Дашкаляты берагуць лес

- 12:25Дашкольная адукацыя
les

Выхаванцы ясляў-сада № 5 Клічава ўзялі актыўны ўдзел у мерапрыемствах “Тыдня лесу — 2018”, прысвечанага Году малой радзімы і ўзнаўленню лясоў, пашкоджаных у выніку масавага распаўсюджвання насякомых-шкоднікаў.

les1Красавіцкім ранкам у старшых групах ясляў-сада № 5 было мітусліва, дзеці з нецярпеннем чакалі паездкі на лясны ўчастак для правядзення пасадкі і дапаўнення лясных культур, якія выдзяліў “Клічаўскі лясгас”. І вось падышоў аўтобус. Размясціўшыся ямчэй, дзеці ўспомнілі яшчэ раз правілы паводзін у лесе і адправіліся ў падарожжа. Вялізныя дрэвы, першацвет, спевы птушак і паветра, якім немагчыма надыхацца… Усё гэта выклікала ў дзяцей незабыўныя эмоцыі.

Спецыялісты вызначылі месца для пасадкі, забяспечылі пасадачным матэрыялам, расказалі дашкольнікам, навошта ў гэтым месцы патрэбна пасадка, патлумачылі, як яе ажыццяўляць. З велізарнай адказнасцю і цікавасцю пад кіраўніцтвам ляснічага і супрацоўніка лясгаса маленькія госці лесу высадзілі 23 саджанцы ясеня. Дапамагалі дзецям і старэйшыя таварышы — студэнты Клічаўскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа.

Для выхаванцаў ясляў-сада паездка ў лес стала яркай падзеяй. І гэта не адзінае значнае мерапрыемсва ў рамках “Тыдня лесу” і экалагічнага выхавання наогул. Перад правядзеннем акцыі “Тыдзень лесу — 2018” з дзецьмі была праведзена папярэдняя работа. Адбылася гутарка пра значэнне лесу ў жыцці чалавека, дашкольнікам чыталі тэматычныя вершы, апавяданні, казкі, знаёмілі з прыказкамі, прымаўкамі, дзеці разгадвалі загадкі, разглядвалі карціны. Прайшоў конкурс малюнкаў “Маё любімае дрэва”, забаўляльнае мерапрыемства “Я люблю свой край родны” і інш.

У выніку мэтанакіраванай работы дзеці даведаліся не толькі пра значэнне лесу ў жыцці чалавека, але і пра тое, што ў Клічаўскім раёне большая частка тэрыторыі занята лясамі. Дашкольнікаў уразіла інфармацыя, што на тэрыторыі раёна знаходзіцца гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння “Астравы Дулебы” — унікальны прыродны комплекс не кранутых цывілізацыяй лясоў і старажытных рэліктавых балот. Па плошчы заказнік займае другое месца ў Беларусі і з’яўляецца месцам рассялення большасці рэдкіх відаў жывёл і птушак і тых, што знікаюць.

На тэрыторыі Біёрдаўскага лясніцтва знаходзіцца батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння “Біёрдаўскае лесанасаджэнне”. Гэты дубова-грабавы гай — самая паўночная мяжа росту граба, рэдкай для гэтых месцаў цеплалюбівай расліны. На тэрыторыі Віркаўскага, Бацэвіцкага і Запольскага лясніцтваў знаходзіцца ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння “Свіслацка-Бярэзінскі”. На тэрыторыі Запольскага лясніцтва знаходзяцца помнікі прыроды мясцовага значэння “Участак дубова-ясеневага лесу” і “Дубрава”.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Клічаўшчына была цэнтрам партызанскага руху ўсёй Магілёўскай вобласці. Ва ўсакінскіх лясах раёна дыслацыраваўся Магілёўскі абкам партыі. Зараз на тэрыторыі Усакінскага лясніцтва знаходзіцца мемарыяльны комплекс “Усакіна”, адкрыты ў 1985 годзе да 40-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Атрыманая інфармацыя, пададзеная ў цікавай і даступнай форме, прымусіла дзяцей адчуць гонар за родны край і адказнасць за яго дабрабыт і будучыню. А акцыя ў лесе дала ім пачуццё таго, што яны зрабілі вельмі важную і карысную для ўсіх справу. Калі мы захаваем прыроду, то ўбачым яе цуды не толькі на малюнках, але і наяве.

Святлана ТАРЭЛКА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 5 Клічава.
Фота аўтара.