Дарыць Радзіме прыгажосць

- 10:42Актуально, Апошнія запісы

У рамках правядзення акцыі па азеляненні тэрыторый у Год малой радзімы студэнты сталічных устаноў вышэйшай адукацыі пасадзілі алею ў Студэнцкай вёсцы. Разам з імі ў пасадцы ўдзельнічалі міністр адукацыі І.В.Карпенка, намеснікі міністра А.У.Кадлубай і С.В.Руды, а таксама кіраўнік Адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска Т.І.Калядка.

У мінулыя выхадныя гарады і мястэчкі нашай краіны сталі яшчэ прыгажэйшымі — маладое і старэйшае пакаленні працавалі на суботніках і ў рамках акцыі па азеляненні тэрыторый. Дарылі Радзіме прыгажосць і навучэнцы ўстаноў адукацыі. Напрыклад, жыхары Студэнцкай вёскі выступілі з ініцыятывай добраўпарадкаваць тэрыторыю каля інтэрнатаў і ўпрыго­жыць яе зелянінай. Міністр адукацыі ацаніў ідэю і далучыўся да гэтай работы.

 — Студэнцтва Мінска і ўсёй рэспублікі падключылася да акцыі па азеляненні тэрыторый, — адзначыў І.В.Карпенка. — Я думаю, гэта нармальная практыка, калі моладзь бярэ ўдзел у добраўпарадкаванні сваёй зямлі, сваёй Радзімы.

Новая алея з’явілася каля інтэрната БДЭУ. Прыкладна 300 маладых кустоў пасадзілі студэнты БДУ, БДПУ імя Максіма Танка, БДУІР, БДЭУ, БНТУ, МДЛУ. За працай нараджаліся новыя ідэі, як зрабіць студэнцкае месцажыхарства яшчэ больш утульным. Студвёска пабудавана не так даўно, яе тэрыторыя вялікая і дагледжаная, аднак тут не хапае куточкаў прыроды — кветак, кустоў і дрэў. Таму было вырашана правесці адкрыты конкурс па комплексным азеляненні Студэнцкай вёскі, лепшы праект будзе ўвасоблены ў жыццё.

Разам са студэнтамі працавала і Т.І.Калядка. Кіраўнік адміністрацыі Маскоўскага раёна сталіцы лічыць, што такія акцыі дапамагаюць раёну і гораду мяняцца да лепшага.

— Маскоўскі раён малады, пастаянна забудоўваецца. За апошнія 5 гадоў узведзена больш за мільён квадратных метраў жылля, у тым ліку Студэнцкая вёска. У раёне яшчэ шмат месцаў, якія патрабуюць азелянення, і вельмі прыемна, што студэнты падключыліся да гэтай справы і ўпрыгожваюць нашу цудоўную сталіцу. Упэўнена, яны будуць з цеплынёй успамінаць гады вучобы і ганарыцца, што ўнеслі свой уклад у азеляненне Студэнцкай вёскі.

Моладзь працавала актыўна і весела. Станоўчых эмоцый дадавала цудоўнае надвор’е, а таксама ўсведамленне таго, што робіцца добрая справа.

— Мы спадзяёмся, што гэтая алея будзе радаваць не толькі тых, хто жыве ў інтэрнатах Студвёскі, але і ўсіх, хто праходзіць ці праязджае тут. Думаю, гэта стане прыкладам для студэнтаў, якія паступяць ва УВА і заселяцца ў інтэрнаты пасля нас, — сказала студэнтка 4 курса БДЭУ Яна Бялятка.

Пасля правядзення акцыі міністр адукацыі пагутарыў са студэнтамі ў нефармальнай абстаноўцы і адказаў на пытанні, якія іх цікавілі. І.В.Карпенка звярнуў увагу на тое, што ў Студэнцкай вёсцы створаны добрыя ўмовы. Міністр паведаміў, што ў Мінску плануецца пабудаваць яшчэ 4 студэнцкія інтэрнаты — новыя месцы пражывання атрымаюць навучэнцы БНТУ, БДУІР, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Гаварылася на сустрэчы  і пра рэалізацыю мадэлі “Універсітэт 3.0”, перспектывы далейшага развіцця ўстаноў вышэйшай адукацыі ў Беларусі, патрэбы і інтарэсы сучасных студэнтаў.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.