Даследаванне як стыль жыцця

У БДПУ імя Максіма Танка прайшла лекцыя доктара педагагічных і псіхалагічных навук, прафесара, дырэктара Інстытута педагогікі і псіхалогіі адукацыі Маскоўскага гарадскога педагагічнага ўніверсітэта Аляксандра Ільіча Савенкава. Тэма лекцыі — “Псіхалогія даследчых паводзін дзіцяці”. Імя гэтага вучонага добра ведаюць у многіх краінах свету. А.І.Савенкаў з’яўляецца і старшынёй журы Усерасійскага конкурсу даследчых работ і творчых праектаў дашкольнікаў і малодшых школьнікаў “Я даследчык”. Конкурс стартаваў у 2005 годзе. У ім, дарэчы, прымаюць удзел і дзеці з Беларусі. У нашай краіне праводзіцца Мінскі абласны фестываль работ даследчага характару дзяцей дашкольнага ўзросту (ад 5 да 7 гадоў) і малодшых школьнікаў “Я — даследчык”.

Мысліць эфектыўна

— Чаму пытанні даследчага і праектнага навучання сталі сёння надзвычай актуальнымі? — пачаў сваю лекцыю Аляксандр Ільіч. — Таму што свет, у якім мы жывём, настолькі дынамічны, што карыстацца тымі стэрэатыпамі, якія назапасілі продкі, ужо немагчыма. На вачах старэюць нават тыя ўстаноўкі, якія мы пастаянна выпрацоўваем самі. Жыццё мяняецца настолькі хутка, што мы часта не паспяваем рэагаваць на гэтыя перамены.
Мама адной маленькай дзяўчынкі, якой даводзілася назіраць за заняткамі па развіцці даследчых паводзін дзяцей у садах і пачатковых школах, спытала ў мяне: “Вы што, хочаце, каб усе нашы дзеці сталі кандыдатамі і дактарамі навук?” Я адказаў ёй: “Я хачу, каб дзеці навучыліся выжываць у свеце, які пастаянна мяняецца”. Каб добра жыць у ім, неабходна навучыцца адэкватна ўспрымаць інфармацыю, якая паступае, правільна яе апрацоўваць і рабіць дакладныя высновы.
Чалавек можа мысліць эфектыўна і не эфектыўна. Той, хто мысліць не эфектыўна, сутыкнуўшыся з праблемай, чакае гатовае рашэнне або прымае яго самастойна і неабдумана. Так у некаторых выпадках робяць сацыёлагі. Яны спыняюць людзей на вуліцы, задаюць ім пытанні, накшталт, чаму адбылася тая ці іншая з’ява або падзея? Ці наблізяцца яны такім чынам да ісціны?
Той, хто мысліць эфектыўна, пры ўзнікненні праблемнай сітуацыі вывучае яе, праводзіць даследаванне і толькі пасля робіць высновы. Даследчыя здольнасці патрэбны не толькі вучоным. Хатнім гаспадыням, напрыклад, пры пакупцы прадуктаў таксама трэба больш думаць і не давярацца рэкламе. Зрабіць правільны выбар ім дапамогуць менавіта асабістыя даследчыя здольнасці.
Даследчы інтарэс — неабходная частка нашага штодзённага жыцця і складнік любой прафесійнай дзейнасці. Без умення даследаваць немагчыма годна выходзіць з цяжкіх сітуацый. Вядома, у дзяцей больш ярка, больш натуральна і моцна праяўляюцца даследчыя паводзіны. Гэта прадвызначана біялагічна. Мы бачым, як лёгка дзеці ўпісваюцца ў сучасны тэхнагенны кантэкст. Яны без асаблівых намаганняў асвойваюць планшэты, тэлефоны і іншую тэхніку, і як цяжка гэта даецца іх бабулям. Для сённяшняга школьніка і студэнта настаўнік і выкладчык ужо не з’яўляюцца манапалістамі, якія валодаюць правільнай думкай. Мадэлі, напрацоўкі і жыццёвыя стэрэатыпы пажылых людзей сучасная моладзь прымае неахвотна, яна не можа сёння карыстацца імі ў штодзённым жыцці.

Даследчы рэфлекс “Што такое?”

— Усю разнастайнасць рэагавання як людзей, так і жывёл на сітуацыю можна вызначыць двума паняццямі: “аўтаматычнае рэагаванне” і “пошукавая актыўнасць”, — гаворыць Аляксандр Ільіч. — У кожнага жывога арганізма — ці гэта плоскі чарвяк, ці чалавек — ёсць набор безумоўных рэфлексаў. Пры ўваходзе ў цёмны пакой нашы зрэнкі аўтаматычна расшыраюцца, мы нават не заўважаем гэтага. І такіх рэфлексаў у нас шмат. Усе ўмоўныя, безумоўныя рэфлексы і стэрэатыпы ў стандартнай сітуацыі даюць адпачыць нашаму мозгу. Ён пры гэтым эканоміць свае сілы і энергію. Сутыкнуўшыся з незвычайнай сітуацыяй і праблемай, якую раней не вырашалі, мы праяўляем пошукавую актыўнасць, дэманструем свае даследчыя паводзіны.
Разгледзім, як рэагуюць на нестандартныя сітуацыі прадстаўнікі жывёльнага свету. Малпы, якія жывуць на Японскіх астравах, любяць ласавацца бананамі, асабліва спелымі, якія самі падаюць з дрэва. Калі бананы трапляюць у пясок, пагадзіцеся, есці іх непрыемна. І малпы мыюць іх у салёнай вадзе. Толькі адны вучацца гэтаму самі, шляхам уласных эмпірычных дзеянняў, а іншыя падгледзелі за імі і перанялі звычку.
Паказальны прыклад і з чайкамі, якія харчуюцца малюскамі. Яны навучыліся разбіваць ракавіны без лішніх намаганняў: птушкі кідаюць іх на дарогу, пад коламі машын ракавіны трушчацца — яда для чаек гатова. Хто ж разумнейшы — чайка, якая ўпершыню вынайшла такі спосаб, або тая, якая стала паўтараць за “вынаходніцай”?
Скажу некалькі слоў пра лабараторныя эксперыменты. Як вядома, паняцце “рэфлекс” у псіхалогію ўвёў акадэмік І.П.Паўлаў. Ён жа адкрыў і “даследчы рэфлекс”, які атрымаў назву “Што такое?”. Вучоны пацвердзіў, што пошукавая актыўнасць — гэта біялагічна прадвызначаная ўласцівасць, такая ж як дыхаць, піць, есці. Яна не адносіцца да ліку набытых, яна даецца ад нараджэння. Доказ гэтага — вынікі доследу з пацукамі. Для іх стварылі сапраўдны рай, змясцілі ў вялікі пакой, дзе было ўсё для задавальнення іх патрэб. У пакоі зрабілі невялікую адтуліну, у якую зусім не патрабавалася лезці, тым больш што гэта было небяспечна. Але не знайшлося ніводнага пацука, які б ні засунуў туды свой цікаўны нос. Калі правесці паралелі з чалавекам, можна зрабіць выснову: нават калі ў нас усё ёсць, усё роўна чагосьці яшчэ хочацца.
З канца 80-х гадоў разам са сваёй навуковай групай я займаюся даследчай і праектнай дзейнасцю з дашкольнікамі і малодшымі школьнікамі. І аднойчы мяне ўпікнулі сур’ёзныя людзі — прафесары з маскоўскага ўніверсітэта: чаму я называю дзяцей даследчыкамі? Даследчыкі ў іх разуменні — гэта ў першую чаргу людзі навукі. Я прапанаваў ім пачытаць заапсіхалогію, дзе напісана, што даследчыя паводзіны праяўляюць і шчаняты, і лісяняты, і кацяняты, і мышаняты. А дзецям, як кажуць, і звыш дадзена. Зразумела, даследчыя паводзіны людзей і жывёл карэнным чынам адрозніваюцца.
Чым больш псіхічна развіты арганізм, тым вышэйшы ўзровень развіцця яго даследчых паводзін. У жывёл цікаўнасць ніколі не перарастае ў любоў да пазнання. У дзяцей жа пры правільным педагагічным кіраўніцтве цікаўнасць можа ператварыцца ў стойкую пазнавальную патрэбу.
Калісьці Э.Рэзерфорд пры падборы аспірантаў у сваю лабараторыю карыстаўся аптымальным, з яго пункту погляду, прынцыпам. Калі прэтэндэнт, выканаўшы ўступнае заданне, пытаўся, што рабіць далей, яму адмаўлялі ў рабоце. Таго, хто выканаў заданне і сам зразумеў, што яму рабіць далей, прымалі ў лабараторыю.
Як правіла, людзі, схільныя да даследчых паводзін, а значыць і да творчасці, выбіраюць тыя прафесіі, якія патрабуюць самастойных рашэнняў, умення думаць і рызыкаваць. Але такіх людзей, на жаль, меншасць. Большасць жа хоча мець такую работу, дзе не трэба праяўляць інтэлект і крэатыўнасць.

Бачыць тое, што не бачаць іншыя

Даследаванне цесна звязана з паняццем “крэатыўнасць”. І ў Беларусі, і ў Расіі спрабавалі распрацаваць праграмы па навучанні людзей прыёмам, якія дапамогуць ім ствараць нешта новае. Але нічога з гэтага не атрымалася, таму што творчасці нельга навучыць, але яе можна пераняць ад носьбіта, ад іншага чалавека. Калі побач з дзіцем ёсць дарослыя, якія дэманструюць крэатыўныя мадэлі паводзін, то ў крэатыўнасці дзіцяці таксама можна не сумнявацца. Калі дарослы — сапраўдны даследчык, які вывучае свет, імкнецца да адэкватнай ацэнкі ўсёй інфармацыі, якая да яго паступае, то і яго дзіця абавязкова зробіць правільныя высновы і таксама стане творчай асобай.
Даследчая актыўнасць дзіцяці павінна быць рэалізавана. Калі гэтага не адбываецца, то ў яго пачнуць фарміравацца дэструктыўныя паводзіны. На жаль, дарослыя часта перашкаджаюць сваім дзецям у імкненні да даследаванняў. А пасля здзіўляюцца, чаму ў падлеткавым узросце іх дзіця нічым не цікавіцца. Дарослыя і не задумваюцца аб тым, што яшчэ ў маленстве шмат чаго яму забаранялі. Калі малыша змясціць у манеж якраз у той момант, калі ў ім прачнулася прага дзейнасці, то гэта на яго развіццё паўплывае адмоўна. Лепш зрабіць бяспечным асяроддзе вакол дзіцяці і даць волю яго актыўнасці. Малыш падрастае, а ў многіх бацькоў тая ж песня: не лезь туды, цікаўнай Варвары на базары нос адарвалі і г.д. Для кожнага ўзросту ў дарослых свае забароны, таму і дзеці іншы раз вырастаюць пасіўнымі і абыякавымі.
— Я шмат кажу пра даследчыя здольнасці, — падкрэсліў выступоўца. — Што яны сабой уяўляюць? Гэта спалучэнне трох складнікаў: інтэлекту, крэатыўнасці і матывацыі. Яны маюць на ўвазе арыентацыю на задачу, імкненне даведацца пра нешта новае. Што ж такое даследаванне? Дзейнасць ці, можа, творчасць? Савецкі псіхолаг Якаў Аляксандравіч Панамароў далікатна размежаваў гэтыя паняцці. Дзейнасць, лічыць ён, мае галоўны атрыбут — канечную мэту. Аб эфектыўнасці дзейнасці мяркуюць па ступені дасягнення гэтай мэты. Творчасць жа ўтрымлівае элемент выпадковасці. Яе можна назваць пабочным прадуктам дзейнасці. Творцам і першаадкрывальнікам з’яўляецца не той, хто дзейнічае, а той, хто аналізуе пабочныя вынікі сваёй дзейнасці. Часта людзі праходзяць міма тысяч адкрыццяў, з’яў і падзей, але знаходзіцца той, хто звяртае на іх увагу і атрымлівае за іх Нобелеўскую прэмію. Хтосьці ўбачыў тое, што засталося схаваным для іншых.
У той жа час даследаванне можна назваць работай. Каб выканаць яе, трэба мець канкрэтныя навыкі, быць кампетэнтным у пэўных галінах ведаў. Вось, на мой погляд, якасці, якія павінны быць уласцівы любому даследчыку: уменне знаходзіць патрэбную інфармацыю, уменне яе апрацоўваць і прэзентаваць калегам.
Педагог, які працуе з дзецьмі з мэтай развіцця іх даследчых здольнасцей, павінен трансліраваць не толькі гатовыя веды, але і даносіць да дзяцей нават тое, чаго не ведае сам, а калі дакладней, вучыць іх самастойна знаходзіць новую інфармацыю, знаёміць са спосабамі набыцця ведаў. Гэта больш каштоўна, чым звыклае выкладанне прадмета, таму што веды, набытыя праз уласны даследчы пошук, больш трывалыя, чым тыя, якія набыты ў рэжыме пасіўнага ўспрымання.
Што тычыцца даследчай практыкі, то кожнае дзіця незалежна ад таго, падабаецца яно педагогу ці не, лічыцца адораным або з’яўляецца серадняком, мае права і нават абавязана рабіць уласныя праекты і праводзіць даследаванні. Не ўсе дзеці спачатку хочуць удзельнічаць у такой рабоце. І тут вельмі важны трэнінг даследчых здольнасцей дзяцей. Трэба проста і даступна патлумачыць ім пэўныя тэрміны, правесці заняткі па выпрацоўцы ўмення правільна фармуляваць пытанні, выяўляць праблемы, эксперыментаваць, рабіць высновы. На дошцы пішуцца словы “лічым”, “дапусцім”, “а што, калі”, “магчыма” і г.д. Можна спытаць у дзяцей, напрыклад, чаму спяваюць птушкі? Яны будуць адказваць, падглядаючы на першых парах у словы-падказкі. У працэсе апытання памылковыя меркаванні будуць адкінуты, некаторыя адказы стануць гіпотэзай. Калі ж гіпотэза выклікае сумненні, трэба яе дэталёва абмеркаваць.
Пажадана ўжо ў верасні прапанаваць дзецям тэмы для даследаванняў. Выбар тэмы — няпростае пытанне. Папярэдне на канікулы можна даць заданне сабраць калекцыю ракавінак, гузікаў або каменьчыкаў і даследаваць яе. Некаторыя вучні ўжо ў верасні пажадаюць зрабіць даклад аб выніках уласнага даследавання. Для іх можна арганізаваць так званую абарону, на якую запрасіць усіх жадаючых дзяцей і дарослых. Падкрэслю, што мэта абароны — не вызначэнне пераможцаў, а падтрымка даследчых ініцыятыў школьнікаў, развіццё іх ідэй. На абарону кожнага даклада адвесці па 10 хвілін. Тыя дзеці, якія праслухаюць даклады, могуць таксама зацікавіцца даследаваннямі, што надзвычай каштоўна.

Майстар-клас ад майстра

Аляксандр Ільіч пасля лекцыі правёў майстар-клас. З гэтай мэтай запрасіў на сцэну 10 добраахвотнікаў з ліку студэнтаў, якія выканалі ролі дашкольнікаў старшай групы. Вучоны адказваў на ўсе пытанні, якія могуць узнікнуць у педагогаў падчас арганізацыі даследчай дзейнасці з дзецьмі. На першы погляд, гаварыў пра дробязі, але менавіта на іх грунтуецца ўся методыка такой работы: як дзяцей рассадзіць, дзе стаяць самому, што сказаць дзецям, як сябе паводзіць. Даводзіў да дарослых, што не трэба выконваць работу за дзіця і пісаць навуковыя трактаты. Карысці ад гэтага мала. Не трэба канцэнтравацца на вырабе маляўнічых постараў і рабіць аб’ёмныя прэзентацыі, якія, як правіла, дзеці не могуць рабіць самастойна. Важна, каб даследчая цікавасць зыходзіла менавіта ад дзіцяці, а не навязвалася дарослымі. Калі дзіця сапраўды зацікаўлена тэмай, то ёсць і яе разуменне, і даклад яно будзе не чытаць, а расказваць сваімі словамі, і на пытанні журы адкажа без цяжкасцей. Даследчыкам можа стаць нават тое дзіця, якое не ўмее ні пісаць, ні чытаць. Гэта не перашкодзіць яму добра выступіць з дакладам, калі яно прымала актыўны ўдзел у даследаванні.
У дзіцячым садзе даследчая работа праводзіцца ў падгрупах (па 12—15 чалавек). Выхавальнік рассаджвае дзяцей па крузе, каб яны добра бачылі адно аднаго. Затым выбірае сабе памочнікаў — найбольш актыўных, разумных, з развітым маўленнем. І пачынае з самага простага пытання: “Што такое даследаванне?” Можа знайсціся малыш, які адкажа, што даследаваць — значыць даведвацца пра штосьці новае. Калі дзеці не спяшаюцца з адказам, выхавальнік падводзіць іх да такога азначэння. Тэму для даследавання рэкамендуецца выбіраць па картках-карцінках. Пасля расказаць пра спосабы, як даведацца штосьці новае па выбранай тэме: падумаць самім, паназіраць, пачытаць, спытаць у іншых людзей, у тым ліку ў спецыялістаў, правесці эксперымент, зафіксаваць вынік. Такім чынам складаецца план даследавання і праводзіцца пошукавая дзейнасць. Усе этапы дзейнасці занатоўваюцца ў малюнках, схемах, піктаграмах.
Даследаванне — жывы і непрадказальны творчы працэс. Якім будзе вынік — напачатку ніхто не ведае. Уся сабраная інфармацыя сістэматызуецца і агучваецца дзецьмі падчас абароны, прычым са спасылкай на крыніцы: прачыталі ў кнізе, аб гэтым мне сказаў дзядуля, выявілі з дапамогай назірання або эксперымента. Выхавальнік імкнецца заахвоціць дзяцей, якія слухаюць даклад, каб яны задавалі пытанні дакладчыку.
Методыка і алгарытм правядзення даследавання для старэйшых дзяцей выглядае па-іншаму. Падрабязней з методыкай А.І.Савенкава можна пазнаёміцца ў яго навуковых работах.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.