Даследавалі родныя мясціны

- 9:50Навіны рэгіёнаў

Ва ўстановах адукацыі Магілёўскай вобласці завяршаюць першы этап рэалізацыі маштабнага абласнога праекта #Мая_Зямля_ Прыдняпроўе. 

— Гэта ініцыятыва доўгатэрміновая і накіравана на далучэнне падрастаючага пакалення да вывучэння ўнікальнай сацыякультурнай спадчыны Прыдняпроўскага краю. Прычым мы ставілі перад сабой задачу максімальна масава далучыць да яе дзяцей і педагогаў. У літаральным сэнсе ў рэалізацыі праекта ўдзельнічае кожная навучальная ўстанова Магілёўшчыны. Сваю малую радзіму вывучаюць дашкольнікі, навучэнцы агульнай сярэдняй, дадатковай, прафесійнай адукацыі, — паведаміла начальнік аддзела выхаваўчых сістэм і тэхналогій Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі І.К.Мулерава.

На першым этапе праекта навучальныя ўстановы стваралі інтэрактыўныя карты сваёй мікразоны. Задача перад усімі стаяла адна — вывучыць і нанесці на карту найбольш знакавыя сацыякультурныя аб’екты, што знаходзяцца вакол установы. Але да яе выканання педагагічныя і вучнёўскія калектывы рэгіёна падышлі па-рознаму. 

— Для таго каб зацікавіць культурна-пазнавальнай і даследчай дзейнасцю як мага большую колькасць вучняў, кожная ўстанова адукацыі выбірала розныя формы работы па вывучэнні знакавых аб’ектаў роднага краю. У навучальных установах праходзілі розныя конкурсы, экскурсіі, краязнаўчыя квесты, квізы, віктарыны, гульні-падарожжы. Напрыклад, у Эсьмонскім вучэбна-педагагічным комплексе Бялыніцкага раёна толькі па вывучэнні аднаго аб’екта — капішча багіні Мажаны, або заазерскага Стоўнхэнджа, — правялі восем мерапрыемстваў. Педагогі арганізавалі для вучняў квест “Абрады, якія здзяйснялі на капішчы”, квіз “Тапанімічная гісторыя капішча багіні Мажаны”, творчы марафон “Ведаем самі і вам раскажам”, урок-даследаванне “Каменныя статуі”, круглы стол “Знакі і сімвалы язычніцкай міфалогіі і веры”, экскурсію ў музей школы “Загадкі роднага краю”. Такім чынам, да вывучэння аб’екта змаглі далучыцца абсалютна ўсе навучэнцы, пачынаючы ад першакласнікаў і заканчваючы адзінаццацікласнікамі. У Кіраўскім раёне ў мэтах аб’яднання ўдзельнікаў праекта і стварэння адзінага інфармацыйнага поля ў рамках яго рэалізацыі стварылі Instagram-акаўнт пад назвай “Кіраўшчына родная мая”. У Чэрыкаўскім раёне правялі акцыю “Захавальнікі памяці”, у ходзе якой навучэнцы вывучалі школьныя музеі. У Касцюковіцкім раёне ва ўсіх навучальных установах стварылі стэнды, дзе размясцілі звесткі аб адметнасцях сваёй мікразоны, — расказала намеснік дырэктара Абласнога цэнтра творчасці па турыстычна-краязнаўчым напрамку Н.М.Стральцова. 

Па яе словах, з творчым падыходам да рэалізацыі праекта падышоў і калектыў Абласнога цэнтра творчасці. Каб уключыць у праект навучэнцаў, ва ўстанове арганізавалі конкурс “Вандроўка ў мінулае”. Вывучаць малую радзіму дзеці зноў маглі ў розных формах. Разам з педагогамі навучэнцы ўдзельнічалі ў тэматычных экскурсіях па Магілёве, майстар-класах, музейна-педагагічных занятках, даследавалі аб’екты гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны, сістэматызавалі і аналізавалі сабраны матэрыял. Вынікі сваіх даследаванняў навучэнцы прадстаўлялі ў розных конкурсных намінацыях: “Я адкрываю Магілёў”, “Малая радзіма на старых фотаздымках”, “Паштоўка”, “Прырода Магілёва”, “Тры пажаданні Магілёву”, “Вуліца, на якой я жыву”, “Магілёў у загадках”. Стаць удзельнікамі конкурсу маглі навучальныя ўстановы любога профілю з усяго рэгіёна.

Да канца красавіка ўсе ўдзельнікі праекта павінны завяршыць пачатую работу. Пакуль вучні і педагогі яшчэ працягваюць дасканала вывучаць кожны знакавы аб’ект сваёй мікразоны і паэтапна наносіць іх на інтэрактыўныя карты. Пасля гэтыя карты стануць асновай створаных установамі ўласных экскурсійна-турыстычных маршрутаў. 

— Першы этап ажыццяўлення праекта #Мая_Зямля_Прыдняпроўе дазволіць дзецям вывучыць асаблівасці сваіх родных мясцін праз тыя знакавыя аб’екты, якія акружаюць іх у штодзённым жыцці. У маі мы плануем падвесці прамежкавыя вынікі гэтай дзейнасці. Наступным этапам стане конкурс “Раён расчыняе дзверы”. Уся сабраная ўдзельнікамі інфармацыя будзе сістэматызавана раённымі аддзеламі па адукацыі. І да канца бягучага года па створаных навучальнымі ўстановамі турыстычных маршрутах будуць арганізоўвацца наведванні дзецьмі знакавых славутасцей Магілёўшчыны. Адным словам, навучэнцы будуць прыходзіць ці ездзіць адно да аднаго ў госці. Гэта дазволіць хлопчыкам і дзяўчынкам дэталёва вывучыць наш Прыдняпроўскі край, — адзначыла І.К.Мулерава.

— Ажыццяўленнем праекта #Мая_Зямля_Прыдняпроўе мы імкнёмся яшчэ і да таго, каб дзеці не толькі вывучалі, але і аддана палюбілі сваю Радзіму. Сталі не толькі краязнаўцамі, а і своеасаблівымі краялюбамі, сапраўднымі патрыётамі, — падкрэсліла Н.М.Стральцова.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытутам развіцця адукацыі.