму корпусу належыць быць гнуткім і дынамічным у адкрыцці перспектыўных і запатрабаваных спецыяльнасцей. Да 1 красавіка ва ўрад павінны быць прадстаўлены Канцэпцыя развіцця інжынернай адукацыі да 2035 года і Праграма развіцця цэнтраў кампетэнцый УВА.

Намеснік прэм’ер-міністра адзначыў неабходнасць удасканалення дзейнасці кале­джаў. Для гэтага Праграмай развіцця прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі да 2026 года прадугледжана стварэнне вучэбна-вытворчых майстэрань на базе прадпрыемстваў. Па-ранейшаму ў каледжах і УВА актуальнае пытанне педагагічных кадраў. Узровень замацавання маладых спецыялістаў у каледжах складае каля 64%.

Сістэма прафарыентацыі мае патрэбу ў сістэмным паляпшэнні. Не варта гнацца за колькасцю праведзеных прафарыентацыйных мерапрыемстваў. Неабходна ажывіць падыходы па папулярызацыі пераваг навучання ва ўстановах ПТА, інжынерных прафесій у СМІ і інтэрнэце. Прапанавана таксама аб’явіць конкурс на лепшую праф­арыентацыйную кампанію.

Намеснік прэм’ер-міністра звярнуў асаб­лівую ўвагу на пад­рыхтоўку школ да пачатку навучальнага года.

— Ужо ў маі кожная школа павінна ведаць, якія недахопы трэба ліквідаваць, што абна­віць, каб атрымаць пашпарт гатоўнас­ці. Часу для гэтага дастаткова. Асабліва падкрэслю, што гэтая работа павінна быць арганізавана не толькі ў школах, але і ў дзіцячых садах, каледжах і УВА. Падпісанне і зацвярджэнне пашпартоў гатоўнасці павінна ажыццяўляцца ва ўстаноўленыя тэрміны. Пры гэтым неабходна забяспечыць аб’ектыўную ацэнку гатоўнасці школ, — падкрэс­ліў віцэ-прэм’ер.

Па-ранейшаму вялікая ўвага ўдзяляецца арганізацыі школьнага харчавання. З 1 верасня мінулага года ўсе школы перайшлі на новыя прынцыпы арганізацыі харчавання навучэнцаў, у меню ўведзены новыя стравы з улікам вынікаў пілотнага праекта.

У цэлым якасць і арганізацыя школьнага харчавання палепшыліся. Пры выяўленні парушэнняў у арганізацыі харчавання навучэнцаў павінна давацца прынцыповая ацэнка адпаведнасці паса­дзе кіраўніка як установы адукацыі, так і аддзела адукацыі выканкама. Гэта жорсткае патрабаванне ўрада, — адзначыў Ігар Пет­рышэнка.

Падчас выставы

Размова на пасяджэнні таксама ішла пра сістэму дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. У 2025 годзе неабходна выявіць рэзервы для павышэння яе эфектыўнасці. Адзначалася, што недапушчальна адкры­ваць незапатрабаваныя гурткі выключна пад магчымасці педагогаў. Усе гурткі павінны быць сучаснымі і актуальнымі для дзяцей, арыентаванымі на іх будучую прафесію. Пры гэтым усе арганізацыі, якія ажыццяўляюць дадатковую адукацыю дзяцей, незалежна ад формы ўласнасці, павінны працаваць па ўстаноўленых правілах.

Яшчэ адно хвалюючае пытанне — абарона правоў і законных інтарэсаў дзяцей.

— У мінулым годзе прыняты закон па пытаннях рэгулявання сямейных і шлюбных адносін. Сістэме адукацыі неабходна ўзяць на кантроль рэалізацыю абноўленых норм заканадаўства на месцах. Пры выяўленні фактаў парушэння правоў і законных інтарэсаў дзяцей варта прымаць жорсткія рашэнні ў адносінах да вінаватых асоб. Асаб­лівую ўвагу варта ўдзяляць умовам пражывання дзяцей-сірот у дзіцячых дамах сямейнага тыпу. Неабходны пастаянны кантроль за забеспячэннем гэтых дзяцей адзеннем, абуткам па сезоне, вучэбнымі прыладамі і мэтавым выкарыстаннем бюджэтных сродкаў, што вы­дзяляюцца дзяржавай на ўтрыманне дзяцей-сірот. У першым чытанні ў парламенце прыняты законапраект, якім карэкціруюцца нормы закона аб правах дзіцяці. Аднак ужо цяпер трэба арганізаваць работу па падрыхтоўцы падзаконных дакументаў, асабліва па навацыях. Неабходна загадзя вызна­чыць дакладны алгарытм праходжання псіхалагічнага субяседавання асобамі, якія будуць дапускацца да работы з дзецьмі, адпрацаваць механізмы абароны дзяцей ад інфармацыі ў інтэрнэце. Да ўступлення ў сілу закона ўсе павінны разумець зону сваёй адказнасці, уключаючы бацькоў, і быць гатовымі да новаўвядзенняў, — падкрэсліў Ігар Петрышэнка.

Намеснік прэм’ер-міністра падзякаваў педагогам за працу:

— Вы знаходзіцеся на пярэдніх пазіцыях выхаваўчай, ідэалагічнай і адукацыйнай дзейнасці. Цвёрда перакананы, што з усімі задачамі, пастаўленымі перад сістэмай адукацыі, вы з поспехам справіцеся, забяспечыўшы далейшае развіццё ўстаноў адукацыі, галіны і дзяржавы ў цэлым.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА