Дасканалы настаўнік

Настаўнік фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 1 Клімавіч Сяргей Мікалаевіч Яноўскі належыць да тых педагогаў, якія сумяшчаюць у сабе незвычайную любоў да дзяцей, велізарны аб’ём ведаў па сваім прадмеце і яго методыцы, а таксама творчае, душэўнае стаўленне да навучання. Пра такіх людзей кажуць, што яны працуюць з агеньчыкам, аддаючы справе ўсяго сябе. Педагагічнае майстэрства Сяргея Мікалаевіча немагчыма ацаніць ніякім разрадам i квалiфiкацыяй. Такіх педагогаў называюць проста — дасканалы настаўнік.

Яшчэ ў далёкім 1994 годзе пасля заканчэння акадэміі фізічнага выхавання і спорту Сяргей Мікалаевіч прыйшоў у Клімавіцкі аграрны каледж выкладаць фізічную культуру і здароўе, а з 2000 года стаў працаваць у роднай школе, якую скончыў у свой час з залатым медалём. Аб сваіх першых кроках у педагогіцы калега ўспамінае сур’ёзна, але не без усмешкі. Кажа, у калектыў уліўся адразу. Хваляваўся, урокі вёў строга па загадзя складзеным плане. Будучы маладым педагогам, ніколі не шукаў спакойнага жыцця: заўсёды быў сярод тых, хто імкнуўся да навізны ў працы, да пазітыўных змен у дзейнасці школы.

Сяргей Мікалаевіч дасягнуў вялікіх поспехаў у працы: падрыхтаваў восем майстроў спорту і майстра спорту міжнароднага класа. Выпускніца нашай школы Настасся Родзькіна з’яўляецца бронзавым прызёрам Кубка Еўропы па спартыўнай хадзьбе. Дзякуючы свайму першаму трэнеру, вялікіх поспехаў у спорце дасягнула Хрысціна Ціманоўская. Яна стала майстрам спорту міжнароднага класа і сярэбраным прызёрам маладзёжнага чэмпіянату Еўропы, а ў Германіі ўстанавіла маладзёжны рэкорд Беларусі ў бегу на 100 метраў. Сёння яна лепшы спрынтар Рэспублікі Беларусь. У майстра спорту Таццяны Сцефаненка — першае месца ў камандным першынстве Еўропы ў бегу на 10 тысяч метраў. Былыя навучэнцы Сяргея Мікалаевіча выкарыстоўваюць настаўніцкі талент свайго першага трэнера, і гэта дапамагае ім у дасягненні такіх высокіх вынікаў.

Педагагічная ніва стала для Сяргея Мікалаевіча справай усяго жыцця. У калідоры школы, які вядзе ў спартзалу, размешчаны стэнды з граматамі, дыпломамі, фатаграфіямі лепшых спартсменаў школы. Дзякуючы таленавітаму педагогу, гэтыя стэнды рэгулярна абнаўляюцца і папаўняюцца.

Навучэнцы школы пад кіраўніцтвам Сяргея Мікалаевіча прымаюць удзел у абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах, па выніках якіх часта становяцца прызёрамі. У першынств­е рэспублікі па лёгкай атлетыцы 1-е месца заняў Арсеній Котаў, дыпломамі ІІІ ступені ўзнагароджаны Дар’я Ласікова і Яўген Кавалёў. За час працы ў школе педагог падрыхтаваў і перадаў у Магілёўскае вучылішча алімпійскага рэзерву 26 навучэнцаў. За гэтымі выдатнымі дасягненнямі стаіць велізарная праца настаўніка-трэнера.

Прыцягваючы дзяцей да заняткаў спортам, С.М.Яноўскі і сам праяўляе спартыўную актыўнасць па-за ўрокамі. На трэніроўках і ў спартыўных секцыях ён займаецца разам з дзецьмі, што з’яўляецца прыкладам для выхаванцаў, а таксама ўзмацняе жаданне займацца спортам, бо настаўнік для навучэнца — гэта ўзор, ідэал. Разумны, таленавіты педагог вучыцца ўсё жыццё разам са сваімі выхаванцамі. Па словах Максіма Горкага, у душы кожнага дзіцяці ёсць нябачныя струны, і калі крануць іх умелай рукой, то яны прыгожа загучаць. Гэтыя струны навучыўся знаходзіць у дзецях і мой калега. Ён аддае ім сэрца і душу, не шкадуючы часу.

Хочацца адзначыць, што Сяргей Мікалаевіч шматразова быў узнагароджаны дыпломамі розных узроўняў, на працягу апошніх пяці гадоў з’яўляецца пераможцам і прызёрам у намінацыі “Лепшы трэнер года”, а ў 2017 годзе за значны асабісты ўклад у развіццё фізічнай культуры і спорту ў Рэспубліцы Беларусь узнагароджаны падзякай Міністэрства спорту і турызму. Па выніках 2017 года наша школа заняла другое месца ў раёне па спартыўнай дзейнасці. І тут таксама значны ўклад зрабіў настаўнік С.М.Яноўскі.

Працаваць з такім калегам лёгка і цікава. Ён не проста зараджае энергіяй, а дае каласальны зарад бадзёрасці. Гэта не проста чалавек, не проста настаўнік — гэта рознабаковая творчая асоба. Яго пазітыўны погляд на свет захапляе, імкненне да лепшага выклікае павагу. Гледзячы на дзейнасц­ь Сяргея Мікалаевіча, таксама хочацца ісці наперад. Няма такой справы, за якую ён не змог бы ўзяцца. Бесперапыннае павышэнне кваліфікацыі, засваенне новых тэхналогій, распаўсюджванне вопыту — і ўсё гэта, вядома, не дзеля славы, а дзеля сваіх любімых вучняў.

Час ідзе, школа мяняецца, але такія настаўнікі, як Сяргей Мікалаевіч, патрэбны менавіта сёння, у час адукацыйных рэформ. Безумоўна, сувязь вопыту, мудрасці і дабрыні і ёсць тое, што ўратуе свет педагогікі. У размовах С.М.Яноўскі часта адзначае, што іншага лёсу для сябе не ўяўляе. Вельмі хочацца, каб ён працягваў заставацца любімым настаўнікам, трымаў актыўную жыццёвую пазіцыю і заўсёды крочыў у нагу з часам.

Максім АЎЧЫННІКАЎ,
настаўнік фізічнай культуры і спорту сярэдняй школы № 1 Клімавіч.