Дарожная карта лічбавай трансфармацыі

- 10:30Якасць адукацыі

Пытанні фарміравання і развіцця лічбавага адукацыйнага асяроддзя, метадычных асаблівасцей навучання ў аддаленым рэжыме, выкарыстання лічбавых інструментаў арганізацыі анлайн-навучання, кіравання якасцю адукацыі ва ўмовах лічбавізацыі былі разгледжаны на VIII Адкрытай міжнароднай канферэнцыі “Дарожная карта лічбавай трансфармацыі адукацыі”, арганізаванай Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі.

Лічбавізацыя як трэнд

У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел больш за 200 чалавек, сярод якіх — кіраўнікі і педагогі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, выкладчыкі УВА, аспіранты, прадстаўнікі сістэмы дадатковай адукацыі дарослых, ІТ-спецыялісты. Пленарнае пасяджэнне і секцыі праходзілі ў рэжыме анлайн з дапамогай праграмнага забеспячэння “Воблачная відэа-канферэнц-сувязь IVA MCU”. Асаблівая ўвага была ўдзелена змяненням, якія адбыліся ў сістэме адукацыі пасля выхаду з крызісу, выкліканага COVID-19, а таксама ў сувязі з лічбавай трансфармацыя­й працэсаў, якія патрабуюць выстройваць баланс паміж класічнай (традыцыйнай) і дыстанцыйнай адукацыяй.

Рэктар Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Таццяна Мароз, адкрываючы пленарнае пася­джэнне канферэнцыі, адзна­чыла, што лічбавізацыя адукацыі з’яўляецца адным з трэндаў устойлівага развіцця грамад­ства. “Цікавасць да тэмы лічбавізацыі адукацыі і выкарыстання сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у прафесійнай дзейнасці педагагічных работнікаў і кіруючых кадраў не губляе актуальнасці на працягу многіх гадоў. Ва ўмовах пандэміі і вымушанага сацыяльнага дыстанцыявання яна стала яшчэ больш запатрабаванай. Сёння мы гаворым аб новым асэнсаванні інфармацыйных тэхналогій і іх уплыве на развіццё сучаснага грамадства. Навукоўцы і аналітыкі пішуць аб інфармацыйных патоках як аб галоўнай адметнай прыкмеце сучаснага свету — інфармацыйнай эры, у якой новыя спосабы атрымання і перадачы інфармацыі пераважаюць. Так, мы жывём у электронным грамадстве, звязаным сеткавымі сувязямі (сацыяльнымі сеткамі, рознымі інтэрнэт-каналамі, інфакіёскамі і інш.), развіваем “віртуальную эканоміку” ва ўмовах глабальнай інфармацыйнай эканомікі, рухаючай сілай якой таксама стала інфармацыя і інфармацыйныя тэхналогіі. Гэта рэаліі сучаснага свету, і кожны чалавек павінен быць гатовы да яго выклікаў. Мінулы год паказаў, наколькі важна аператыўна рэагаваць на іх, у тым ліку праз самаўдасканаленне, развіццё прафесійных навыкаў у межах даследавання сучасных тэхналогій прафесійнай дзейнасці, — падкрэсліла Таццяна Іванаўна.

З новай парадыгмай адукацыі

Сёння дыстанцыйныя формы атрымання адукацыі становяцца ўсё больш папулярнымі і запатрабаванымі ў сферы адукацыі дзяцей і дарослых. Дыстанцыйная адукацыя дазваляе ў поўнай меры выкарыстаць наяўныя сучасныя інструменты перадачы вучэбнай інфармацыі і кіравання адукацыйным працэсам. На педагога ўскладаюцца новыя функцыі, якія дазваляюць рэалізоўваць парадыгму атрымання адукацыі ў дыстанцыйнай форме з дапамогай новых інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій: каардынаванне працэсаў атрымання, захоўвання і прайгравання інфармацыі, карэкціроўка вучэбнай праграмы і матэрыялаў з улікам выкарыстання элементаў дыстанцыйнага навучання, індывідуальнае і групавое анлайн-кансультаванне, аддаленае кіраванне вучэбнымі групамі, узаемападтрымка і аказанне дапамогі навучэнцам.

Як паведаміла начальнік аддзела тэхнічнага суправаджэння і дыстанцыйнага навучання МГІРА Іна Арцюхова, дыстанцыйнае навучанне — метад навучання, пры якім атрыманне адукацыі ажыццяўляецца па-за аўдыторыяй/класам пры дапамозе інтэрнэту, электроннай пошты, спецыяльных дыстанцыйных платформ і многіх іншых дыстанцыйных інструментаў. Існуюць сінхронны і асінхронны фарматы арганізацыі дыстанцыйнага навучання. У працэсе сінхроннага навучання кантакт паміж выкладчыкам і навучэнцамі ажыццяўляецца ў рэжыме рэальнага часу. Гэта могуць быць вэбінары (анлайн-лекцыі, семінары, майстар-класы), арганізаваныя з дапамогай спецыяльных платформ, праграм і месенджараў (peregovorka.by, Facebook, Instagram), прамыя эфіры і чаты ў сацыяльных сетках (“УКантакце”, Instagram, Snapchat, Zoom, Discord, Google Meet, “Яндэкс-тэлемост”, Microsoft Teams, Viber, Skype, WhatsApp, Facebook Messenger). Гэта значыць, інструменты, пры дапамозе якіх навучэнец атрымлівае інфармацыю адразу ж і мае магчымасць задаць пытанне або выканаць заданне выкладчыка. Асінхроннае навучанне — гэта метад навучання, у працэсе якога ўзаемадзеянне выкладчыка і навучэнцаў адбываецца з затрымкай у часе. Сюды можна аднесці навучанне на дыстанцыйных платформах і вэб-сэрвісах з вывучэннем вучэбных матэрыялаў, артыкулаў, інтэрактыўных прэзентацый, праходжаннем тэстаў, выкананнем заданняў і практыкаванняў (do.minsk.edu.by, iSpring, WebTutor, Coursera, Mirapolis, Google Classroom), чытанне блогаў і сайтаў, створаных з дапамогай спецыялізаваных канструктараў (платформы WebPerspective, вэб-майстэрня, Blogger, WordPress, Tumblr, LiveJournal), прагляд адукацыйных відэаканалаў (платформы YouTube, Vimeo) і праслухоўванне падкастаў/аўдыязапісаў (SoundCloud, Apple Podcasts, Google Podcasts, “Яндэкс. Музыка”, Spotify).

На цяперашні момант супрацоўнікамі МГІРА праводзяцца курсы павышэння кваліфікацыі, вучэбныя курсы, семінары, майстар-класы, метадычныя аб’яднанні, на якіх раскрываюцца розныя аспекты выкарыстання і ўкаранення элементаў дыстанцыйных тэхналогій у адукацыйны працэс: стварэнне электронных курсаў з дапамогай сістэмы дыстанцыйнага навучання інстытута (do.minsk.edu.by), распрацоўка і адміністраванне сайтаў (Web.Perspective, вэб-майстэрня), стварэнне блогаў (Blogger) і відэаблогаў (YouTube), правя­дзенне вэбінараў і відэа-канферэнц-сувязі (peregovorka.by, Zoom). У сістэме дыстанцыйнага навучання інстытута (do.minsk.edu.by) функцыянуюць віртуальныя кансультацыі: анлайн-кабінет псіхолага для аказання псіхалагічнай дапамогі педагогам, якія пачынаюць выкарыстоўваць і ўкараняць элементы дыстанцыйных тэхналогій у адукацыйны працэс; дапамога педагагічных работнікаў устаноў адукацыі ў стварэнні электроннага курса ў сістэме дыстанцыйнага навучання. “Сучасныя тэхналогіі, сэрвісы і платформы робяць дыстанцыйнае навучанне больш эфектыўным і даступным дзякуючы шырокаму спектру інструментаў. Сёння можна гаварыць аб новай парадыгме адукацыі, якая ў большай ступені ўключае дыстанцыйнае або змешанае навучанне”, — лічыць Іна Арцюхова.

У пошуках аптымальнага балансу

Вопытам суправаджэння праграм павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў з прымяненнем тэхналогіі змешанага (аддаленага) навучання падзяліўся рэктар Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі Міхаіл Жудро. Па яго словах, змешанае (аддаленае) навучанне — адукацыйны алгарытм, у межах якога навучэнец сумяшчае традыцыйную і аддаленую (з выкарыстаннем сучасных ІКТ) формы навучання, — актыўна ўкараняецца ў жыццё ўстаноў адукацыі вобласці і інстытута развіцця адукацыі. Суправаджэнне адукацыйных праграм павышэння кваліфікацыі ажыццяўляецца ў наступных рэжымах: анлайн-трансляцыя, прадастаўленне метадычных матэрыялаў (тэксты і прэзентацыі лекцый, распрацоўка заданняў, праблемнае поле круглых сталоў, канферэнцый, сцэнарыі дзелавых гульняў, матэрыялы трэнінгу), кансультацыі ў рэжыме анлайн і e-mail-кансультацыі, афлайн (праверка выкананых заданняў, практычных і выпускных работ і інш.).

 У ходзе першых крокаў практыкі асваення аддаленага навучання дзейнасць педагогаў і метадыстаў у мінулым годзе была накіравана на асваенне электронных платформ для работы ў фармаце відэаканферэнцыі. У цяперашні час існуе мноства электронных сэрвісаў для правядзення вэбінараў. Navek Meet па функцыянале замяняе Zoom і іншыя аналагі. Поўны пакет карыстальнік атрымлівае адразу, без дадатковых ліцэнзій. Можна скарыстацца такімі функцыямі, як дэманстрацыя экрана, чат у межах канферэнцыі, кнопка “ўзняцця рукі” для зваротнай сувязі, дэманстрацыя файлаў на рабочым стале, абмен тэкставымі паведамленнямі, запіс бягучага абмеркавання, уключэнне і адключэнне гуку і відэа, выкарыстанне агульнай дошкі. Спецыялісты інстытута падрыхтавалі падрабязную інструкцыю і правялі шэраг вучэбных семінараў для педагагічных работнікаў па выкарыстанні вэб-канферэнцыі ў адукацыйным працэсе, кіраванні ўдзельнікамі, арганізацыі сумеснай работы, пазбяганні шуму ў канферэнцыі, у якой прымаюць удзел некалькі дзясяткаў чалавек.

Пры правядзенні павышэння кваліфікацыі завочна (дыстанцыйна) Магілёўскі ІРА выкарыстоўвае платформу Moodle. Яна падыходзіць як для арганізацыі дыстанцыйных курсаў, так і для падтрымкі вочнага навучання. Рэгістрацыя слухачоў на павышэнне кваліфікацыі, удзел у канферэнцыях і семінарах, аналітычная апрацоўка інфармацыі выхадной дыягностыкі, атрыманай пры рэалізацыі адукацыйных праграм павышэння кваліфікацыі, рэалізуецца з выкарыстаннем сэрвісу Google-формы.

Кандыдат педагагічных навук дацэнт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна Андрэй Казінскі і кандыдат педагагічных навук прафесар Інстытута транспарту і сувязі (Латвія) Аляксандр Пупцаў прадставілі ўдзельнікам мерапрыемства аўтарскую манаграфію “Сучасны дыстанцыйны камунікатыўны курс: праектаванне, распрацоўка і навучанне”, дзе сабраны вынікі шматгадовых даследаванняў у галіне сучаснага дыстанцыйнага навучання. Аўтарамі сфармуляваны патрабаванні да сучаснага дыстанцыйнага курса, прадстаўлены тэхніка-тэхналагічны, педагагічны, сацыяльны і метадычныя складнікі навучання. Важным вынікам шматгадовай практыкі праектавання, распрацоўкі і навучання ў дыстанцыйных курсах стала пабудова мадэлі магістарскай падрыхтоўкі ў галіне тэорыі і методыкі дыстанцыйнага навучання, якую аўтары прапануюць для педагагічнай грамадскасці Беларусі.

 Мадэль магістратуры ўключае мэты і задачы, заснаваныя на змесце інфармацыйнай культуры педагога, сістэму ведаў, спецыяльныя, спецыялізаваныя і сацыяльныя кампетэнцыі педагога-даследчыка, асабістыя здольнасці навучэнцаў. У мадэль таксама ўваходзіць вучэбны план, які ўключае вучэбныя прадметы і іх асноўныя мэты навучання. Асаблівая ўвага аўтарамі ўдзелена падрабязнаму апісанню кампетэнцый, якія фарміруюцца або развіваюцца ў дысцыплінах, што вывучаюцца. Прадстаўленая ма­дэль лёгка адаптуецца для сістэмы павышэння кваліфікацыі педагогаў.

На аснове міждысцыплінарнага падыходу

Пра арганізацыю анлайн-навучання ў прыватнай сярэдняй школе “ПРАЙМ” расказалі яе дырэктар Таццяна Курэц і намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Настасся Ганчарова. Пры пабудове анлайн-урока педагогі прытрымліваюцца асноўных працэсаў навучання, выведзеных Робертам Ганье ў 1965 годзе ў кнізе The Conditions of Learning, — кагнітыўных працэсаў, якія павінны адбыцца ў кожнага навучэнца для эфектыўнага навучання: прыцягненне ўвагі (успрыманне), інфармаванне навучэнцаў аб мэтах (чаканні), нагадванне папярэдніх урокаў (аднаўленне), прадастаўленне стымулу (выбарачнае ўспрыманне), выбар метаду данясення (семантычнае кадзіраванне), выяўленне выканання (адказ), забеспячэнне зваротнай сувязі (падмацаванне), ацэнка выпраўлення (выпраўленне), утрыманне ў памяці (абагульненне). Вучэбныя заняткі будуюцца на аснове міждысцыплінарнага або фенаменалагічнага падыходу, утрымліваюць сучасныя даныя з галін навукі, культуры. Увесь вучэбны працэс суправаджаецца рэгулярнай праектнай дзейнасцю. Для правядзення анлайн-урокаў выкарыстоўваецца еўрапейская платформа Vedamo, для забеспячэння зваротнай сувязі — Google Class, Schools.by. А­крамя гэтага, адукацыйныя заняткі ўключаюць элементы ТРВЗ-педагогікі.

Урокі пачынаюцца з лагічнай задачы, якая можа мець некалькі правільных адказаў (рашэнне такіх задач часта арганізавана пры дапамозе мазгавога штурму). У працэсе навучання выкарыстоўваюцца розныя формы работы навучэнцаў: парная, групавая (у асобных віртуаль­ных пакоях), індывідуальная — на аснове дыферэнцыяцыі, а таксама сучасныя лічбавыя інструменты: WordWall (стварэнне інтэрактыўных заданняў), Padlet (стварэнне анлайн-дошак для сумеснай работы), JamBoard (інтэрактыўная прастора для ўзаемадзеяння), Learnis (вэб-квесты, “Свая гульня”, тэрміналагічныя гульні), Tricider (арганізацыя мазгавых штурмаў, ананімных апытанняў), Quizlet (інтэрактыўныя заданні для запамінання слоў), Baamboozle (інтэрактыўныя заданні для каманднай работы), Kahoot/Quizz (анлайн-віктарыны для абагульнення або актуалізацыі апорных ведаў), Google Forms (спосаб праверкі дамашніх заданняў, арганізацыі самастойных работ), Onlinetestpad (анлайн-тэсты), Popplet (стварэнне інтэлект-карт), CoreApp (анлайн-платформа для пабудовы дыстанцыйнага ўрока, інтэрактыўныя заданні з магчымасцю даць зваротную сувязь), EddPuzzle (стварэнне відэа з убудаванымі пытаннямі), LiveWorkSheets (інтэрактыўныя заданні з PDF-файлаў).

 Арганізуецца мінімум 3 фізкультхвілінкі, практыкуецца частая змена відаў дзейнасці (у сярэднім вучэбныя заняткі патрабуюць змены вучэбнай дзейнасці кожныя 5—7 мінут). Часта навучэнец сам удзельнічае ў працэсе набыцця новых ведаў. Так, акрамя апераджальных заданняў, вучні складаюць інтэлект-карты, сінквейны ў працэсе вывучэння новага матэрыялу, ліквідуюць недахопы ў ведах, складаюць табліцы і заданні для іншых навучэнцаў.


Работа канферэнцыі была працягнута на секцыях, дзе былі абмеркаваны асаблівасці дыстанцыйнага навучання, работа ў аддаленым рэжыме, сацыякультурныя аспекты дыстанцыйнага навучання, змяненне педагагічных тэхналогій, прымяненне новых адукацыйных фарматаў, выкарыстанне розных лічбавых платформ і сэрвісаў, робататэхніка, інтэрнэт-бяспека і інш.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота прадастаўлена МГІРА.