Даследавалі герб малой радзімы

Творчы адукацыйны праект “Фестываль культур, альбо Культурныя таямніцы Гродзенскага рэгіёна”, які на працягу гэтага навучальнага года рэалізоўваецца ў нашай школе, накіраваны на тое, каб праз розныя формы выхаваўчай дзейнасці наблізіць вучняў школы — маленькіх жыхароў каралеўскага горада Гродна — да гісторыі і культуры Гродзеншчыны, пазнаёміць з тымі, хто сваім жыццём і дзейнасцю праславіў наш горад.

З чаго пачаць знаёмства з малой радзімай? Напрыклад, з герба горада. Герб — гэта сімвал, у якім схаваны гісторыя і легенды. Гродна, ці Гародня, як даўней называўся наш горад, таксама мае свае легенды. Адна з іх звязана са святым Губертам, заступнікам паляўнічых, і аленем з залатым крыжам паміж рагоў. Герб горада з выявай аленя святога Губерта вядомы з XVI стагоддзя. Міні-праект “Горад пад знакам святога Губерта” — цалкам самастойны шматпланавы праект, мэтай якога з’яўлялася фарміраванне пачуцця патрыятызму і любові да роднага горада сродкамі краязнаўчай, тэатральнай і мастацкай дзейнасці. Праект скіраваны на вучняў I—II ступені, якія вывучалі і даследавалі герб Гродна, яго паходжанне і сімволіку.
Вынікам праекта сталі выставы малюнкаў і фотаздымкаў, сачыненні, прэзентацыі і матэрыялы да інфармацыйных гадзін.
Цікавым сродкам папулярызацыі гістарычных падзей з’яўляецца тэатр “Батлейка”. На першым этапе праекта вучні 1—5 класаў паглядзелі адаптаваную гісторыю святога Губерта ў выкананні супрацоўнікаў Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея. Візуальныя дадаткі ў выглядзе прэзентацыі і светлавых спецэфектаў дапоўнілі ўражанні. Дзеці даведаліся аб тым, што спачатку заступнік Гродна быў багатым чалавекам, вёў разгульнае жыццё пры каралеўскіх дварах, вельмі любіў паляванне. Але аднойчы на паляванні Губерт напаткаў аленя з крыжам, які зіхацеў паміж рагоў. Моцна ўражаны ўбачаным, Губерт раздаў усю сваю маёмасць бедным і стаў святаром. За сваю духоўную дзейнасць Губерт быў узведзены ў ранг святых, а з X стагоддзя лічыцца заступнікам паляўнічых і жывёл, асабліва сабак.
У другой, практычнай, частцы праекта дзеці, некаторыя разам з бацькамі, з задавальненнем стваралі ілюстрацыі да легенды аб алені святога Губерта, малявалі герб Гродна. Засваенне ведаў праз творчую работу праходзіць хутчэй і спрыяе развіццю эмацыянальнай сферы асобы дзіцяці, асабліва ў малодшым узросце. Але старэйшым дзецям патрэбна ўжо крыху больш, таму на трэцім этапе праекта вучні 4-х класаў больш змястоўна даведаліся пра гісторыю роднага горада, прыняўшы ўдзел у экскурсіі па старой частцы Гродна.
Фарміраванне цікавасці да гісторыі пачынаецца з малога, напрыклад, з такіх міні-праектаў. І так, крок за крокам, нітачка за нітачкай, завяжацца клубочак ведаў, уражанняў, пазітыўных эмоцый, якія будуць звязаны з малой радзімай.

Вольга ПЕРАГІНЕЦ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
сярэдняй школы № 36 з польскай мовай навучання Гродна.