Дашкольная адукацыя

Па ацэнках міжнародных экспертаў, наша краіна ўкладвае значныя інвестыцыі ў сістэму дашкольнай адукацыі — 1,1% ад валавога ўнутранага прадукту. Гэты паказчык з’яўляецца адным з самых высокіх у Еўропе і Паўночнай Амерыцы: Данія — 1,3%, Францыя — 1%, Швецыя — 1%, Нарвегія —  0,8%, ЗША — 0,35%, Канада — 0,2%.

Развіваецца шматфункцыянальная сетка ўстаноў дашкольнай адукацыі з улікам патрэб бацькоў (функцыянуюць 3798 устаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйную праграму дашкольнай адукацыі, у тым ліку з розным рэжымам працы (ад 2 да 7 гадзін, 10,5 гадзіны, 12 гадзін, 24 гадзіны).

У краіне прыняты і дзейнічае План мерапрыемстваў па забеспячэнні даступнасці дашкольнай адукацыі на 2015—2020 гады. У адпаведнасці з планам, за 2017—2019 гады ўве­дзена ў эксплуатацыю 35 устаноў дашкольнай адукацыі (з іх у 2019 годзе — 8) на 6885 месцаў, што ў комплексе з іншымі мерапрыемствамі дазволіла стварыць каля 24 тысяч дадатковых месцаў для дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту. Больш чым на 10 тысяч вырасла коль­касць дзяцей, якія наведваюць установы дашкольнай адукацыі (436,6 тысячы выхаванцаў).

Ствараюцца групы кароткачасовага знаходжання (ад 2 да 7 гадзін): сезонныя пляцоўкі, пляцоўкі для гульняў, адаптацыйныя, прагулачныя і вячэрнія групы, групы выхаднога дня, сямейныя дзіцячыя сады, “матчыны школы”, па падрыхтоўцы да школы і інш. У 2019/2020 навучальным годзе створана 5648 такіх груп для 48 023 выхаванцаў.

Арганізаваны падвоз 12 607 выхаванцаў да ўстаноў дашкольнай адукацыі.

У выніку прынятых мер павялічыўся на 7,8% ахоп дзяцей ва ўзросце ад 1 года да 6 гадоў установамі дашкольнай адукацыі (2019 год — 83,6%, 2018 год — 79,5%, 2017 год — 75,8%). А ахоп дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў установамі дашкольнай адукацыі складае 98,3%.

Нарматыў ахопу дзяцей 5-гадовага ўзросту падрыхтоўкай да навучання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі выконваецца ў 100-працэнтным аб’ёме ва ўсіх абласцях і Мінску, што забяспечвае роўныя стартавыя магчымасці для прадстаўнікоў усіх сацыяльных груп беларускага грамадства.

Знізілася колькасць дзён, прапушчаных адным дзіцем па хваробе на працягу года (2019 год — 4,1 дня, 2018 год — 4,7, 2017 год — 5,1).

Павысіўся якасны склад педагагічных калектываў устаноў дашкольнай адукацыі. Адукацыйны працэс забяспечваюць 56,9 тысячы педагагічных работнікаў, з іх з вышэйшай адукацыяй — 64,6%, з адукацыяй па кірунку “Педагогіка дзяцінства” — 53,8%. Педагагічных работнікаў, якія маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, — 56%.

Зацверджаны адукацыйны стандарт дашкольнай адукацыі. Абнавілася вучэбная праграма дашкольнай адукацыі. З мэтай рэалізацыі абноўленага зместу вучэбнай праграмы зацверджаны тыпавы вучэбны план дашкольнай адукацыі.

На аснове вынікаў фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў ажыццяўляецца навукова-метадычнае забеспячэнне дашкольнай адукацыі. Штогод для гэтага выпускаюцца вучэбныя выданні, афіцыйна зацверджаныя або дапушчаныя ў якасці адпаведнага віду вучэбнага выдання Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, навукова-метадычнай установай “Нацыянальны інстытут адукацыі” Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Усе вучэбныя выданні для ўстаноў дашкольнай адукацыі выдаюцца на дзвюх дзяржаўных мовах Рэспублікі Беларусь.

Захаваны меры сацыяльнай абароны выхаванцаў у частцы прадастаўлення дыферэнцыраваных ільгот для асобных катэгорый грамадзян пры аплаце харчавання (зніжэнне на 30 або 50%, вызваленне іх ад аплаты) і карыстання падручнікамі і (або) вучэбнымі дапаможнікамі (зніжэнне на 50% або вызваленне ад аплаты).