Дарыць радасць так проста

Дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” — сведчанне аднадушнага аб’яднання дзяржавы і грамадзянскай супольнасці ў вырашэнні адной з галоўных задач — клопату пра дзяцей, асабліва дзяцей-сірот, і тых, хто застаўся без апекі бацькоў, апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі.

У рамках гэтай акцыі прадстаўнікі педагагічнага калектыву ясляў-сада № 13 Смаргоні пабывалі ў сацыяльна-педагагічным цэнтры. Дзед Мароз, Снягурка, адміністрацыя ўстановы ад усяго калектыву выказалі цёплыя віншаванні з надыходзячым Новым годам і Калядамі, пажадалі дзецям здароўя, паспяховай вучобы і, вядома ж, здзяйснення жаданняў.

Малыя былі рады таму, што Дзед Мароз прынёс у сваім вялікім мяху для іх патрэбныя падарункі: прадметы асабістай гігіены і канцтавары. Кожнаму дастаўся і набор прысмакаў. А вось пра тое, каб мяшок Дзеда Мароза быў поўны, паклапаціліся педагогі і бацькі ясляў-сада.

У гэтыя перадсвяточныя дні выхаванцы прытулку ва ўсёй паўнаце адчуваюць клопат з боку людзей чужых, незнаёмых. Вельмі хочацца, каб іх галоўнае жаданне — вярнуцца ў сям’ю — у новым годзе спраўдзілася.

Казка будзе, пакуль ёсць людзі, гатовыя працягнуць руку дапамогі іншым. Не бывае дзяцей чужых, яны ўсе нашы.

Т.ВАСІЛЕЎСКАЯ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці.