Даследаванні з поглядам у будучыню

- 11:59Навіны рэгіёнаў

Навучыць дзіця здабываць новыя веды можа дапамагчы даследчая дзейнасць, якая стымулюе да новых адкрыццяў. Ва ўстановах адукацыі Мінскай вобласці даследчай дзейнасці ўдзяляецца значная ўвага. А нядаўна адбыўся юбілейны, дваццаты, конкурс даследчых работ навучэнцаў. Сімвалічна, што юбілей выпаў на Год навукі, бо менавіта ў гэтым спаборніцтве дзеці робяць свае першыя маленькія крокі ў вялікую навуку.

У гэтым годзе на абласны конкурс было заяўлена 709 даследчых работ, з якіх эксперты адабралі 231 даследаванне. Яны былі прадстаўлены навучэнцамі на заключным этапе ў 16 секцыях.

— Сістэматычнай арганізацыяй даследчай дзейнасці ў вобласці займаемся даўно, вучым дзяцей праводзіць даследаванні з дашкольнага ўзросту. У абласным конкурсе спаборнічаюць і навучэнцы 5—7 класаў, якія не ўдзельнічаюць у рэспубліканскім этапе, — расказвае Марына Аляксееўна Краснова, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Мінскага абласнога ІРА. — Год ад году работы якасна растуць. Сёння дзеці праводзяць даследаванні не як вучэбныя, а як сапраўдныя навуковыя. Такая дзейнасць уплывае на іх уменне крытычна мысліць, шукаць аргументы, граматна выказваць сваё меркаванне. Гэтыя навыкі будуць карысныя, чым бы дзеці потым ні займаліся.

Сёлета конкурс упершыню праходзіў на трох пляцоўках: у Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, сярэдняй школе № 1 Фаніпаля Дзяржынскага раёна і заслаўскай сярэдняй школе № 1 Мінскага раёна. Некалькі гадоў назад была арганізавана анлайн-трансляцыя работы некаторых секцый, дзякуючы чаму паназіраць за выступленнямі дзяцей маглі ўсе жадаючыя. У гэтым годзе таксама была прадастаўлена такая магчымасць — можна было віртуальна прысутнічаць на абароне конкурсных работ у секцыях “Інфарматыка”, “Матэматыка”, “Чалавек і сучаснае грамадства (грамадазнаўства)”.

Кожны год навучэнцы здзіўляюць журы разнастайнасцю і незвычайнасцю тэм, якія ўзнімаюць у сваіх работах. Так, удзельнікі секцыі “Інфарматыка” Максім Тафейка і Таццяна Русак з сярэдняй школы № 5 Вілейкі знайшлі алгарытмы ў беларускіх народных казках. Не раз навучэнцы пераконвалі журы, што іх малады розум здольны выходзіць за рамкі стандартаў, генерыраваць неверагодныя ідэі і знаходзіць цуды ў штодзённых рэчах. Напрыклад, Настасся Асташанка, навучэнка гімназіі № 7 Маладзечна, вывучала мадэль свету ў рок-паэзіі групы Lumen і знайшла ў ёй працяг рамантычных традыцый рускай літаратуры. Канкурсанты задаваліся надзвычай цікавымі і нестандартнымі пытаннямі і знаходзілі на іх адказы. У прыватнасці, Аліна Мея і Валерыя Крывіцкая з Пухавіцкай сярэдняй школы высвятлялі, чаму бульба, а не рэпа стала традыцыйнай стравай беларусаў. Фантазія хлопцаў і дзяўчат выходзіць далёка за межы зямных спраў: навучэнец Смалявіцкай раённай гімназіі Мікіта Шмялёў разлічваў арбіты касмічных аб’ектаў. Вывучаліся і шматлікія з’явы, якія адбываюцца ў маладзёжным асяроддзі. Напрыклад, Караліна Кавалёва, навучэнка Заслаўскай сярэдняй школы № 1, даведвалася пра асноўныя спосабы вырашэння канфліктаў сярод старшакласнікаў. Часта аб’ектам даследавання станавілася малая радзіма ўдзельнікаў конкурсу: яе мова, традыцыі, культура і гісторыя. Так, мікратапонімы вёскі Морачы і яе наваколля вывучала юная жыхарка гэтай вёскі навучэнка Морацкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Клецкага раёна Ганна Абабурка.

Гэта толькі некаторыя прыклады з мноства найцікавейшых работ юных даследчыкаў.

Вялікай колькасцю і высокай якасцю работ канкурсанты паставілі няпростую задачу перад журы. А пакуль суддзі выносілі сваё рашэнне, дзеці маглі наведаць выставу кніг, медыя- і перыядычных выданняў “Вучуся быць навукоўцам”, прыняць удзел у інтэлектуальнай гульні “Медыяасарці”, паглядзець выступленні творчых калектываў устаноў адукацыі вобласці.

Дыпломамі розных ступеней узнагароджаны 102 работы. Многія навучэнцы атрымалі дыплом не ўпершыню, некаторыя з іх — выхаванцы педагогаў, якія штогод паспяхова рыхтуюць удзельнікаў конкурсу. Сярод такіх педагогаў — А.К.Шабусаў, настаўнік фізікі сярэдняй школы № 1 Смілавіч Чэрвеньскага раёна. Яго вопыт даследчай работы з дзецьмі налічвае больш за 10 гадоў. Анатоль Канстанцінавіч прызнаецца, што хутка заўважае тых навучэнцаў, якія будуць паспяховымі даследчыкамі.

— Калі дзеці толькі пачынаюць займацца фізікай — пішуць кантрольныя, адказваюць вусна, ужо можна заўважыць даследчыка і алімпіядніка. Даследчыку патрэбен не толькі гібкі розум, уменне хутка засвойваць інфармацыю, але і ўменне выступаць, адстойваць свой пункт гледжання. Не кожны можа смела трымацца перад журы, калі там сядзяць прафесары, навукоўцы. Але і даследаванне, і выступленні — гэта каласальны вопыт для дзяцей, які стымулюе іх інтэлектуальнае развіццё. Потым ім прасцей самарэалізоўвацца ў жыцці, такіх адразу заўважаюць ва ўніверсітэтах і інстытутах, ім лягчэй вучыцца.

На дваццатым конкурсе навучэнцы Анатоля Канстанцінавіча Мікіта Драпейка і Ягор Пацалуеў сталі ўладальнікамі дыплома І ступені, а Аляксей Мыцько і Максім Шастак — дыплома ІІІ ступені. Педагог з лёгкасцю дзеліцца прафесійнымі сакрэтамі:

— Мае навучэнцы звычайна працуюць парамі. Яны падтрымліваюць адно аднаго, і выступаць становіцца значна прасцей. Пры гэтым адзін з пары даследчыкаў — старэйшы, другі — малодшы. Малодшы вучыцца ў старэйшага таварыша. Таксама мы ўдзяляем вялікую ўвагу эксперыментальнай частцы работы: як правільна зняць даныя, апрацаваць іх, разлічыць хібнасць. Над гэтым працуем вельмі многа.

Ёсць свае сакрэты поспеху і ў юных даследчыкаў. Так, Ян Шляхаў, навучэнец сярэдняй школы № 11 Слуцка, які стаў уладальнікам дыплома І ступені ў секцыі “Інфарматыка”, лічыць, што ў даследаванні дапаможа толькі шчырая зацікаўленасць прадметам і імкненне пастаянна займацца самаразвіццём.

— Перад тым як вызначыць для сябе тэму даследавання, варта выбраць упадабаны кірунак, раздзел прадмета, паглыбіцца ў яго, вывучыць усебакова. І калі ты будзеш добра разбірацца ў пэўнай сферы — цікавая тэма прыйдзе сама.

Як жа прыемна назіраць за канкурсантамі! Усе яны разумныя, дасведчаныя, неабыякавыя, шчырыя, цікаўныя, мэтанакіраваныя, працавітыя, з шырокім кругаглядам і неардынарным мысленнем. Гледзячы на іх, асабліва радасна ўспамінаць усім вядомы выраз “дзеці — наша будучыня”, бо разумееш, што яны здольны зрабіць так, каб гэтая будучыня была цудоўнай.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.