Дарыць радасць людзям

Актыўная жыццёвая пазіцыя, высокі прафесіяналізм, дабрыня і любоў да дзяцей, уменне ўзаемадзейнічаць у калектыве — вось асноўныя рысы прафесійнай дзейнасці педагога-арганізатара Алены Генадзьеўны Лук’яненка.

Настаўніцай яна хацела стац­ь з самага дзяцінства. І першы крок да сваёй мары зрабіла пасля 9 класа, калі паспяхова здала іспыты ў педагагічны клас сярэдняй школы № 40 Віцебска. У школе яе вучылі творчыя педагогі, панавала атмасфера супрацоўніцтва. Ёй падабалася вывучаць спецыяльныя прадметы — педагогіку і псіхалогію. З удзяч­насцю і цеплынёй Алена Генадзьеўна ўспамінае свайго класнага кіраўніка — настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Таццяну Іванаўну Пяцько — як чулага, спагадлівага педагога. Менавіта яна і дапамагла дзяўчыне паверыць у сябе, свае сілы. Скончыўшы школу з сярэбраным медалём, Алена Генадзьеўна паступіла і паспяхова скончыла Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава, атрымала дыплом з адзнакай па спецыяльнасці “Настаўнік пачатковых класаў”.

Алена Генадзьеўна прыгадвае, што яшчэ ў школе пачала пісаць вершы, сцэнарыі да свят. Гэтую работу працягнула ва ўніверсітэце. У поўнай меры праявіць свой творчы патэнцыял, любоў да дзяцей, выдатныя арганізатарскія здольнасці Алена Генадзьеўна змагла, працуючы педагогам-арганізатарам. Менавіта на гэтай пасадзе яна стала працаваць, прыйшоўшы ў 1999 годзе ў гімназію № 3 Віцебска, апынуўшыся ў атмасферы творчасці і добразычлівасці. Значную дапамогу ў яе прафесійным станаўленні аказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вольга Іванаўна Голава.

З 2008 года Алена Генадзьеўна стала куратарам пярвічнай арганізацыі БРСМ гімназіі, з’яўляецца членам шэрага кіруючых органаў БРСМ. А з 2009 года яна стала яшчэ і куратарам валанцёрскага атрада “Добрае сэрца”. Калі дзеці ў яе пытаюцца, што значыць быць валанцёрам, яна адказвае: “Гэта зна­чыць быць неабыякавым, спагадным і адказным. Дапамагаць і вучыцца бачыць тых, каму трэба падтрымка, умець працаваць у камандзе”.

Валанцёры атрада “Добрае сэр­ца” — актыўныя ўдзельнікі патрыятычнага праекта “Кветкі Вялікай Перамогі”, флэшмобаў і святочных шэсцяў, акцый “Вясёлка дружбы”, “У школу — з добрым сэр­цам”, “Цуды на Каляды”, “Нашы дзеці”. Алена Генадзьеўна право­дзіць шматгранную работу з валанцёрамі гімназіі па дапамозе ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, маленькім жыхарам віцебскага дзіцячага дома, выхаванцам Віцебскага гарадскога цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання, у якім выхоўваюцца, вучацца і атрымліваюць рэабілітацыйную дапамогу дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Штогод пярвічная арганізацыя гімназіі становіцца пераможцай у розных этапах Рэспубліканскага конкурсу “Валанцёр года”, конкурсу “Лідар — новае пакаленне”, Абласнога конкурсу “Школьны марафон”, неаднаразова была ўдзельніцай фіналу рэспубліканскай акцыі “Аднаўленне святынь Беларусі”, ваенна-спартыўнай гульні “Зарніца”.

Педагог шмат гадоў сама з’яўляецца актыўным валанцёрам. “Усведамленне таго, што ты здольны нешта змяніць, сваімі рукамі зрабіць цуд, дорыць мне пачуццё задавальнення, адчуванне запатрабаванасці, — гаворыць Алена Генадзьеўна. — Валанцёрская работа станоўча ўплывае і на сістэму адукацыі, бо ўцягвае гімназістаў у сацыяльна значны від дзейнасці і спрыяе фарміраванню ў моладзі актыўнай жыццёвай пазіцыі, развівае іх навыкі, павышае веды, падтрымлівае патрыятычны дух”.

Ужо 7 гадоў доўжыцца сяб­роўст­ва валанцёраў з прытулкам для жывёл. Падлеткі часта прыязджаюць туды з падарункамі, дапамагаюць ва ўборцы тэрыторыі, з задавальненнем гуляюць з сабакамі. Па меркаванні Алены Гена­дзьеўны, любоў да жывёл дапамагае чалавеку стаць велікадушным. Клапоцячыся пра іх, дзеці не толькі шкадуюць і спачуваюць, яны ўсве­дамляюць адказнасць чалавека перад жывёламі”.

З 2013 года на базе гімназіі пад кіраўніцтвам А.Г.Лук’яненка дзейнічае валанцёрскі летнік “Іскра”. Падчас адпачынку выхаванцы летніка праводзяць валанцёрскія акцыі, гульнявыя праграмы, наведваюць Дом дзіцяці, займаюцца добраўпарадкаваннем горада.

У маі гэтага года выхаванцы Алены Генадзьеўны прадстаўлялі Віцебск на Нацыянальным дзіцячым форуме “Супрацоўніцтва і партнёрства ў імя будучыні”, а навучэнцы 10 класа — Раман Качанаў і Паліна Галючэнка — былі ўзнагароджаны дыпломамі за актыўны ўдзел у форуме.

Дзверы маладзёжнага цэнтра, дзе працуе Алена Генадзьеўна, заў­сёды адчынены для дыялогу, прапаноў, новых цікавых ідэй і патрэбных спраў. На перапынках і пасля ўрокаў тут заўсёды шмат дзяцей. Разам з Аленай Генадзьеўнай яны рыхтуюцца да мерапрыемст­ваў, свят, плануюць правядзенне валанцёрскіх акцый. Часта ў гімназію прыходзяць і выпускнікі. Яны расказваюць пра свае поспехі і пра тое, як працягваюць валанцёрскую дзейнасць ва ўстановах вышэйшай адукацыі.

Педагогі і адміністрацыя гімназіі паважаюць Алену Генадзьеўну за яе працавітасць, надзейнасц­ь, добразычлівасць. Да яе можна звярнуцца па параду, яна знойдзе час выслухаць, зразумець, дапамагчы. А.Г.Лук’яненка ўзначальвае метадычнае аб’яднанне педагогаў-арганізатараў Кастрычніцкага раёна. За шматгадовую плённую працу Алена Генадзьеўна неаднаразова была ўзнагароджана граматамі і дыпломамі рознага ўзроўню.

Алена Генадзьеўна лічыць сябе шчаслівым чалавекам, таму што яна займаецца любімай справай, мае сям’ю, надзейных сяброў. Ёй падабаецца працаваць з дзецьмі, вучыць іх дабру, клапатлівым адносінам да іншых людзей і самой вучыцца ў дзяцей адкрытасці, эмацыянальнасці, мабільнасці. “Валанцёрства для навучэнцаў гімназіі стала не проста захапленнем, а ладам жыцця. Аднойчы прыняўшы ўдзел у дабрачыннай акцыі, яны ўжо не пройдуць міма таго, каму патрэбна дапамога, не застануцца ў баку ад важных спраў горада і краіны”, — упэўнена педагог.

Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна.
Фота з архіва гімназіі.