Дарыя: “Хочаш хіт — прыдумай яго сама”

- 12:17Моя школа, Рознае

Яе голас і песні адрозніваюцца ад іншых. Яна і сама, між іншым, не падобная да большасці эстрадных выканаўцаў. Харызматычная, справядлівая, па-дзіцячаму шчырая, без усялякага пафасу і высакамернасці, Дарыя ведае, чаго каштуе папулярнасць і як зрабіць так, каб не згубіць сваю індывідуальнасць у жорсткім свеце шоу-бізнесу.

— Дарыя, з чым цяпер у цябе, дарослага чалавека, асацыіруецца слова “школа”?
— Школа — гэта адзін з самых запамінальных перыядаў у маім жыцці. І цяпер з упэўненасцю магу сказаць, што мне ўвогуле пашанцавала з педагогамі. І з тымі, у каго вучылася ў школе, і з тымі, хто выкладаў у музычным вучылішчы і ва ўніверсітэце. Пасля заканчэння школы прайшло даволі многа часу. Але я ўсё роўна памятаю імёны і прозвішчы ўсіх настаўнікаў. А гэта, безумоўна, іх заслуга. Увогуле, я лічу, што менавіта дзякуючы настаўнікам у вучняў павінна з’явіцца разуменне таго, навошта яны вучацца ў школе і для чаго атрыманыя веды могуць спатрэбіцца ў будучым.

— А першая настаўніца? Ты яе памятаеш?
— Безумоўна, памятаю! Першую настаўніцу завуць Алена Леанідаўна Юдо. Яе я вельмі любіла. Дагэтуль памятаю, з якой шчырай, добрай усмешкай яна сустракала нас кожную раніцу.

— Вучні, як правіла, капіруюць настаўнікаў, імкнуцца быць да іх падобнымі. Напэўна, ты таксама не выключэнне?
— Так, безумоўна. Вучань не толькі капіруе настаўнікаў і імкнецца быць да іх падобным, але і цягнецца за імі. Менавіта дзякуючы добрым адносінам настаўніка да вучняў і правільнай, нестандартнай падачы вучэбнага матэрыялу ў навучэнцаў абуджаецца цікавасць да ведаў, прычым да абсалютна любых! І жаданне вучняў быць лепшым ва ўсім, у кожным вучэбным прадмеце — гэта таксама заслуга настаўніка. Памятаю, як мне хацелася ўсё ведаць, усё ахапіць! У маім школьным жыцці быў такі момант, калі я была зачаравана геаграфіяй і нават вяла дзённікі назіранняў за прыродай. Гэта, між іншым, не ўваходзіла ў школьную праграму, проста я сама гэтым цікавілася. Я нават ведала сталіцы ўсіх краін! Пасля ў жыцці наступіў такі момант, калі я пачала цікавіцца літаратурай. Мне вельмі падабаліся вершы Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна. Зразумела, такая любоў да паэзіі зрабіла сваю справу. На гэты раз мне захацелася стаць паэтам ці, на крайні выпадак, выкладчыкам рускай мовы і літаратуры. Крыху пазней думала стаць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Звязана гэта было з тым, што ў мяне атрымлівалася быць лепшай па гэтым прадмеце. Да таго ж я ўдзельнічала ў алімпіядах па беларускай мове, а гэта надавала мне яшчэ больш упэўненасці ў сваіх сілах.

— Ці былі ў тваім жыцці такія ўчынкі, за якія дагэтуль сорамна?
— Шчыра кажучы, такіх учынкаў, зрабіўшы якія сорамна падняць вочы, няма. Але ёсць у маім школьным жыцці адзін выпадак, які пакінуў проста непрыемныя ўспаміны. Памятаю, як у 10 класе з матэматычнага класа я перавялася на філалагічны профіль. Адметнасцю нашага філалагічнага класа з’яўлялася тое, што ў нас вучылася многа хлопцаў, прычым даволі моцных па целаскладзе. Аднойчы яны папрасілі мяне падаць спісы на абед у сталовую, дабавіўшы некалькі лішніх порцый. А для таго, каб падаць спісы, трэба было зацвердзіць іх подпісам класнага кіраўніка. І вось у адзін з дзён класнага кіраўніка мы не знайшлі, і аднакласнікі ўгаварылі мяне распісацца замест настаўніцы. Пасля доўгіх угавораў я пагадзілася. І ўжо пасля абеду класны кіраўнік прыйшла да нас і пачала разбірацца, як мы накрывалі на стол без яе подпісу. Ніхто браць віну на сябе не хацеў. А мне стала так сорамна, няёмка. І я паднялася з-за парты і прызналася ў сваім міні-злачынстве.

— Маленькія дзяўчынкі любяць “быць спявачкамі”. Магчыма, ты таксама імправізавала на гэтую тэму, арганізоўвала канцэрты, гледачамі на якіх былі любімыя лялькі?
— Канцэртаў для цацак я не наладжвала і нават на табурэтку мяне не ставілі спяваць песні, калі да нас прыходзілі госці. Затое з дапамогай прыгожай падстаўкі пад сурвэткі я выступаць любіла! Таму што гэтая падстаўка нагадвала мікрафон. А яшчэ ў бабулі замест міжпакаёвых дзвярэй на алюмініевай штанзе віселі шторы. Гэта быў мой суперзанавес. Калі мяне прасілі выступіць, я чапляла на галаву дзве пары калготак, заплятала з іх доўгія косы, гучна аб’яўляла з-за шторы: “Выступае народная артыстка Савецкага Саюза Дар’я!” І, рэзка рвануўшы з неверагодным скрыпам занавес, выходзіла ва ўсёй красе з якой-небудзь песняй.

— Раскажы, з чаго пачалася твая кар’ера спявачкі?
— Яна пачалася з сустрэчы з кампазітарам Аленай Атрашкевіч. Але да гэтай сустрэчы быў адзін немалаважны выпадак: пастаноўка оперы “Травіята” ў оперным тэатры. Калі я была навучэнкай музычнага вучылішча Маладзечна, я глыбока вывучала оперную музыку па партытурах, фартэпіянных клавірах. Аднойчы мая цётка набыла квіткі на прэм’ерны паказ оперы “Травіята”. Гэта адбывалася ў ліпені. Спектакль быў цудоўны. Пасля “Травіяты” мы адухоўленыя ішлі дадому. І на хвалі высокіх пачуццяў я нават пачала спяваць тэмы з гэтай оперы. Сяброўка маёй цёткі, якая хадзіла на прэм’еру оперы разам з намі, была ўражаная маімі спевамі і пацікавілася, чаму я не спяваю прафесійна. Я не ведала, што ёй адказаць, бо на той момант вучылася ваключна фартэпіяннаму майстэрству і ніякіх іншых мэт перад сабой не ставіла. Праз некаторы час сяброўка цёткі апынулася ў адной кампаніі са спявачкай Інай Афанасьевай. І на пытанне, што рабіць маладой дзяўчынцы з добрым голасам і музычнай адукацыяй, каб трапіць на вялікую сцэну, пачула адказ пра ўдзел у шматлікіх конкурсах, заняткі з прафесійнымі выкладчыкамі вакалу, штодзённую практыку і, безумоўна, вялікае жаданне стаць артысткай. Але ж дзе шукаць прафесійных выкладчыкаў? Конкурсы?.. Прайшло прыкладна 2 месяцы, і я сустрэла Алену Атрашкевіч. Яна замяняла нашу выкладчыцу па сальфеджыа, пакуль тая была на “бальнічным”. Неяк пасля заняткаў Алена Віктараўна папрасіла мяне застацца на індывідуальную размову і вакальную імправізацыю. Менавіта пасля гэтага выпадку маё жыццё змянілася, у мяне з’явіліся прыярытэты, новыя мэты.

— Якую падзею лічыш пераломным момантам у творчасці?
— Безумоўна, “Народны артыст — 2” — гэта адна з самых значных падзей майго жыцця. Менавіта ўдзел у ім перавярнуў мой светапогляд. Я па-іншаму пачала разумець, адчуваць творчасць. Па-іншаму пачала ставіцца да самой сябе і да іншых людзей.

— На шоу ты працавала з Кімам Брэйтбургам, Тыгранам Кеасаянам, Сяргеем Зверавым. Чаму ты навучылася ў гэтых людзей?
— Я навучылася ў іх прафесійнай жорсткасці. Мне паказалі, што трэба ўмець казаць “не”. Увогуле, мне цяжка ахарактарызаваць адным словам усё тое, што мне даў удзел у шоу. Кожны дзень на “Народным артысце” адбываліся цікавыя падзеі. А колькі ўсяго давялося пазнаць! Увогуле, за некалькі месяцаў, якія я правяла на “НА-2”, я змагла зразумець і вывучыць столькі інфармацыі, колькі дае ўся 5-гадовая ўніверсітэцкая праграма. Падобныя шоу можна параўнаць са школай маладога байца, у якую цябе кінулі без выратавальнай камізэлькі. І выберашся ты адтуль ці не — залежыць толькі ад тваіх якасцей і жадання. Немалаважную ролю ў шоу-бізнесе, як я паспела зразумець, іграе прафесійны эгаізм. Трэба ўмець вельмі хутка арыентавацца, умець прыгожа падаваць сябе, сваю творчасць людзям.

— Цяпер ужо ні для каго не сакрэт, што на “Народным артысце” ты была любіміцай Лаймы Вайкуле. Скажы шчыра, цябе гэта цешыла?
— Мяне гэта не цешыла. Мяне гэта здзіўляла. І тут трэба ўзгадаць перадгісторыю. У час вучобы ва ўніверсітэце я не сумяшчала сваю вучобу з падпрацоўкамі, як гэта рабіла абсалютная большасць аднакурснікаў. Я хацела быць максімальна сумленнай да вучобы. На мой погляд, калі ў чалавека яшчэ не сфарміраваны светапогляд, калі ён не да канца разумее ўсіх асаблівасцей сваёй работы, вельмі лёгка можна згубіцца сярод усялякіх спакус і страціць прафесійны густ. Таму я прысвячала свой час толькі вучобе, літаральна ведаючы адзін маршрут: універсітэт — інтэрнат. А калі “Народны артыст” узнік у маім жыцці і Лайма мне сказала: “Даша, ты цудоўная! Ты лепшая за ўсіх!”, я вельмі здзівілася. Я не магла зразумець, як такое ўвогуле магчыма! Як я, звычайная дзяўчына, якая прыехала з Мінска ў Маскву, магу быць лепшай за астатніх?

— Відавочна, што іншыя ўдзельнікі шоу зайздросцілі таму, што цябе апякала сама спадарыня Лайма, ці не так?
— Я, шчыра кажучы, не ведаю гэтага, таму што была поўнасцю пагружана ў творчасць. Мяне зусім не цікавіла, што думаюць іншыя. Самым галоўным было тое, што ў мяне з’явілася магчымасць паказаць сябе. Таму я зноў жа старалася добра рабіць сваю работу.

— Дарыя, у цябе ўжо ёсць тэатральны вопыт. У мюзікле Уладзіміра Кандрусевіча “Байкер” ты сыграла галоўную ролю. Наколькі значнай гэтая падзея стала для цябе?
— Шчыра кажучы, зараз мне цяжка гаварыць пра сваю работу ў “Байкеры”. Мюзікл рабіўся агульнымі намаганнямі, стараннямі ўсёй каманды, якая “складвала” яго, акуратна, па маленькіх кавалачках, як мазаіку. Ён аказаўся вельмі цікавым і сапраўдным. Падчас работы над мюзіклам я атрымала добры вопыт. Акрамя гэтага, “Байкер” дапамог мне праверыць сябе як артыстку на трываласць. Увогуле, я лічу, што сапраўдны артыст павінен быць шматграннай асобай. Вельмі добра, калі ў ім прысутнічае не толькі вакальны талент, але і драматычны, а таксама харэаграфічны. І, безумоўна, калі артыст выступае ў розных амплуа, ён пачынае быць больш цікавым для публікі.

— Скажы, на што ты гатова пайсці для таго, каб дабіцца пастаўленай мэты?
— Папраўдзе кажучы, для таго, каб здзейсніць сваю мару, дасягнуць канкрэтнай мэты, я нават гатова апрануць мужчынскі касцюм, прыклеіць бараду і выйсці на сцэну “Еўрабачання”. Але зраблю гэта пры ўмове, што ў канцы песні я абавязкова здыму бараду, касцюм і буду стаяць, як Афрадзіта, абвешаная жэмчугам, на крышцы раяля, на якім іграе Элтан Джон у акулярах кіслотнага колеру (смяецца).

— Дарэчы, адметна тое, што ўжо 2 гады запар ты была ў спісе фіналістаў Нацыянальнага адбору міжнароднага конкурсу песні “Еўрабачанне”. Ці значыць гэта, што ты будзеш рабіць яшчэ адну спробу прадставіць краіну на гэтым прэстыжным конкурсе?
— Безумоўна, я буду яшчэ раз спрабаваць свае сілы ў “Еўрабачанні” і марыць аб тым, каб перамагчы ў ім. На мой погляд, перамога на гэтым конкурсе з’яўляецца важнай і неабходнай не толькі для Беларусі. Перамога ў “Еўрабачанні” патрэбна перш за ўсё артысту. Не сакрэт, што гэты конкурс вельмі складаны. Ён дае магчымасць выканаўцам павысіць свой прафесійны ўзровень і, у рэшце рэшт, дасягнуць галоўнай мэты — перамогі над сваімі слабасцямі: фізічнымі, псіхалагічнымі, прафесійнымі і г.д. Тым не менш перамога на “Еўрабачанні” — гэта не канчатковая мэта для выканаўцы, гэта стартавая пляцоўка для далейшага развіцця артыста. Пасля перамогі трэба працаваць яшчэ больш, выдаваць 3-4 хіты за год і пастаянна гастраляваць — вось гэта сапраўднае дасягненне!

— Ты хацела б выкарыстаць шанс і змяніць ход некаторых мінулых падзей?
— Я належу да тых людзей, якія лічаць, што на ўсё воля Бога. І, як усё адбылося, як ёсць цяпер, так, значыць, і павінна быць. Сучаснасць — гэта наша праўда, гэта тыя ўмовы, у якіх мы павінны развівацца. Усе змены, якія адбываюцца з намі, цудоўныя. Увогуле, усё залежыць ад чалавека. І яму для таго, каб змяніць сваё жыццё, не абавязкова мяняць мінулае. Галоўнае, змяніцца тут і зараз.

— Значыць, калі б у нас з’явілася машына часу, ты выбрала б падарожжа ў будучыню, правільна?
(Задумваецца.) Думаю, што не. Мне было б вельмі цікава пажыць у той час, калі Ісус Хрыстос жыў і прапаведаваў. Мне было б вельмі цікава ўсё гэта ўбачыць, паслухаць, адчуць. Было б цікава трапіць і ў той час, калі адбылася цудоўная светлая падзея — уваскрашэнне Хрыста. А калі шчыра, я была б не супраць пабываць і ў мінулым, і заглянуць у будучыню.

— Ніколі б не падумала, што ты веруючая.
— Я веру, так. Але ў параўнанні са сваімі знаёмымі, якія насамрэч веруючыя, я не зусім адпавядаю такому статусу.

— На што ты, публічны чалавек, пры знаёмстве з людзьмі ў першую чаргу звяртаеш увагу?
— Я ніколі не задумвалася, на што звяртаю ўвагу ў першую чаргу. Тым не менш мне вельмі прыемна, калі ў чалавека добра выглядае абутак, калі на ім акуратная вопратка.

— Дарыя, ці ёсць рэчы, якія могуць цябе вывесці з раўнавагі?
— А як жа! Безумоўна, такія рэчы існуюць. Мяне могуць вывесці з сябе халатнасць і абыякавасць чалавека да сваёй працы, а таксама няўменне людзей быць уважлівымі адно да аднаго. Яшчэ мяне выводзіць з раўнавагі шакалад, які я проста абажаю! Увогуле, нас, такіх, каго можна лёгка вывесці з раўнавагі, усяго трое: я, Ваня Ургант і Элтан Джон. Чаму? Таму што мы вельмі хутка набіраем лішнія кілаграмы (смяецца).

— Скажы, як творчыя людзі знаходзяць баланс паміж работай і сям’ёй?
— Гэтае пытанне для мяне з’яўляецца вельмі складаным. На дадзены момант я насамрэч спрабую адшукаць той алгарытм дзеянняў, які дапаможа дасягнуць балансу паміж сям’ёй і работай. Пакуль што ў мяне не вельмі атрымліваецца ўсё прывесці ў сістэму, але, думаю, з цягам часу ўсё наладзіцца.

— Дарыя, ты заўжды знаходзішся ў цудоўная форме. Чым даводзіцца ахвяраваць дзеля прыгажосці?
— Насамрэч, дзеля таго, каб цудоўна выглядаць, я нічым не ахвярую, акрамя лішніх сантыметраў на таліі (смяецца). А калі сур’ёзна, то я хаджу ў спартыўную залу. Спорт — самы дзейсны спосаб, які дапамагае трымаць сябе ў добрай форме. Безумоўна, за харчаваннем таксама сачу.

— Як лічыш, ці магчыма ў нашым шоу-бізнесе жыць па-чэснаму?
— Што тычыцца мяне, то я паўсюль, і ў шоу-бізнесе ў тым ліку, стараюся быць справядлівай і чэсна жыць. За іншых адказваць не буду. Магчыма, нехта ідзе на некаторыя не зусім справядлівыя хітрасці дзеля таго, каб быць на плаву, але мне гэта нецікава. Для мяне галоўнае тое, што я ні праз каго не пераступаю дзеля таго, каб нечага дабіцца. Я прывыкла разлічваць толькі на сябе, і мяне гэта задавальняе.

— У адрас нашай эстрады, выканаўцаў часцей за ўсё можна пачуць крытыку, чым пахвалу. Многія ўпэўнены, быццам бы шоу-бізнес — гэта балота, у якім вельмі рэдка з’яўляецца нешта насамрэч цікавае, самабытнае і яркае.
— Ведаеш, насамрэч усё пазнаецца ў параўнанні. І нівелірам у балоце шоу-бізнесу з’яўляецца спакушанасць альбо неспакушанасць публікі. Але калі паглыбляцца ў філасофію, то варта адзначыць, што не ўсё цікавае, самабытнае і яркае ў нас паказваюць. І не ўсё цікавае, самабытнае і яркае здольна зразумець абсалютная большасць слухачоў і гледачоў, якія прыйдуць на звычайны, чарговы канцэрт у іх жыцці. Усё-такі для таго, каб унікальны прадукт знайшоў у шоу-бізнесе сваё месца, яго павінны разумець як артысты, так і звычайныя людзі. А вось як так зрабіць — гэта загадка.

— Дарыя, у цябе падрастае сын Міша. Скажы, ты строгая мама?
— Думаю, што я не вельмі строгая мама. Але стараюся ўсё рабіць так, як патрэбна, як было закладзена ў нашай сям’і. Гэта значыць, што працэс выхавання адбываецца на маім прыкладзе. Зараз я бачу, наколькі дзеці любяць усё паўтараць за бацькамі. І Міша робіць тое, што раблю я. Такім чынам, паколькі прыярытэтам у маім жыцці з’яўляецца дабро, я стараюся зрабіць так, каб і для сына яно было прыярытэтам. Вось так, па сутнасці, і выхоўваю. Дарэчы, кнігі па выхаванні я таксама чытала і некаторую інфар-мацыю, безумоўна, узяла сабе на заметку.

— Калі кладзеш сына спаць, спяваеш яму калыханкі ці ўласныя песні?
— Чаго я толькі яму не спяваю! Ён у нас сапраўдны меламан! Быў перыяд, калі Міша вельмі любіў добрыя старыя савецкія песні, напрыклад, “Кацюшу”. Праз некаторы час ён “запаў” на гімн Беларусі і нават хадзіў па кватэры і так сур’ёзна зацягваў радкі з галоўнай нацыянальнай песні. Яшчэ Мішу вельмі падабаецца Cheesecake, з якім Тэа сёлета прадстаўляў Беларусь на “Еўрабачанні”. А апошнія дні сын спявае калыханку яшчэ майго дзяцінства “Збеглі зайкі ўсе ў лясы, змоўклі птушак галасы”.

— Дарэчы, наконт Тэа. Наколькі мне вядома, менавіта ў суаўтарстве з ім ты напісала свой хіт “Толькі твая”.
— Так, “Толькі твая” мы пісалі ў суаўтарстве з Юрам Вашчуком. Песня атрымалася проста цудоўнай! На яе ўжо існуюць тры рэміксы, а гэта значыць, што слухачам яна падабаецца. Увогуле, Тэа — вельмі добры і таленавіты чалавек. Працаваць з ім адно задавальненне! Дарэчы, я і сама спрабую свае сілы ў якасці кампазітара. Зусім хутка выйдзе мая новая песня “Ресницы”, музыку да якой напісала я сама. Што тычыцца тэксту песні, то ён належыць таленавітаму аўтару Вользе Урываевай. Спадзяюся, што песня стане танцавальным хітом гэтага лета. А яшчэ прыйшла да высновы: хочаш спець хіт — прыдумай яго сама.

— Дарыя, калісьці знакаміты нямецкі паэт і філосаф Фрыдрых Шылер пісаў, што светам кіруюць каханне і голад. Магчыма, у цябе таксама ёсць нейкая максіма, пэўны алгарытм, які дапамагае ўсё расставіць па месцах, растлумачыць, што адбываецца навокал?
— Шылер добра сказаў! Тым не менш асабіста я не скажу, што ў мяне ёсць нейкая пабудаваная тэорыя, якая дакладна раскажа, што адбываецца навокал. Проста ў цяжкія хвіліны я ўзгадваю, што трэба “жить, не тужить, никого не осуждать, никому не досаждать, и всем моё почтение”. Увогуле, усё падпарадкоўваецца глабальнаму парадку. У любым выпадку варта думаць і верыць, што ўсё будзе добра. Асабіста я так і раблю. І мой светапогляд складаецца з таго, што я бачу, назіраю вакол сябе, бяру з кніг, якія чытаю. Цікавымі ў плане пазнання свету для мяне з’яўляюцца класічная літаратура, кнігі па філасофіі, а таксама ўсходнія навукі. Безумоўна, немалаважная роля ў маім светаўспрыманні належыць людзям, з якімі кантактую. У мяне многа знаёмых, кожны з іх чымсьці цікавіцца, глыбока валодае пэўнымі ведамі. А гэта значыць, што вакол мяне штодня адбываецца столькі падзей, я чую такую колькасць інфармацыі, якая абавязкова можа спатрэбіцца ў будучым. І тут варта яшчэ раз узгадаць шматграннасць асобы, пра якую я гаварыла. Такім чынам, з усяго сказанага можна зрабіць выснову наконт таго, што кожны сам вырашае, з якіх пазлаў будзе складацца яго карціна свету.

Наталля ДУБІК.
Фота з архіва Дарыі.