У Казялужскім дзіцячым садзе Хойніцкага раёна рэалізуецца праграма “Лета — дзівосны час”. Яна аб’яднала юных захавальнікаў народных традыцый і абаронцаў прыроды. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Як расказала загадчыца дзіцячага сада Святлана Кундас, у гэтай установе на працягу многіх гадоў асаблівая ўвага ўдзяляецца адраджэнню традыцый продкаў. У прыватнасці, тут святкуюцца галоўныя святы народнага календара. Каляды ўжо даўно выйшлі за межы Казялужжа. Маленькіх калядоўшчыкаў з мядзведзем, казой, зоркай, песнямі і танцамі кожны год чакаюць у райвыканкаме, у раённым Савеце дэпутатаў, у банку і іншых установах, каб пачаставаць ласункамі і ўручыць падарункі. Шырока святкуецца ў садзе і Масленіца — з блінцамі і самаварам, са спартыўнымі забавамі, песнямі і танцамі. Разам з бацькамі і выхавальнікамі дзеці спальваюць чучала, загадваюць жаданні. Заўсёды ярка святкуюць і Вялікдзень. На Купалле гэтым разам дзяўчаткі і хлопчыкі па традыцыі сплялі вянкі, пускалі іх па вадзе, скакалі праз імітаванае вогнішча, спявалі народныя песні і вадзілі карагоды. Напрыканцы ліпеня для іх пройдзе вялікае спартыўнае свята, у сярэдзіне жніўня — музычна-спартыўныя забавы, а напрыканцы месяца будуць падведзены вынікі ўсёй летняй работы: дзеці прадставяць свае самыя яркія творчыя нумары.
Акрамя захавання абрадавых традыцый, калектыў установы стараецца берагчы і родную прыроду. У канцы мінулага года ў садзе было створана дашкольнае лясніцтва “Зялёны свет”, і цяпер яго дзейнасць удала пераплялася з летняй праграмай. Клопат малышоў пра родную прыроду прасочваецца і ў іх творчасці. Напрыклад, напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей у Хойніцкім гарадскім доме культуры адбыўся фестываль дзіцячай творчасці навучэнцаў дашкольнага ўзросту “Які цудоўны гэты свет!”. Казялужскія “лесавічкі” прадставілі на ім сваю песню “Мы хочам, каб птушкі спявалі” і танец “Мары”. У межах летняй праграмы іх аб’ядналі забаўляльна-пазнавальныя мерапрыемствы “Крот-кроцік”, “Царства кветак”, “Матылькі, жукі і кветкі”, “Каля ляснога возера”, “Эстафета насякомых”, “Вітаміннае свята”. Хутка яны прымуць удзел у забавах “Падарожжа па лясной сцежцы”, “Чароўны рамонак”, “Пчолка жу-жу” і інш.
Дашкольнікі клапоцяцца пра прыроду і на практыцы. Святлана Рыгораўна адзначае:
— Берагчы прыроду, птушак, родныя лясы мы вучым дзяцей пастаянна. Напрыклад, яны змалку ведаюць, што ў лесе нельга пакідаць пасля сябе смецце, нельга шумець, бо можна напужаць звяроў і птушак. А лясніцтва мы стварылі, каб не толькі ў тэорыі, але і на практыцы ў дзяцей было шмат магчымасцей клапаціцца пра прыроду. Так, нашы дзеці ходзяць на экскурсіі ў Казялужскае лясніцтва пад кіраўніцтвам яго супрацоўнікаў, вучацца правільна карміць птушак, збіраюць смецце. Сёлета сумесна з імі, а таксама з дэпутатамі раённага Савета дэпутатаў і іншымі ганаровымі гасцямі нашы дзеці заклалі памятную алею туй і алею міру. У жніўні мы паедзем у Хойніцкі лясгас, каб азнаёміцца з гадавальнікам, паглядзім, як там вырошчваюць елкі, пальём маладыя пасадкі.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА, відэа аўтара