Дашкольная адукацыя ва ўмовах сям’і

- 12:41Дашкольная адукацыя
Днямі ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшоў рэспубліканскі круглы стол “Забеспячэнне якасці адукацыйнага працэсу ва ўмовах абнаўлення яго зместу ва ўстановах дашкольнай адукацыі”. Падчас сустрэчы спецыялісты абмеркавалі прыярытэтныя кірункі дзейнасці ўстаноў дашкольнай адукацыі на 2013/2014 навучальны год, акрэслілі перспектывы развіцця сістэмы.
 Шукаем не месца ў дзіцячым садзе, а належную дашкольную адукацыю

“Асноўным кірункам развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі з’яўляецца забеспячэнне ўсіх дзяцей дашкольнага ўзросту даступнымі і якаснымі адукацыйнымі паслугамі, — паведаміла начальнік аддзела дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Альбіна Леанідаўна Давідовіч. — Дасягнуць гэтага не так проста. У чарзе на атрыманне месца ў дзіцячым садзе сёння па ўсёй краіне знаходзіцца каля 8 тысяч дзяцей. Асабліва складаная сітуацыя ў Мінскай, Брэсцкай, Гродзенскай і Гомельскай абласцях. Толькі за кошт будаўніцтва ўстаноў дашкольнай адукацыі гэтая праблема не будзе вырашана: з 42 устаноў, якія запланавана пабудаваць у гэтым годзе, узводзіцца пачалі толькі 16 (з іх дзве ўведзены ў строй, а па астатніх тэрміны ўводу перанесены на канец года). Пры такой сітуацыі даводзіцца шукаць новыя падыходы да вырашэння праблемы. Адзін з іх — працягваць далучаць да дзейнасці па аказанні адукацыйных паслуг прыватныя арганізацыі, індывідуальных прадпрымальнікаў, адкрываць прыватныя дашкольныя ўстановы. Працягваецца працэс стварэння груп на платнай аснове ў дзяржаўных установах. Зараз у НІА ў межах эксперыментальнага праекта апрабуюцца магчымыя формы і мадэлі функцыянавання такіх груп. Па выніках гэтай работы будуць зацверджаны адпаведныя метадычныя рэкамендацыі”.
У самы бліжэйшы час працягнецца вывад 1-х класаў з будынкаў устаноў дашкольнай адукацыі. Для дашкольнікаў будуць адкрывацца групы, якія раней не функцыянавалі, а таксама развівацца групы кароткачасовага знаходжання (ад 2 да 7 гадзін у дзень). Абмяркоўваецца пытанне аб тым, каб замацаваць пераважнае права на атрыманне месца ў дзіцячых садах за дзецьмі ад 3 да 6 гадоў. Часам здараецца, што дзіця ва ўзросце да 3 гадоў наведвае ўстанову дашкольнай адукацыі, а яго маці пры гэтым не працуе, таму што знаходзіцца яшчэ ў дэкрэтным водпуску. І ў той жа час некаторыя бацькі не могуць уладкаваць у сад сваіх 3-гадовых дзяцей.
Навацыі чакаюцца і ў заканадаўстве. Паколькі дашкольная адукацыя не з’яўляецца абавязковай (100-працэнтнай падрыхтоўкай да школы павінны быць ахоплены толькі дзеці 5-гадовага ўзросту), мэтазгодна будзе замест паняцця “ахоп установамі дашкольнай адукацыі” выкарыстоўваць паняцце “ахоп дашкольнай адукацыяй”. Да ліку тых, хто ахоплены дашкольнай адукацыяй, цяпер будуць аднесены і дзеці, якія атрымліваюць дадатковыя адукацыйныя паслугі, што аказваюць усе арганізацыі і ўстановы адукацыі.
Будзе разгледжана пытанне аб увядзенні ў Кодэкс аб адукацыі паняццяў “сямейная адукацыя” і “сямейнае выхаванне” па аналогіі з наяўнасцю гэтых паняццяў у Законе Расійскай Федэрацыі “Аб адукацыі”. Установы дашкольнай адукацыі пры сямейным выхаванні будуць з’яўляцца для бацькоў інфармацыйным і метадычным цэнтрам і аказваць ім усю неабходную дапамогу і падтрымку. Пры такой сітуацыі можна лічыць, што дзеці ў такіх сем’ях будуць ахоплены дашкольнай адукацыяй. У наступным годзе ў нашай краіне падчас эксперымента будзе вывучацца патэнцыял сямейнага выхавання і сямейнай адукацыі і будуць унесены канкрэтныя прапановы па ўдасканаленні гэтых працэсаў з тым, каб паняцці былі замацаваны не толькі заканадаўча, але і працавалі ў рэальнасці.
Зараз, дарэчы, распрацоўваецца праект канцэпцыі праграмы развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі на 2015 — 2020 гады, і ў навукоўцаў і практыкаў ёсць рэальная магчымасць унесці свае прапановы ў будучы нарматыўны акт.

Ствараць прывабны імідж установы дашкольнай адукацыі

Сёння педагогі і бацькі актыўна карыстаюцца інфармацыяй, размешчанай на сайтах аддзелаў і ўпраўленняў адукацыі, ІРА, а таксама на сайтах устаноў дашкольнай адукацыі. Педагогі павінны расказваць на старонках сайта аб дасягненнях сваёй установы, кірунках яе дзейнасці, уласных педагагічных напрацоўках і заслугах і такім чынам ствараць прывабны імідж установы.
Станоўчую або адмоўную рэкламу ўстанове можа зрабіць інфармацыя аб дзейнасці па забеспячэнні здароўезберагальнага асяроддзя і ўмоў бяспечнай жыццядзейнасці выхаванцаў. Шэраг праблем узнікае з-за таго, што медыцынскія работнікі ўстановы адукацыі перайшлі ў штат арганізацый аховы здароўя. Адна з праблем — складанне штодзённага меню, да якога раней медработнікі мелі прамое дачыненне. Але выйсце ёсць: укараненне камп’ютарных праграм пры складанні меню, пры аналізе норм харчавання. Станоўчы вопыт работы, згодна з такімі праграмамі, ужо ёсць.
Педагогам важна актывізаваць узаемадзеянне не толькі з бацькамі будучых выхаванцаў, але і з бацькамі выхаванцаў, якія ўжо наведваюць установу. На жаль, у многіх з іх сфарміраваны спажывецкія адносіны да сістэмы дашкольнай адукацыі. Варта зрабіць бацькоў актыўнымі і адказнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу.

Выкарыстоўваць толькі грыфаваную літаратуру

З бягучага навучальнага года ўстановы дашкольнай адукацыі пачалі працаваць па новай нарматыўна-прававой дакументацыі (тыпавым вучэбным плане, вучэбнай праграме і адукацыйных стандартах дашкольнай адукацыі). Гэта ўнесла пэўныя змены ў арганізацыю работы на месцах. Дапамагчы педагогам працаваць па-новаму павінны метадысты ўстаноў адукацыі.
Адна з праблем тычыцца аптымізацыі колькасці дакументаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі. З пералікам абавязковых дакументаў можна пазнаёміцца ў інструктыўна-метадычным пісьме Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь да новага навучальнага года. На цяперашні момант Міністэрства адукацыі запрасіла ўсе нарматыўныя прававыя акты ў МНС, якія тычацца ўстаноў дашкольнай адукацыі. У адпаведнасці з імі будуць распрацаваны метадычныя рэкамендацыі, дзе будуць улічаны патрабаванні МНС адносна ўстаноў дашкольнай адукацыі.
Наступны аспект, які быў абмеркаваны падчас круглага стала, — удасканаленне якасці эксперыментальных і інавацыйных праектаў. Часта дашкольныя педагогі займаюцца толькі абагульненнем вопыту або проста творча працуюць у нейкім кірунку і пры гэтым адзначаюць у сваіх лакальных дакументах, што іх дзейнасць інавацыйная. У той час як эксперыментальныя і інавацыйныя пляцоўкі зацвярджаюцца толькі загадам міністра адукацыі. Калі ў педагогаў ёсць жаданне прыняць удзел у пэўным праекце, яны могуць азнаёміцца з інструктыўна-метадычным пісьмом міністэрства, а таксама зазірнуць на сайт АПА, дзе адлюстраваны ўсе эксперыменты і інавацыйныя праекты, якія зараз рэалізуюцца. Пералік пляцовак можна пры неабходнасці пашырыць, установа таксама можа падключыцца да існуючых праектаў.
На сайце НІА ёсць пералік вучэбных выданняў, што былі выдадзены ў гэтым годзе, і тых, што плануецца выдаць. Метадыст НІА Вікторыя Леанідаўна Пашко расказала калегам, што за перыяд з 2008 па 2013 год было выдадзена больш як 100 дапаможнікаў, што маюць грыф, — яны рэкамендаваны НІА і дапушчаны да выкарыстання Міністэрствам адукацыі. Традыцыйна папулярныя вучэбныя наглядныя дапаможнікі з серыі “Умней-ка!” і вучэбна-метадычная літаратура для ўстаноў дашкольнай адукацыі з серыі “Свет дзяцінства”. Сярод кніжных навінак гэтага года названы вучэбна-метадычны дапаможнік для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі з рускай і беларускай мовамі навучання Л.С.Хадановіч “Развіццё музычна-тэатральнай дзейнасці дзяцей дашкольнага ўзросту” і вучэбны наглядны дапаможнік гэтага ж аўтара “Гуляем у мюзікл” (змест дапаможнікаў накіраваны на рэалізацыю задач з адукацыйных галін “мастацтва” і “музычная дзейнасць”). Былі таксама станоўча адзначаны вучэбныя і наглядныя дапаможнікі для педагогаў з серыі “Свет дзяцінства” І.У.Жытко “Насустрач матэматыцы”, Д.М.Дубінінай “У свеце казак”, а таксама вучэбны і наглядны дапаможнік В.М.Анцыпяровіч і А.М.Зыль “У свеце музыкі”. Прадстаўлены на сайце дапаможнікі Н.С.Старжынскай “Вучыся размаўляць правільна”, А.А.Страхі “У свеце прыроды” і В.М.Шабекі “У свеце рухаў” і іншыя.
Неабходна давесці да педагогаў, што для заняткаў з дзецьмі ім варта выкарыстоўваць толькі грыфаваныя дапаможнікі: яны распрацаваны пад праграму дашкольнай адукацыі і забяспечваюць яе змест. І планаваць адукацыйны працэс трэба толькі на аснове вучэбнай праграмы, тыпавога вучэбнага плана, адукацыйных стандартаў і вучэбных выданняў, якія рэкамендаваны Міністэрствам адукацыі. У той жа час ніхто не забараняе педагогам рабіць уласныя распрацоўкі, пісаць вучэбныя дапаможнікі і ў афіцыйным парадку зацвярджаць іх.

У пошуку кваліфікаваных педагогаў

Набалелае пытанне, якое разглядалася падчас круглага стала, — забеспячэнне ўстаноў адукацыі кваліфікаванымі кадрамі і павышэнне сацыяльнага статусу педагогаў. Сёння ў дзіцячых садах не хапае выхавальнікаў і памочнікаў выхавальнікаў. Напаўняльнасць груп часам перавышае норму: так пры норме ў 20 чалавек ёсць групы з 30 — 40 дзецьмі. Нельга назваць нормай, калі выхавальнік працуе адзін у дзве змены без памочніка выхавальніка. Для таго каб паўплываць на сітуацыю, будзе ў чарговы раз павышана зарплата педагагічным работнікам, павысіцца і бацькоўская плата за дзіцячы сад. Плануецца, што павышэнне зарплаты адбудзецца ў залежнасці ад кваліфікацыйных катэгорый педагогаў.
Якасць забеспячэння кадрамі залежыць і ад таго, наколькі адказна на месцах фарміруецца заяўка аб запатрабаванасці ў канкрэтных спецыялістах. Калі заяўка складаецца фармальна, то і спецыялістаў прыходзіцца чакаць вельмі доўга. Ад заяўкі залежыць і прыём у сярэднія спецыяльныя ўстановы адукацыі і ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Штогод кантрольныя лічбы прыёму пераглядаюцца, і на падставе заявак аб спецыялістах набор ва ўстановы павялічваецца на 5 — 10 працэнтаў. Да пачатку гэтага навучальнага года, напрыклад, паступілі заяўкі на 1402 педагагічных работнікаў для ўстаноў дашкольнай адукацыі, з іх 457 — з Мінска.
Там, дзе ўстановы поўнасцю ўкамплектаваны спецыялістамі, таксама ўзнікаюць пытанні. І адно з іх — павышэнне кваліфікацыі педагогаў. Па словах загадчыка кафедры дашкольнай адукацыі АПА Валянціны Мікалаеўны Шашок, кваліфікацыйны экзамен пры праходжанні атэстацыі на прысваенне (пацвярджэнне) вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі педагогі здаюць у АПА, і гэта сапраўднае выпрабаванне для іх. У экзаменацыйнай камісіі працуюць прадстаўнікі АПА, МГІРА, педагогі-практыкі. Старшыня камісіі — прафесар Наталля Сцяпанаўна Старжынская. З лютага па верасень бягучага года ў такім экзамене прынялі ўдзел 93 педагогі-дашкольнікі. Паспяхова вытрымалі выпрабаванне 64 чалавекі. Экзамен складаецца з чатырох этапаў. Спачатку педагогам прапаноўваюцца тэставыя заданні на веданне нарматыўнай прававой базы. Далей — пісьмовая частка, падчас якой педагог занатоўвае, як ён разумее пытанні, што тычацца зместу яго дзейнасці, раскрывае методыку сваёй работы. Трэці этап — прадстаўленне ўласнага вопыту і чацвёрты — мадэляванне эпізоду, часткі сваёй дзейнасці, падмацаванай педагагічнымі прыкладамі з выкарыстаннем належнай тэрміналогіі. Такая напаўняльнасць экзаменаў для педагогаў-дашкольнікаў ідэнтычна зместу атэстацыйных экзаменаў для настаўнікаў школ.
Каб вырасціць сапраўднага прафесіянала, трэба пачынаць з першых яго крокаў у прафесію. Важна, каб з самага прыходу ва ўстанову дашкольнай адукацыі педагог сістэматычна займаўся самаадукацыяй і самаразвіццём. Маладым спецыялістам і метадыстам можна параіць пазнаёміцца з дапаможнікам (у трох частках) “Шматузроўневая праграма фарміравання прафесійнай кампетэнтнасці выхавальнікаў дашкольнай адукацыі”, які ёсць на сайце Акадэміі.
Па заданні Міністэрства адукацыі кафедрай дашкольнай адукацыі АПА распрацаваны тэставыя заданні для правядзення выніковай атэстацыі па павышэнні кваліфікацыі педагогаў-дашкольнікаў на ўсіх узроўнях. Яны прайшлі апрабацыю ў АПА і прапанаваны для апрабацыі слухачам ІРА. У найбліжэйшы час выйдуць праграмы для выхавальнікаў, якія павышаюць (пацвярджаюць) кваліфікацыйную катэгорыю і матэрыялы-рэкамендацыі аб тым, як педагогам правільна афармляць напрацоўкі з уласнага вопыту. Плануецца таксама ўвесці новую форму работы з загадчыкамі ўстаноў дашкольнай адукацыі і іх намеснікамі — завочную стажыроўку па распрацоўцы інавацыйных праектаў.
***
Павышэнне сацыяльнага статусу педагогаў вымяраецца не толькі ўзроўнем даходаў. Ёсць і маральныя стымулы. Адзін з іх — удзел педагогаў у конкурсных выпрабаваннях. У новым Палажэнні аб правядзенні рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”, які пройдзе ў 2014 годзе, цяпер выдзелена асобная намінацыя “Выхавальнік дашкольнай адукацыі”. Раней выхавальнікі не даходзілі ў конкурсе далей другога этапу, яны не вытрымлівалі спаборніцтва з настаўнікамі.
Удзельнікі круглага стала абмеркавалі таксама пытанні ўдасканалення якасці адукацыйнага працэсу на аснове выкарыстання сучасных методык і адукацыйных тэхналогій, навукова-метадычнага суправаджэння выхавальнікаў у арганізацыі адукацыйнага працэсу на беларускай мове, рэалізацыі адукацыйных паслуг звыш зместу вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі і іншыя актуальныя тэмы.

Надзея ЦЕРАХАВА.