Дары дабро дзецям з анказахворваннямі

- 10:49Дашкольная адукацыя

Дыстанцыйная адукацыйная пляцоўка “Асаблівы малыш” як форма псіхолага-педагагічнага суправаджэння бацькоў дзяцей 4—5 гадоў з анкалагічнымі захворваннямі была створана калектывам ясляў-сада № 9 Мінска пад кіраўніцтвам загадчыцы Эмы Уладзіміраўны Антановіч. Аўтар праекта і адміністратар пляцоўкі яе намеснік Наталля Іванаўна Гаўрычкова. Работа ў мінулым годзе атрымала грант Мінгарвыканкама. 

Кіраўнік праекта Н.І.Гаўрычкова.

У верасні 2016 года ў яслі-сад № 9 Мінска павінна была прыйсці маленькая трохгадовая выхаванка. Вясной разам з мамай яна займалася ў групе кароткачасовага знаходжання. Аднак у працэсе медыцынскага агляду пры афармленні дакументаў, неабходных для залічэння ў дзіцячы сад, урачы выявілі ў малышкі цяжкае захворванне — лейкоз, i яна трапіла ў РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі. Калі сітуацыя стабілізавалася, малышку выпісалі з клінікі дадому на дзённы стацыянар. Але дашкольную ўстанову наведваць ёй было нельга. З-за хваробы ў дзяўчынкі знізіўся імунітэт, і кантакт з інфекцыямі неабходна было абмежа­ваць.

“На сёння ў РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі на ўліку знаходзяцца 1500 дзяцей ва ўзросце ад 3 да 7 гадоў. Усе яны з розных куточкаў Беларусі, а таксама з Расіі, Украіны і іншых краін, — адзначыла Наталля Іванаўна (са спасылкай на інфармацыю РНПЦ). — Бацькі гэтых дзяцей адчуваюць сур’ёзныя абмежаванні пры іх навучанні і развіцці і часам не маюць магчымасці звярнуцца да спецыялістаў па псіхолага-педагагічную дапамогу. Мама нашай выхаванкі таксама занепакоілася: “Як мне развіваць дачку, ці зможа яна атрымаць дашкольную адукацыю?” Адчуўшы ўсю сур’ёзнасць сітуацыі, першым жаданнем нашых педагогаў было паехаць у РНПЦ, каб аказаць падтрымку і бацькам, і дзецям. Заснавальнікам валанцёрскага руху ў нашай установе стала загадчыца Эма Уладзіміраўна Антановіч”.

Доступ староннім людзям у анкацэнтр абмежаваны. Здараецца, што валанцёры, якія ўпершыню прыязджаюць да дзяцей з самымі добрымі намерамі, не вытрымліваюць псіхалагічна такой сустрэчы, плачуць, шкадуюць маленькіх пацыентаў. Такога катэгарычна нельга рабіць! Чалавек, які прыязджае ў анкацэнтр, павінен быць вельмі пазітыўным і шчырым, умець дарыць радасць. Гэта вельмі складана і не кожнаму дадзена. Тым не менш педагогі-валанцёры з ясляў-сада № 9 Мінска змаглі стаць сваімі для маленькіх пацыентаў цэнтра і іх бацькоў. Са снежня 2016 года паміж яслямі-садам і РНПЦ пачалося актыўнае супрацоўніцтва, быў зацверджаны план узаемадзеяння. Упершыню педагогі ўстановы наведалі клініку з дабрачыннай навагодняй акцыяй. Папярэдне даведаліся, у чым больш за ўсё маюць патрэбу маленькія пацыенты цэнтра. Як аказалася, не хапае вільготных сурвэтак, а таксама неабходны цацкi і канцылярскiя тавары. Сіламі калектыву ясляў-сада і дзякуючы бацькам яго выхаванцаў былі сабраны неабходныя рэчы і падарункі для дзяцей, якiя былi перададзены ў РНПЦ. У наступны раз педагогі прыехалі ў клініку з інтэрактыўным спектаклем. Пры падрыхтоўцы пастаноўкі ім дапамаглі бацькі выхаванцаў ясляў-сада, у асноўным з касцюмамі і атрыбутамі.

Поўны тэкст матэрыяла чытайце ў Настаўніцкай газеце 
№ 53, 16 мая 2019 года.

Надзея ЦЕРАХАВА.